Вы тут

У Заводскім раёне сталіцы камунальнікі праводзяць эксперымент па чысціні


Мыць і падмятаць пад'езды з дапамогай пыласосаў у жыллёва-эксплуатацыйным участку № 4 Заводскага раёна г. Мінска пачалі з 1 сакавіка. Першыя паверхі жылых дамоў на тэрыторыі, якая абслугоўваецца ЖЭУ, замятаюць штодня, а раз на месяц пыласосяць і мыюць увесь пад'езд. Такі падыход зрабіў месцы агульнага карыстання чысцейшымі, зарплата рабочых у спецыяльна сфарміраваных для гэтага брыгадах узрасла на 40 %, а кошт гэтай паслугі для жыхароў застаўся ў межах гранічна дапушчальнага тарыфу на яе ў 65 капеек, канстатуюць спецыялісты галіны.


Менш часу — больш грошай

Калі высветліцца, што новаўвядзенні працуюць дакладна і выгадна для насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў цэлым, то гэты вопыт трэба будзе распаўсюджваць на ўсю краіну, лічыць Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

ЖЭУ № 4 — падрадчык па аказанні паслуг па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылых дамоў і прыдамавых тэрыторый, які выйграў права на аказанне гэтай паслугі на электронных таргах.

Рабочыя тут падзелены на брыгады, за якімі замацаваны пэўныя аб'ёмы работ. Тры брыгады займаюцца дапаможнымі тэрыторыямі ў дамах і тры — прыдамавымі плошчамі. Праз змяненне перыядычнасці ўборкі на штодзённае падмятанне ўручную першых паверхаў, адну сухую ўборку пыласосам і адну вільготную раз на месяц усяго пад'езда колькасць рабочых паменшала з 17 да 12 чалавек (амаль на 30 %). Пры гэтым іх заробкі павялічыліся — 650 рублёў і больш замест 450.

— У параўнанні з ручной уборкай нормы часу работ з пыласосам знізіліся на 5—10 % у залежнасці ад колькасці паверхаў і абсталявання дома, а эканоміяй фонду рабочага часу такім чынам склала ў сярэднім 8,5 %, — заўважыла Алена КАЛЯГА, намеснік дырэктара па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні жыллёвага фонду КУП «Жыллёвая камунальная гаспадарка Заводскага раёна г. Мінска». — Жыхары пра новы прынцып уборкі ведаюць і ставяцца да яго станоўча. Колькасць зваротаў у службу 115 наконт бруду ў пад'ездах амаль знікла.

Прынцып работы ў брыгадзе наступны: адзін пыласосіць, двое мыюць, яшчэ два замятаюць першыя паверхі. Праўда, у залежнасці ад колькасці паверхаў частата ўборкі можа вар'іравацца.

Брыгада з пяці чалавек здольная поўнасцю прыбраць пяць-сем пад'ездаў за дзень, і гэта без уліку падмятання першых паверхаў ва ўсіх астатніх дамах. Камунальнікі рабілі спецыяльны хранаметраж часу, які выявіў, што за працоўны дзень рабочы можа падмесці першыя паверхі 50 пад'ездаў, калі не будзе адцягваць увагу на нешта іншае, акрамя работы.

— Калі мы амаль не з'яўляемся на некаторых дамах, значыць, жыхарам там трэба і не плаціць за паслугу санітарнага ўтрымання, — упэўнены Генадзь ТРУБІЛА, намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі. — Усё проста. Трэба прымусіць нашых людзей працаваць па сем гадзін і якасна, а то яны здзіўляюцца, чаму такая маленькая зарплата.

Пыласос-рукзак на акумулятары

Працаваць з пыласосам раней за дзевяць гадзін раніцы не пачынаюць, каб не шумець. Для ўборкі купляюцца адпаведныя мыйныя сродкі, ёсць нават спецыяльная вадкасць для выдалення жвачкі. А майстар участка штодня кантралюе перыядычнасць і якасць
работ.

— Пасля кожнай уборкі ва ўсім пад'ездзе жыхарам прапануюць падпісаць акт прыёмкі выкананых работ. Калі ёсць заўвагі, выдаецца прэтэнзія на ліквідацыю недахопаў. Калі не вытрымліваецца перыядычнасць, змяншаюцца аб'ёмы работ для брыгады, — патлумачыла Алена Каляда. — Калі ёсць скаргі на няякасную ўборку ці выкананыя не ў поўным аб'ёме работы, і яны пацвярджаюцца, то робіцца пераразлік за аказанне гэтай паслугі.

Акты выкананых работ, падпісаныя жыхарамі, прадстаўляюцца заказчыку прадстаўнікамі ЖЭУ штомесяц не пазней за 5-е чысло. Рэальнасць справаздачы правяраецца шлях выбарачнага абзвону спажыўцоў, якія падпісаліся.

