Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» традыцыйна расказваем пра самыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Зборная Беларусі не змагла прабіцца ў фінал Кубка Федэрацый, прайграўшы ў паўфінале зборнай Аўстраліі. У першы дзень спаборніцтваў на корце Раt Rаftеr Аrеnа Арына Сабаленка ва ўпартай барацьбе абыграла Саманту Стосур — 7:5, 5:7, 6:3, а Вікторыя Азаранка саступіла Эшлі Барці — 6:7 (2:7), 3:6. У нядзелю дзяўчаты памяняліся ролямі, Арына саступіла Эшлі Барці — 6:2, 6:2, а Вікторыя была мацнейшай за Саманту Стосур — 6:1, 6:1.

Усё вырашылася ў парнай сустрэчы, у якой былі задзейнічаны ўсё тыя ж спартсменкі. Беларускі не змаглі перайграць больш тытулаваны і дасведчаны менавіта ў парным разрадзе тандэм — 5:7, 6:3, 2:6.

— Свой адзіночны матч я правяла на высокім узроўні. І ў цэлым на працягу двух гульнявых дзён мы паказвалі тэніс высокага ўзроўню, — дзеліцца Вікторыя Азаранка. — Я атрымлівала задавальненне гуляць у такой атмасферы, гуляць за нашу краіну. Гуляць у камандзе — гэта зусім іншыя адчуванні, таму я вельмі рада быць тут. Спадзяюся, балельшчыкам таксама спадабалася наша гульня. У пары мы згулялі матч вельмі высокага ўзроўню. Калі казаць пра нюансы, то не хапае крыху сыгранасці, таму мы будзем аналізаваць гэта і вучыцца на сваіх памылках. Дзяўчаты гулялі некалькі гадоў без мяне, на жаль, і цяпер у мяне ёсць магчымасць вяртацца ў зборную. Хоць мы і прайгралі, але я пакідаю гэты матч з усмешкай, таму што ведаю, што гэта пачатак будучага, калі мы гэтага захочам. Арына вельмі моцна дадала з таго моманту, калі мы апошні раз з ёй гулялі, адсюль мы будзем рухацца толькі ўверх. Будзем старацца дзесьці гуляць разам, каб да Алімпіяды быць гатовымі, таму што гэта важна для нашай краіны і нас абедзвюх.

— Я што магла, то і зрабіла, можна было, вядома, і лепш, але атрымалася так, як ёсць, — каментуе выступленне Арына Сабаленка. — У пары мы выдатна гулялі, выдатны ўзровень гульні, неверагодная атмасфера, мы атрымлівалі асалоду ад барацьбы. Вядома, хацелася перамагчы, а каму не хочацца выйграць, але сёння яны выйгралі, а заўтра мы іх. Гэта тэніс, мяч круглы.

У фінале цяперашняга сезона 9—10 лістапада зборная Аўстраліі згуляе са зборнай Францыі.

2. Беларускі экіпаж капотнага МАЗа пад кіраваннем Сяргея Вязовіча перамог у ралі-рэйдзе Mоrоссо Dеsеrt Сhаllеngе. Другое месца з 22-хвілінным адставаннем заняў спартсмен з Нідэрландаў Петэр Верслейс на грузавіку MАN. Трэцім завяршыў марафон МАЗ Аляксея Вішнеўскага, прайграўшы партнёру па камандзе 25 хвілін.

«Заўсёды прыемна перамагаць, асабліва калі спаборнічаеш з такімі сур'ёзнымі сапернікамі. Гонка аказалася вельмі складанай і цікавай. Мы прывязём дадому не толькі чэмпіёнскі тытул, але і багаты вопыт, які зможам прымяніць на любым ралі-рэйдзе, у якой бы частцы свету ён ні праходзіў», — расказаў лідар каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч.

3. Хакеісты юніёрскай зборнай Беларусі паспяхова выступаюць на чэмпіянаце свету ў вышэйшым дывізіёне. На старце першынства наша каманда перамагла аднагодкаў з Чэхіі і Фінляндыі з аднолькавым лікам 4:3 і забяспечыла сабе пуцёўку ў плэй-оф. У паядынку 3-га тура папярэдняй групы А падапечныя Яўгена Есаулава саступілі галоўным фаварытам турніру камандзе Канады з буйным лікам 1:11, а ўвечары ў панядзелак правяла свой заключны паядынак першага этапу супраць хакеістаў Швейцарыі.

Пасля завяршэння групавога раўнда па чатыры наймацнейшыя каманды працягнуць барацьбу за ўзнагароды, а горшыя дружыны двух квінтэтаў паспрачаюцца за права застацца ў эліце ў серыі да дзвюх перамог.

4. Згуляны матчы 4-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Салігорскі «Шахцёр» перамог на выездзе «Гомель» з лікам 1:0, «Энергетык-БДУ» на сваім полі здолеў даць бой аднаму з фаварытаў турніру брэсцкаму «Дынама», згуляўшы ўнічыю — 1:1. Вынікі астатніх сустрэч: «Мінск» — «Дняпро» — 0:0, «Нёман» — «Віцебск» — 1:0, «Славія» — БАТЭ — 1:2, «Гарадзея» — «Тарпеда-БелАЗ» — 0:3, «Тарпеда» (Мінск) — «Дынама» (Мінск) — 0:1, «Слуцк» — «Іслач» — 1:3 .

Становішча ў групе лідараў пасля чатырох тураў: «Шахцёр» — 12 ачкоў, «Дынама» (Мінск) — 10, «Дынама» (Брэст) — 10, БАТЭ — 9, «Іслач» — 9.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Усё яшчэ будзе!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.