Вы тут

Аляксей Дудараў: Толькі б не было вайны…


Чаму ён пісаў не раз пра вайну? На гэтае пытанне і сам, колькі займаецца творчасцю, спрабуе адказаць. І не перастае здзіўляцца, як гэта ў яго пісаць, не бачыўшы вайны, атрымліваецца.  І дадае: вайна — вар’яцтва, страшная з’ява, якая супярэчыць самому Жыццю.


Фота Івана ЖДАНОВІЧА

Таму яго жыццесцвярджальныя п’есы як «Радавыя» і «Не пакідай мяне», напісаныя ў розныя гады — не старэюць.

Для тых, хто не ведае: наш госць — Аляксей Дудараў — вядомы ў Беларусі драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, а таксама лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Ён дзеліцца сваімі разважаннямі пра вайну і мір, а таксама пра п’есу «Не пакідай мяне». Са згоды аўтара публікуем яе ў гэтым нумары.

У мяне часам пытаюцца: ці не баюся я, што п’еса «Не пакідай мяне…» састарэе? Па-першае, мне баяцца няма чаго. Па-другое, там і старэць няма чаму. Тэма — вечная. Над модаю. Да таго ж для любога тэатра невялікі акцёрскі састаў — гэта вялікая зручнасць. Што называецца, будзе занятая мабільная група з пяці чалавек. Дарэчы, 15 чэрвеня я разам з Драматычным тэатрам Беларускай Арміі пабываў на сваёй малой радзіме ў Дуброўне, сыграў у аднайменным спектаклі ролю Палкоўніка.

Як вы ведаеце, Святлана Алексіевіч, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры, напісала кнігу «У вайны не жаночы твар». Дык вось, у сувязі з гэтым скажу: у вайны і не жаночы, і не мужчынскі, а тым больш не дзіцячы твар. Але ён, як гэта ні горка: і мужчынскі, і жаночы, і дзіцячы… Хто не верыць, можа схадзіць у наш скверык Марата Казея, што недалёка ад Вялікага тэатра Беларусі, паглядзець на помнік гэтаму няшчаснаму хлопчыку з гранатай… (Марат Казей быў актыўным удзельнікам партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1942 годзе Марат з маці і сястрой пайшоў у партызанскі атрад, стаў разведчыкам і паказаў сябе бясстрашным ваяром. За заслугі перад Айчынай быў узнагароджаны ардэнамі і медалямі. У маі 1944 года Марат трапіў у акружэнне фашыстаў, адстрэльваўся, а калі скончыліся патроны, ён з гранатай у руках ступіў насустрач ворагам. Тады яму было 14 гадоў. У 1956 годзе Марата ўганаравалі званнем Героя Савецкага Саюза пасмяротна. — Аўт.).

Асабіста я, праходзячы там, кожны раз адчуваю боль. І падобна шматлікім беларусам, у якіх пытаюцца, што ж у жыцці для іх галоўнае, адказваю: толькі б не было вайны… І перад тымі, хто таксама так думае, здымаю капялюш… Толькі б не было вайны — гэты заклён і маёй мамы, і таты, і сясцёр, і бабулі… І суседзяў, якія заходзілі ў хату майго дзяцінства. Я добра памятаю, як сядзеў на печы і, раскрыўшы рот, слухаў аповеды пра тое, як яны выжывалі ў час вайны: хто ў акупацыі, хто ў партызанах… Майго бацьку Ануфрыя Дударава прызвалі ў армію ў першыя дні вайны. Ён сустрэў перамогу ў Югаславіі. Вярнуўся ў званні гвардыі старшыны з ордэнам Чырвонага Сцяга на гімнасцёрцы. І той, хто філасофію «толькі б не было вайны» падзяляе, мне — брат! Брат, сястра, да якога б яны не належалі веравызнання, якой бы ні былі нацыянальнасці.