У ЖЭУ № 4 карыстаюцца трыма прамысловымі пыласосамі для вільготнай уборкі пад'ездаў і пыласосам для сухой уборкі. «Вільготная» прылада з лёгкасцю збірае вялікія аб'ёмы вадкасці, пылу і буйнога смецця, расказала Алена Каляга:

— У працэсе карыстання мы папрасілі вытворцу даўкамплектаваць пыласос дадатковым шлангам на 2,5 метра (базавы — 1,9 метра), каб можна было прапыласосіць лесвічныя пралёты ўверх, уніз і перанесці апарат на наступную пляцоўку.

Пыласос-рукзак на акумулятарах для сухой уборкі мацуецца з дапамогай шырокіх шлеек на спіне і поясам — на жываце. Рабочыя кажуць, што так зніжаецца нагрузка на пазваночнік і абсталяванне надзейна фіксуецца, таму пыласосіць з такім цудам на спіне няцяжка, ды і не трэба хвалявацца, што паб'ецца.

— Яго вырашана выкарыстоўваць на незадымляльных лесвіцах дамоў ад 12 паверхаў і вышэй, калі няма разетак. РУП «Інстытут «Белжылпраект» распрацаваў нам нормы часу на ўборку. Напрыклад, каб прапыласосіць 19 паверхаў, спатрэбіцца 3,5 гадзіны, — дадае спецыяліст. — У дамах вышынёй да 12 паверхаў у размеркавальных шчытках устаноўлены разеткі для падключэння пыласоса.

Вокны мыюць раз на год, ліфты — раз на пяць дзён

— Крыніцай фінансавання ўборкі дапаможных памяшканняў — калідораў, лесвічных клетак, пляцовак, падвалаў, ліфтаў і іншых месцаў, якімі карыстаюцца ўсе жыхары дома, — з'яўляюцца сродкі насельніцтва або іншыя спосабы фінансавання, якія не адносяцца да бюджэту. Таму аказанне паслугі па санітарным утрыманні дапаможных тэрыторый набываецца на конкурсе праз аўкцыён згодна з заканадаўствам па закупках за кошт уласных сродкаў. Пры гэтым уласнікі могуць таксама самастойна выбраць, хто будзе прыбірацца ў іх пад'ездзе. Такім чынам, якасць уборкі кантралююць не толькі адміністрацыі раёнаў горада, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, камунальнікі ды іншыя структуры, а і самі жыхары, — заўважыла Валянціна БАРКОЎСКАЯ, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка».

— Перыядычнасць работ па санітарным утрыманні, згодна з нормамі, павінна быць наступнай. Раз на пяць дзён ажыццяўляецца прыборка кабіны ліфта, не менш чым двойчы на тыдзень робіцца сухая ўборка ад смецця, два разы на месяц — мыйка і дэзінфекцыя лесвічнай пляцоўкі. Раз на год, у асноўным у маі, мыюцца вокны, раз на год абмятаецца пыл — тое, што называецца генеральная ўборка, — і праводзіцца дэратызацыя і дэзінсекцыя, — расказала спецыяліст. — Новая перыядычнасць, якую прапануе праект уборкі пад'ездаў з пыласосамі, дазволіла сканцэнтраваць намаганні на ўборцы першых паверхаў жылля і забяспечыць належную якасць. Аднак трэба памятаць, што перыядычнасць залежыць ад тых сродкаў, што фактычна паступаюць ад жыхароў.

Прымяненне пыласосаў паляпшае якасць уборкі, аднак разам з тым гэта не так танна — кошт электраэнергіі для яго работы — каля 570 рублёў у год.

Тут спецыяліст дарэчы звярнула ўвагу на вопыт Польшчы ў сферы ЖКГ, дзе ўборкай пад'ездаў у асноўным займаюцца самі жыхары згодна з пакватэрнымі графікамі, выкарыстоўваючы для мыцця ў тым ліку і пыласосы.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Пыласос для пад'езда

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

Мінчанка трымае ў аднапакаёвай кватэры жывога пітона

У Машы Афанасій жыве каля года. Такі незвычайны падарунак ёй зрабіў сябар.

Грамадства

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

Удзельнікі праекта «Настаўнік для Беларусі» стануць «свежым ветрам» у педкалектыве

1 верасня ў беларускія школы ў невялікіх населеных пунктах прыйдуць 12 крэатыўных і неабыякавых педагогаў, якія павінны ўдыхнуць у іх новае жыццё.

Эканоміка

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Зменіцца парадак прыняцця рашэнняў у сумесных домаўладаннях

Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй Жыллёвага кодэкса, якая была прынята сёлета ў пачатку мая, а ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.