Вы тут

У Гродзенскім раёне прагназуюць зніжэнне нарыхтоўкі лясных грыбоў


Звычайна ў гэты час пачынаецца актыўны збор лісічак. Здатчыкі імкнуцца ў лес, каб зарабіць: першыя лісічкі заўсёды высока цэняцца. Напрыклад, у мінулыя гады за кілаграм плацілі да 10 долараў ЗША. Зараз такога няма. Нават у лісічкавай сталіцы Парэччы — першыя грыбы нарыхтоўшчыкі бяруць па 7—8 рублёў за кілаграм.


Куды вядуць «грыбныя» дарогі

Справа ў тым, што лісічак вельмі мала. Здавалася б, яны павінны цаніцца на вагу золата. Але сітуацыя толькі на першы погляд выглядае парадаксальнай. Для нарыхтоўшчыкаў важны аб'ёмы, таму высокі кошт стымулюе гэтыя аб'ёмы нарошчваць, асабліва калі ў лесе ёсць ураджай. А калі яго няма — тады і кошт 
невысокі.

Гродзенскае абласное спажывецкае таварыства прыём лісічак пакуль не вядзе — прапановы няма. Цана за кілаграм прынята даволі ўмоўная — у памеры пяці рублёў. Яна можа вар'іравацца як у адзін бок, так і ў другі.

— Лісічка любіць вільгаць і цёплыя ночы, цяпла пакуль хапае, а вось вільгаці недастаткова, — кажа начальнік упраўлення нарыхтовак, прамысловай і знешнеэканамічнай дзейнасці Андрэй Стэфановіч. — Калі грыбы пойдуць, нашы прыёмныя пункты будуць прымаць іх без абмежаванняў, як гэта адбывалася ў папярэднія гады.

Аграгарадок Парэчча можна без перабольшвання назваць сталіцай лісічак. Тут кааператары нарыхтоўваюць самыя значныя аб'ёмы, прытым што канкурэнцыю ім складаюць прыватныя прыёмшчыкі ці прадстаўнікі камерцыйных структур. Такія прапановы выгадныя і самім здатчыкам. Яны могуць збыць лясны тавар на месцы. У спрыяльны сезон нарыхтоўшчыкі вывозяць з аграгарадка сотні кілаграмаў лісічак штодзень.

Ціхае паляванне мабілізуе як мясцовых жыхароў, так і гараджан, многія з якіх едуць сюды на прыгараднай электрычцы з самага ранку. Па словах дзяжурнага Парэцкага вакзала, у разгар сезона ўсе 4—5 вагонаў прыходзяць набітыя бітком. Людзі разыходзяцца ў розныя бакі на дзясятак кіламетраў ад аграгарадка, многія вяртаюцца з поўнай тарай лісічак. Мясцовыя робяць па некалькі вылазак на дзень.

110 грамаў за дзень

Выхадныя — самы кіпучы дзень у нарыхтоўшчыкаў. Ля вакзала ў Парэччы на маленькім рынку знаёмлюся з дзвюма жанчынамі — Марынай і Ларысай. Яны займаюцца нарыхтоўкай шмат гадоў — можа, больш за дваццаць. Раней вазілі лісічкі самастойна ў Літву, кажуць, што цэлы вагон загружалі. Пасля таго як граніцу закрылі, сталі працаваць па дагаворы з мясцовымі прыватнымі прадпрыемствамі.

Пачаткам сёлетняга сезона нарыхтоўкі яны не задаволены.

— Хтосьці прынясе 900 грамаў, хтосьці 250, — кажа Марына. — Праўда, было і так, што здавалі па 2 кілаграмы, але вельмі рэдка. Пакуль дзённыя нарыхтоўкі вельмі нязначныя. Добра, калі даходзяць да 7—8 кілаграмаў.

Ларыса прыгадала, што былі гады, калі за дзень можна было закупіць 300—500 кілаграмаў, прычым бралі далёка не ў кожнага, а толькі ў сваіх кліентаў. Цяпер такога няма. Тут рады кожнаму зборшчыку.

На думку Марыны, цана за лісічкі магла быць і большая, але фірмы-пакупнікі дамаўляюцца паміж сабой і ўстанаўліваюць сваю цану. Магчыма, гэта залежыць ад нізкіх аб'ёмаў.

Зніжэнне грыбнога патэнцыялу залежыць і ад сумленнасці грыбнікоў. Часам зборшчыкі ў пагоні за прыбыткам папросту знішчаюць грыбніцу, выдзіраюць яе граблямі ў прамым сэнсе. Тады грыбніца высыхае і больш не пладаносіць.

