Вы тут

Які адпачынак модны ў беларусаў?


Сучасных беларусаў ужо далёка не заўсёды задавальняе традыцыйны пляжны адпачынак у Егіпце і Турцыі ці класічныя экскурсійныя паездкі. Многія шукаюць чагосьці новенькага, мараць не пра звычайнае падарожжа, а пра паездку, дзе можна было б «перазагрузіцца», натхніцца, атрымаць нейкі новы вопыт. І такіх прапаноў цяпер хапае. Такім чынам, якія новыя кірункі турызму атрымліваюць усё большае развіццё апошнім часам?


Ёга-туры і псіхалагічныя рэтрыты

А таксама падарожжы да месцаў сілы і гэтак далей... Звычайна арганізуюць такія туры псіхолагі і псіхатэрапеўты, інструктары ёгі і медытацыі.

Абяцаюць рознае, у залежнасці ад кірунку. Найчасцей кажуць, што вы зразумееце свае сапраўдныя жаданні, навучыцеся абыходзіць перакананні, якія вас абмяжоўваюць, пачняце дзейнічаць і мяняць сваё жыццё да лепшага. А яшчэ могуць быць спецыялізаваныя рэтрыты, на якіх вас могуць навучыць, як спраўляцца са сваімі крыўдамі, страхамі, або, напрыклад гневам.

Такія туры арганізуюць на прыродзе, далёка ад гарадскога шуму. Але, напрыклад, ёга-рэтрыт — гэта не звычайны адпачынак на свежым паветры, да якога мы прывыклі. Кожны дзень яго ўдзельнікаў чакаюць практыкі ёгі, прычым, як звычайна сцвярджаюць трэнеры, вопыт пры гэтым не абавязковы. Дні, насычаныя заняткамі ёгай, медытацыямі (па жаданні), з сустрэчамі світання і любаваннем захадам сонца, з арганізаваным здаровым, часцей за ўсё вегетарыянскім харчаваннем, дапамагаюць разгрузіць арганізм, скінуць лішнія кілаграмы і аднавіць сілы.

Фота Анатоля Клешчука

У самой Беларусі пакуль праводзіцца няшмат такіх тураў, хоць яны і ёсць. Як правіла, звычайна беларусы едуць кудысьці за мяжу. Папулярны напрамак для такіх паездак — Карпаты. Напрыклад, аўтар гэтых радкоў пару гадоў таму з'ездзіла ў такі тур. Вельмі спадабалася! Некалькі дзён я правяла ў любімым мной Львове, праўда, распаленым ад жнівеньскай спёкі, а потым мы на тыдзень адправіліся ў горы. І ў першы ж вечар, калі бліжэй да цемры выпаўз чароўны горны туман і падарыў нам неверагоднае шчасце прахалоды, я зразумела, што ўжо за адно гэта можна было б навечна ўлюбіцца ў Карпаты. А былі ж яшчэ ўтульная і недарагая віла, цікавыя экскурсіі, пад'ёмы ў горы пешшу і на фунікулёры, дзівосныя па прыгажосці віды, якія адкрываюцца зверху, простая, смачная і здаровая ежа, штодзённыя заняткі духоўнымі практыкамі, інтуітыўнае маляванне, заняткі з кінезіёлагам, вячэрнія пасядзелкі... І ўсё гэта каштавала трыста з нечым долараў за тыдзень!

З гэтай жа мэтай ездзяць і ў іншыя краіны: Грэцыю, Іспанію, Індыю, Тыбет, на востраў Балі і г. д. Такія паездкі, вядома, абыдуцца нашмат даражэй, чым у суседнюю Украіну, але тут ужо кожны выбірае па сваім гусце і кашальку.

Арт-падарожжы: вярнуцца з уласнай карцінай

Арт-падарожжа падыдзе таму, хто хоча паглыбіцца ў мастацтва, сумясціць адпачынак і творчасць — напрыклад, хоча навучыцца маляваць і жадае атрымаць практычныя парады ад прафесійных мастакоў. Большасць такіх паездак падыходзіць усім незалежна ад узроўню падрыхтоўкі — як пачаткоўцам, так і тым, хто хоча палепшыць свае навыкі малявання.