Заўсёды дрыгатліва, са спачуваннем ставіўся да тых, каго вайна апякла. У нейкай меры яна апякла і мяне. Я мог не нарадзіцца. Мог разам з мамай маёй Настассяй і сваімі сёстрамі — Надзяй і Дзінай 1937 і 1941 года нараджэння — мог згарэць у адной з нашых Хатыняў.Мог загінуць з бацькам пад Сталінградам. У Балгарыі, Адэсе, Югаславіі, там, дзе ён ваяваў… Вайна замахвалася і на мяне. Ці толькі на мяне? На многіх…

Любы нармальны чалавек не можа слухаць абыякава, калі спяваюць пра Хатынь «Песняры»…

Не дай Бог, каб хтосьці калісьці выпрабаваў тое, пра што ідзе гаворка і ў маёй п’есе «Не пакідай мяне». Я напісаў яе ў 2004 годзе.

Дзеянне адбываецца ў 1944‑м — гэта пачатак Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён». Франтавік-разведчык капітан Міхасёў атрымлівае пад сваё камандаванне спецразведгрупу з чатырох байцоў для выканання асабліва важнага задання. Ад сустрэчы з байцамі ён у шоку. Перад капітанам — чатыры ўчарашнія школьніцы. Гэта яны павінны быць закінутыя да ворага. Міхасёў хоча адмовіцца ад задання. Але як адмовіцца? Вайна. І ён рыхтуе дзяўчат да яго, разумеючы, што гэта заданне, хутчэй за ўсё, апошняе ў іх жыцці. А дзяўчынкі смяюцца сабе, жартуюць, а то і плачуць. Жывуць сённяшнім днём. Пакуль для іх свеціць сонца — жывуць і мараць. «Я за вас ўсёй Германіі, усім гансам і фрыцам горла перагрызу… Мы выжывем, абавязкова выжывем», — кажа Міхасёў, выпраўляючыся з дзяўчатамі да ворагаў.

Гэтая п’еса не толькі пра страшныя рэаліі вайны. Не толькі пра тое, што было. Яна і пра тое, што магло б быць, калі б не было ваеннага вар’яцтва. Пра шчаслівае, мірнае жыццё, пра няздзейсненае каханне, пра дзяцей, якім не наканавана было нарадзіцца ад годных дзяўчат — юных і прыгожых. П’еса, я ўжо пра гэта не раз казаў, і пра тую мужнасць, якую так цяжка знайсці і выхаваць у сабе, каб быць гатовым пайсці на смерць дзеля жыццяў іншых.

Людскія лёсы настолькі апякла вайна, што па гэты час даты 22 чэрвеня і 9 Мая ўспрымаюцца мною як асабістае гора і асабістая радасць. І ў Дзень вызвалення Беларусі — 3 ліпеня — зноў успамінаю пра свайго бацьку, франтавіка, які быў паранены, кантужаны… І пра тых думаю, хто яшчэ пакуль жывыя. Пра ветэранаў… Іх усё менш каля нас…

Гераіні п’есы — дзяўчынкі, яшчэ дзеці, якія не ведаюць, што такое дарослае жыццё. Яны патрапілі на тэрыторыю ваенных дзеянняў, не разумеючы, што такое вайна. Яны пакуль яшчэ ва ўсё гуляюць. І ў жыццё таксама! Самая з іх старэйшая прыйшла на вайну з любімай цацкай, з пупсікам. Дарэчы, гэты гумовы сабачка — цацка маёй дачкі Алесі. Цяпер дачка ўжо дарослая, гадуюць з мужам майго ўнука. А цацку я ўзяў у яе ў тыя гады, і да гэтага часу яна грае ў спектаклі (у Драматычным тэатры Беларускай Арміі — Аўт.). А калі камандзір Міхасёў, дарослы мужчына, убачыў гэтую цацку ў руках дзяўчыны, то аслупянеў: каго даслалі? Дзяцей, з якімі трэба перамагаць ворага! І ён яго пераможа! Але гэтых, ні ў чым не вінаватых дзяцей, прыйдзецца пакласці. Так, разам з імі, можа, давядзецца і самому загінуць. А дома жонка, сын…

Вайна — гэта вар’яцтва чалавецтва. А вар’яцтва трэба пазбягаць.