Калегі Марыны і Ларысы — Алена і Юрый — размясціліся непадалёку. Іх аўто знаходзіцца за некалькі дзясяткаў метраў ад рынку, у цяні бяроз. Праз сотню метраў бачны аўтамабілі яшчэ некалькіх нарыхтоўшчыкаў. Як правіла, усе яны стаяць на сваіх звыклых месцах. Некаторыя ездзяць па навакольных вёсках і там закупляюць грыбы. Усяго ў Парэччы стабільна працуе на закупках каля 10—12 чалавек, паведаміла Алена. Пры сёлетнім стане грыбнога ўраджаю канкурэнцыя даволі адчувальная.

Падчас нашай размовы падышоў толькі адзін мужчына, які прынёс... 110 грамаў лісічак. Кажа, што сабраў, ідучы з хутара. Ён жыве ў лясной зоне і адзначае, што грыбоў у лесе няма ніякіх. Магчыма, яны з'явяцца пазней, пад восень, і то пры наяўнасці дажджоў, бо ў лесе цяпер вельмі суха.

— Калі раней спрытныя зборшчыкі прыносілі і па 20 кілаграмаў у дзень, дык цяпер такога няма. Ды і саміх зборшчыкаў становіцца менш, — заўважае Алена. — У былыя гады па дадатковы заробак ішлі многія мясцовыя жыхары, у тым ліку моладзь, настаўнікі, пенсіянеры. З Гродна прыязджалі цэлымі цягнікамі з самага ранку. Цяпер актыўныя ў асноўным дачнікі і некаторыя гараджане.

На рынак выгадней

І сапраўды. На цэнтральным рынку Гродна нямала прадаўцоў лісічак. За літровае вядзерца просяць пяць рублёў. Гэта дзесьці каля 350 грамаў, кажа адна з жанчын. Паўлітровы слоік таннейшы напалову. Прадаўшчыца, як і некаторыя іншыя, збірала лісічкі ў раёне Парэчча, бліжэй да літоўскай граніцы, дзе нізіна і больш вільгаці. Гандаль, па яе словах, ідзе нядрэнна, за дзень увесь кошык грыбоў раскупляецца, прытым што гандляроў ляснымі дарамі набярэцца больш за дзясятак.

Здаваць нарыхтоўшчыкам такія аб'ёмы няма сэнсу, кажа яна, бо грыб лёгкі, на адзін кілаграм трэба амаль паўвядра сабраць. У найлепшым выпадку за ўвесь дзённы ўраджай можна атрымаць рублёў дваццаць. На рынку гэту суму можна смела ўтроіць. Але і пры такім раскладзе заробак на лісічках сёлета праблематычны. Ці будзе грыбны ўраджай, сказаць цяжка. Асноўны сезон нарыхтоўкі лісічак яшчэ наперадзе. Цяперашнюю сітуацыю з нарыхтоўкай можна назваць генеральнай рэпетыцыяй, якая, тым не менш, не ўсяляе аптымізму. Тэндэнцыя відавочная — праблема з грыбніцай, кліматычны фактар і змяншэнне колькасці зборшчыкаў.

Разам з тым лісічка — выгадны прадукт. Яе з задавальненнем закупляюць замежныя спажыўцы, заўважае Андрэй Стэфановіч. Але летась экспарт лісічак з боку спажыўкааперацыі амаль не ажыццяўляўся з прычыны малых аб'ёмаў. У асноўным ішла рэалізацыя на ўнутраным рынку. Дарэчы, кааператары прымаюць і іншыя віды грыбоў, у асноўным баравікі, у тым ліку сушаныя. Яны таксама паступаюць у продаж насельніцтву праз уласную сетку альбо на аб'екты грамадскага харчавання. Найбольш грыбнымі раёнамі лічацца Дзятлаўскі, Шчучынскі і Гродзенскі.

У тэму

Аб тым, што Парэчча — лісічкавы край, сведчыць і свята аграгарадка, якое так і называецца — Свята лісічак. Яно адбываецца ў пачатку восені, у верасні. На пляцоўцы каля мясцовага цэнтра культуры ладзіцца выстаўка дароў лесу. Некаторыя жыхары аграгарадка і навакольных вёсак прыносяць сюды разнастайныя грыбныя стравы — ад салатаў да пірагоў. Гаспадыні прадстаўляюць свае кулінарныя вырабы на суд конкурснай камісіі, а затым частуюць усіх прысутных. Разам з дэгустацыяй праходзяць конкурс восеньскіх кампазіцый і фотавыстаўка аматараў ціхага палявання.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Ці прайшоў бум на лісічкі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.