Вы тут

Дзе самае сапраўднае жыццё?


Беларускі саюз тэатральных дзеячаў, якім кіруе вядомы драматург Аляксей Дудараў, у чарговы раз ушанаваў таленавітых людзей, для каго тэатр стаў лёсам


Драматург Аляксей Дудараў

Аляксей Дудараў разам з іншымі супрацоўнікамі БСТД у чарговы раз ладзіў 27 сакавіка святочную імпрэзу, прымеркаваную да Міжнароднага дня тэатра. На гэты раз мінскі тэатральны бамонд збіраўся ва ўтульнай вялікай зале Дома дружбы.

Цікава заўжды назіраць, як вітаюцца, усміхаюцца. віншуюць адзін другога са святам прыгожыя людзі, якіх мы ведаем у твар, часта бачым на тэатральных сцэнах і кінаэкранах. Сёлета на ўрачыстасці былі такія асобы, як Наталля Гайда, Марыя Захарэвіч, Арнольд Памазан, Зінаіда Зубкова, Уладзімір Пятроў, Таццяна Мархель, Алена Пастрэвіч, Андрэй Душачкін, Эдуард Герасімовіч, Аляксандр Яфрэмаў, Рыгор Баравік, Рычард Смольскі… Усіх не пералічыць! І калі вы хоць трошкі знаёмыя з сучасным тэатральным мастацтвам Бацькаўшчыны, то, мяркую, нешта кажа вам такі пералік. Мне ж пашанцавала далучыцца да тэатральнага жыцця праз жонку — яна, хоць і філолаг па адукацыі, але кандыдат мастацтвазнаўца. На пачатку 90‑х абараніла дысертацыю па творчасці Змітрака Бядулі як драматурга. Цяпер, працуючы журналістамі, мы ў мінскіх тэатрах бываем часта, пішам на тэатральныя тэмы, так што Міжнародны дзень тэатра ў нас — гэта свята сямейнае.

Таксама сямейнаю, цёплаю была й атмасфера ў зале Дома дружбы. Ну ёсць асаблівая аўра творчасці ў коле служак Мельпамены! Вітаючы родных па духу людзей, Аляксей Дудараў назваў тэатральнае мастацтва самым старажытным. Выказаў цвёрдую ўпэўненасць, што самае сапраўднае жыццё ёсць толькі на сцэне — бо там з яго прыбрана ўсё лішняе, наноснае, неістотнае. Там адразу бачна, хто ёсць хто — а ў будзённасці жыццёвай столькі навокал розных масак: маскарад! Сапраўдным рыцарам тэатра выступае Аляксей Ануфрыевіч на падобных імпрэзах.

Традыцыйна ўручаліся прафесійныя ўзнагароды ад БСТД. Галоўны прыз — “Крыштальную Паўлінку” — сёлета з рук Аляксея Дударава, у акружэнні некаторых з ранейшых уладальніц прыза (іх спецыяльна запрасілі з залы) атрымаў Аляксандр Парфяновіч — заслужаны артыст Магілёўскага абласнога тэатра драмы й камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, што ў Бабруйску. Майстар сцэны ўшанаваны “за адданасць беларускаму нацыянальнаму тэатру й шматгадовую працу”. Больш за сорак гадоў акцёр працуе ў родным тэатры, хоць запрашалі яго і ў іншыя. Хто будзе ў Бабруйску — завітайце “на Парфяновіча”: не пашкадуеце.

А “Крыштальная Зорка” цяпер асвятляе жыццё акцёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Паўла Харланчука-Южакова. Гэта ўзнагарода “за вялікі ўнёсак у тэатральнае мастацтва Беларусі й шматгадовую творчую працу”. Цяпер Павел, падказваем, віртуозна выконвае і ролю Хлестакова ў нашумелым спектаклі па п’есе Мікалая Гогаля “Рэвізор”.

Прыз “Крыштальны анёлак” атрымала вядучы майстар сцэны Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек Тамара Гарачава — “за адданасць беларускаму тэатру лялек і шматгадовую творчую працу”. Каля паўвека яна “гуляе ў лялькі” ды, прызналася, і сябе адчувае лялькай, калі надзявае маскі. А прыз “Крыштальная кветка” — ён прысуджаецца за яркі таленавіты дэбют — атрымала ўраджэнка Пружан, маладая актрыса Вераніка Баранава з Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

На ўрачыстасці ганаровымі граматамі, прэміямі БСТД былі ўшанаваны й работнікі розных тэатральных службаў: яны ж таксама служаць тэатру. І для іх ён — лёсавызначальны складнік у жыццёвай гульні, у якой усе мы — акцёры. Заслугоўвае павагі, што Беларускі саюз тэатральных дзеячаў штогод адсочвае тэатральны працэс, імкнецца заахвочваць старанных працаўнікоў. Бо, як адзначыў Аляксей Дудараў, творчым людзям заўсёды патрэбен стымул, адчуванне таго, што тваю працу заўважылі, належным чынам ацанілі.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання ўсім гасцям прапанавалі прадоўжыць зносіны за святочнымі фуршэтнымі столікамі.

Іван Ждановіч

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.