Такія туры, як правіла, прапануюць школы мастацтваў для дарослых або турагенцтвы, якія спецыялізуюцца на нетрадыцыйным турызме. У Беларусі таксама ёсць такія прапановы, але іх мала, і трэба цярпенне і шанцаванне, каб вылавіць іх. Праўда, хто перашкаджае звярнуцца ва Украіну ці Расію? Там такіх прапаноў мноства.

Вы можаце здзейсніць недарагую, ад 2 да 3—5 дзён, паездку на эцюды ў Пецярбург, Падмаскоўе ці ў Львоў, Адэсу, Ужгарад — гарады, дзе ёсць мноства сюжэтаў для вулічных замалёвак. А можаце, напрыклад, паехаць на акварэльны рэтрыт у іспанскі замак або — на тыдзень — вывучаць асновы малюнка ў Італію. Але гэта ўжо будзе нашмат даражэй — ад 900 і да 2,5 тысячы еўра за 5—7 дзён. У такіх турах удзельнікі не толькі малююць, але і ездзяць на экскурсіі, наведваюць розныя таемныя дворыкі, кавярні з адмысловымі фішкамі. А ў кошт, апроч навучання маляванню, уваходзяць матэрыялы для замалёвак — пэндзлі, фарбы, маркеры, алоўкі, а таксама трансферы, пражыванне, экскурсіі.

Папулярнымі ў апошнія гады сталі і скетч-туры. Скетчы — гэта тэхніка хуткіх замалёвак. Яна неверагодна зручная падчас падарожжа, калі мастака акружае мноства сюжэтаў, але няма часу на доўгае маляванне.

Фотатуры — у пагоні за прыгажосцю

Апошнім часам папулярныя падарожжы па прыгожыя кадры — фотатуры. Іх арганізоўваюць фатографы-прафесіяналы, збіраючы групы па 10—15 чалавек.

Ёсць некалькі асноўных адрозненняў фотатура ад звычайнай групавой паездкі: фотатурысты ловяць змярканні і світанкі — найлепшы час для здымак, вучацца мастацтву фатаграфіі, часта едуць туды, дзе не ступала нага арганізаванага турыста. Фотатуры праводзяцца круглы год і, як правіла, у вельмі прыгожых месцах. Гэта могуць быць тыя ж Карпаты, Крым, Каўказ.

Гэтай вясной, напрыклад, я сустрэла ў інтэрнэце прапанову фотатура, прысвечанага цвіценню персікаў у Крыме. Ад здымкаў з мінулых такіх фотапаездак немагчыма было адвесці вочы! Можна толькі ўявіць, што за эмоцыі былі ва ўдзельнікаў, якія бачылі гэтую прыгажосць ужывую!

Кошт фотатураў вагаецца ад 150 і да 800 долараў. Як правіла, у яго ўваходзяць трансфер з вакзала, пражыванне, суправаджэнне прафесійнага фатографа, навучанне і харчаванне. Транспартныя выдаткі да пункта збору групы кожны ўдзельнік аплачвае асобна. Працягласць фотатура складае 3—5 дзён.

Дзявочнік — адпачынак у жаночай кампаніі

З'явіўся і такі новы кірунак у турызме, як дзявочнік. Сэнс у тым, каб жанчыны змаглі расслабіцца, адарвацца ад бытавых і сямейных праблем, падарыць сабе такія прыемныя рэчы, як саўна, пасядзелкі ў прыгожых кавярнях і рэстаранах, паездкі на прыроду, начлег у прыгожых гатэлях. Такія падарожжы могуць быць дапоўнены кулінарнымі майстар-класамі, заняткамі ёгай і псіхалагічнымі трэнінгамі, тэмай якіх з'яўляецца, як правіла, нешта накшталт «адкрый сваю жаноцкасць» і г. д.

У кошт звычайна ўваходзяць трансфер, пражыванне, экскурсіі, фотасесіі, майстар-класы, дэгустацыі і г. д. Часам — харчаванне, але часцей арганізоўваюць яго ўдзельніцы самі. Транспартныя выдаткі таксама аплачваюцца асобна, бо «дзяўчаты» звычайна збіраюцца з розных гарадоў, а часам і краін.