Мая п’еса, можна сказаць, ужо ўзроставая. Амаль 15 гадоў прайшло, але яе тэкст у мяне ўсё просяць даслаць, цікавяцца, дзе ўзяць. Я нядаўна вось у Кобрыне ўпершыню пабываў, таксама граў з Тэатрам Арміі Палкоўніка.

Як гаворыцца, ніколі не кажы ніколі… Калі ж напісаў гэтую п’есу, то не мог і падумаць, што яе паставяць у такім выбітным маскоўскім тэатры як Тэатр на Таганцы. Дзе заўгодна, але толькі не ў гэтым тэатры… Я і на прэм’еру туды ездзіў. Узяў з сабой невялікія сувеніры — рэчмяшок, паклаў туды дзве пляшкі, керамічны пісталет і чатыры шакаладкі. Пісталет падарыў дырэктару тэатра, пляшкі — Палкоўніку і Міхасёву, а шакаладкі — актрысам.

Калі я бачу актрыс любога ўзроўню любога тэатра, якія занятыя ў гэтай п’есе, яны становяцца мне роднымі, адразу ж. Незалежна ад якасці пастаноўкі. Я іх усіх люблю. А калі быў на прэм’еры ў Тэатры на Таганцы, то актрысы мяне невымоўна здзівілі. На чыстай беларускай мове ў іх вуснах прагучалі вершы Генадзя Бураўкіна, светлая памяць яму: «Няхай расстання чорная жуда/ Нас не кране сваім агнём халодным./ Не пакідай мяне./ Не пакідай./ Не пакідай/ I сёння,/ I заўсёды». Гаварылі расіяначкі дарэчы, без акцэнту…

Гэтыя вершы выдатнага беларускага паэта і падштурхнулі мяне назваць п’есу «Не пакідай мяне». А першаштуршком да яе стварэння была аповесць «А зоры тут ціхія» Барыса Васільева… Яна мяне ўразіла ў свой час. Але там ужо дарослыя дзяўчаты, не дзеці… А тут дзяўчынкі, паўтаруся. Не цалованыя. Калі я напісаў пра тое, як Бацян пытаецца, ідучы на заданне: «А што, загінуць можам?», то сам сабой адказ лёг на паперу: «Шкада, не цалавалася яшчэ ні з кім…» І калі гэтыя радкі нарадзіліся, у мяне слёзы на рукапіс паліліся… Сам не чакаў, што будзе ў п’есе такі паварот. Гэтая гераіня па задумцы ці ледзь не вулічная дзяўчынка, такі вось міф пра сябе сама яна стварае, маўляў, я ўжо ўсё ў жыцці прайшла, а тут — не цалавалася…

Аднойчы ў Тэатры Арміі на гэтым спектаклі сядзеў я у зале побач з генералам. Памятаю, што ён быў па правую руку ад мяне, такі разумны і прадстаўнічы. Пасля спектакля і кажа, звяртаючыся да мяне: так, разумею, можа яна ў чымсьці мае патрэбу, можа армія ёй чымсьці дапамагчы зможа… Я і пытаюся: каму? А ён мне: Ладысевай, гераіні спектакля. Я кажу: яе ўжо няма. Ён працягвае: так-так, вядома, разумею, узрост… Тлумачу яму: дык яе і не было ніколі… І тут да генерала даходзіць. Дык вы што, кажа, гэта ўсё прыдумалі? І так ён, бедны, абурыўся, як быццам я глупства нейкае выдумаў. А сябра, які таксама ў той дзень быў на спектаклі, мне гаворыць: але ты ж там у п’есе сам кажаш, што Ладысева жыве ў Мінску… Вось генерал і падумаў, што гераіня — жывая…

Думаю, шмат каго з любімых герояў атаясамлялі з рэальнымі людзьмі. Сіла мастацтва апрыёры велізарная.

Адзін з маіх любімых фільмаў «Хроніка пікіруючага бамбавіка», а таксама «У бой ідуць адны старыя». Тэма нібыта і адна, ваенная, але фільмы розныя, акцёры розныя, гісторыі розныя… І асацыяцыі ў людзей розныя. Кожны нешта сваё ўбачыць. Так і з маёй п’есай. І я вельмі рады, што яна запатрабаваная.

Гутарыла Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.