Як правіла, здзейсніць падарожжа ў чыста жаночай кампаніі прапануюць у Сочы, Грузію, Італію або на розныя цёплыя астравы. Кошт залежыць ад таго, наколькі дарагая краіна і гатэль якога ўзроўню абраны, і можа змяняцца ад 600 да некалькіх тысяч еўра за тыдзень.

Паломніцкі турызм — да святых мошчаў

Паломніцкія туры — гэта звычайна аўтобусныя паездкі па святых месцах. Беларусы часцей за ўсё ездзяць у Жыровічы, Маскву, наведваюць святыні праваслаўнай Грузіі, Ізраіль і манастыры Грэцыі.

Паломніцкія туры па Беларусі бываюць прымеркаваны да нейкай даты. Так, пакланіцца святым мошчам прападобнай Ефрасінні Полацкай штогод прыязджаюць 5 чэрвеня. Пешая пілігрымка каталікоў да Будслаўскай іконы Божай Маці вось ужо не адно стагоддзе здзяйсняецца 2 ліпеня. 8 жніўня пілігрымы-каталікі накіроўваюцца ў Ракаўскі дамініканскі касцёл...

Каб наведаць святыя месцы Беларусі, можна скарыстацца паслугамі турфірмаў. Той жа, хто хоча стаць сапраўдным пілігрымам і здзейсніць сакральнае паломніцтва з малітвамі і постам, удзелам у службах і гутаркай з духоўным настаўнікам, можа звярнуцца ў паломніцкія аддзелы беларускіх праваслаўных і каталіцкіх епархій, Іўдзейскае рэлігійнае аб'яднанне ў Рэспубліцы Беларусь.

Ёсць яшчэ і такі кірунак, асабліва папулярны сярод маладых і адукаваных беларусаў, як духоўны турызм — не столькі змяніць абстаноўку, колькі змяніць сябе. Гэта падарожжа для тых, хто хоча здабыць унутраную гармонію і прывесці думкі ў парадак. З такой мэтай ездзяць, як правіла, у Індыю і Тайланд. Індыя наогул вельмі папулярная сярод нашых суайчыннікаў. Туды ездзяць і моладзь, і людзі сярэдняга ўзросту, апошнім часам падцягнуліся і беларускія пенсіянеры.

Падзейны турызм і туры па месцах здымак фільмаў

Меламаны практыкуюць такі від турызму, як фестывальны. У Еўропе фестываляў праводзіцца шмат, за адзін адпачынак можна пабываць адразу на некалькіх канцэртах. Да фестывальнага турызму можна аднесці і паездкі на такія грандыёзныя падзеі, як бразільскі або венецыянскі карнавалы. Невядома, наколькі такія паездкі папулярныя сярод нашых суайчыннікаў, — падазраю, што іх выбірае няшмат беларусаў. Але я ведаю дзяўчыну, якая любіць ездзіць на ўсякія грандыёзныя падзеі накшталт алімпійскіх гульняў або тых жа карнавалаў у якасці валанцёра. Дарэчы, не так ужо і мала маладых беларусаў ездзяць валанцёрамі ў розныя краіны — гэта даволі папулярны кірунак маладзёжнага адпачынку.

А днямі з'явіліся навіны пра тое, што пасля нядаўняга выхаду серыяла «Чарнобыль» узрасла цікавасць да тэмы катастрофы на ЧАЭС і павялічыўся паток турыстаў у Чарнобыльскую зону адчужэння. Прычым цікавы гэты турыстычны напрамак як замежным турыстам, так і турыстам з Беларусі.

Прадстаўнікі турфірмаў кажуць, што аднадзённы тур у зону адчужэння каштуе ад 49 да 139 долараў. Кошт залежыць ад даты паездкі, ад таго, індывідуальны гэта тур або групавы, а таксама ад выбару харчавання і інвентару, у тым ліку дазіметраў.

Святлана Бусько

Загаловак у газеце: Рэтрыты, арт-падарожжы, паломніцтва...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.