Вы тут

«Не пайду я да Менска ад шляху Віленска...»


Увечары, падчас самотнага чаявання, мой погляд упаў на бабуліну кніжную шафу, на кнігі, што пакрыліся пылам. Адна з іх, у чырвонай вокладцы, зацікавіла асабліва, я паднялася з крэсла, узяла яе ў рукі і прачытала: «Мінск стары і новы». Разгарнула змест з пералікам сталічных вуліц і, на жаль, не знайшла там Старавіленскай — той, якую люблю і на якой воляй лёсу бываю часта. Няўжо ніякіх гістарычных звестак?


На Старавіленскай уздоўж трамвайных шляхоў няма вялікіх крамаў ды салідных офісаў — тут толькі ціхія панадворкі, якія пасля цяжкага працоўнага дня рассейваюць трывожныя думкі, Палац дзяцей і моладзі, каля якога з прыходам вясны ўпрыгожваюць клумбы і фарбуюць бардзюры, кафэ «Падворак», якое ў савецкі час называлася «Ветразь». Бліжэй да праспекта, на Пярэспе, знаходзіцца галоўная сінагога Мінска. Сёння ёй 104 гады. Цяжка паверыць, што падчас Другой сусветнай вайны ў ёй дзейнічала майстэрня вермахта па рамонце ўніформы.

Гляджу на Камсамольскае возера і малюю карцінкі, якія бачыла на старых фотаздымках: калісьці на гэтым месцы дзейнічаў лагер вермахта Stаlаg і лазарэт палонных афіцэраў Rоllbаhn. Дакладны час існавання лагера гісторыкам устанавіць не ўдалося, але ў мяне атрымалася знайсці ў архіве такія даты: 1941—1943 гады. У першыя два гады вайны становішча палонных у лагеры было цяжкім праз холад, голад, эпідэміі тыфу і дызентэрыі, але з сярэдзіны вайны медабслугоўванне палепшылася, што паменшыла смяротнасць, і палонных сталі прыцягваць да работ. За будынкамі каля ракі былі склады мяса для вермахта. Узімку ў рацэ выпілоўвалі вялікія кавалкі лёду, завозілі іх у халадзільныя камеры, лёд укладвалі ў вялікія жалезабетонныя ванны і засыпалі яго зверху ў якасці тэрмаізалятара тоўстым пластом драўнянага пілавіння, што забяспечвала ў камерах нават у гарачую летнюю спёку тэмпературу каля нуля градусаў.

Адгортваю назад старонкі майго ўяўнага календара і спыняюся на старой частцы вуліцы, дзе захаваліся асобныя цагляныя будынкі ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў. Няцотны бок яе, на жаль, быў знесены пры рэканструкцыі набярэжнай. У сучасным доме № 26 у час нямецка-фашысцкай акупацыі была адна з канспіратыўных кватэр мінскіх падпольшчыкаў. На поўначы Старавіленская вуліца ў мінулым паступова пераходзіла ў прыгарады і сканчалася Камароўскім балотам. Але ў 1970-я гады аблічча гэтай часткі горада змянілася.

У назвах некаторых вуліц Мінска захавалася састарэлае сёння слова «тракт». Яно абазначае вялікую добраўпарадкаваную дарогу, якая злучае важныя населеныя пункты.

Тракт пачаў абнаўляцца і забудоўвацца з 1950-х гадоў. У гэты час ён упершыню быў забрукаваны, па ім пралегла трамвайная лінія. Ажывае ён у летнія бязвоблачныя дні, калі ў гэтыя мясціны да парку і Камсамольскага возера прыязджаюць тысячы гараджан. Тут, каля Старавіленскага тракту, да вайны былі калектыўныя агароды. Знаходзіліся дачы Перыколь, якія вядуць сваю «садова-агародную» гісторыю з дарэвалюцыйнага перыяду. Гісторыкі адзначалі: «Гарадскія памешчыкі абкладвалі мінчан данінай за права жыць на іх землях. Памешчыкі Лапушанскія, якія валодалі фальваркам Перыколь — за Пярэспенскім мастом, здавалі зямлю ў арэнду пераважна пад агароды».

У 1860 годзе на тракце здарыўся пажар: большая частка дамоў згарэла, а сляды полымя захоўваліся яшчэ да першых гадоў савецкай улады. Мабыць, пасля гэтага пажару і ўзнікла яшчэ адна назва засценка Пагарэліца, якой пазней празвалі Хмарынскія Пасекі. Гэта не плён чыёйсьці фантазіі. У мінулым стагоддзі тут існавала паселішча Цна, падзеленае паміж двума памешчыкамі: Ёдкам і Хмарам. Хмара адзначыўся тым, што высек вакольны лес, і з таго часу гэта месца пачалі называць «пасекамі», захоўваючы ўспамін пра пасечаныя дрэвы. З «пасекамі» ў рускім значэнні гэта слова нічога агульнага не мае, таму што па-беларуску месца збору мёду называецца «пчальнік».

Старавіленскі тракт служыў важнай міжгародняй магістраллю. Пачынаўся каля Старажоўскай заставы, дзе цяпер кінатэатр «Спартак», і называўся Віленскім. Існаваў гэты шлях з самых старажытных часоў і звязаны са знахаром-млынаром Менескам, якім нібыта быў заснаваны Мінск. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя жыхары гасцінца адзначалі, што да гэтага часу пра яго захавалася прыказка ў Мінскім павеце: «Не пайду я да Менска ад шляху Віленска; а калі ж пайду па шляху Віленскам, сустрэнуся з Менескам». Кажуць, што яго млын стаяў на месцы сучасных дамоў № 16, 18 і 20. Пра гэта нават існуе легенда: «Побач з гэтым месцам, дзе цяпер знаходзяцца праваслаўныя могілкі Пярэспы і дзе спарахнелі косткі першага заснавальніка Мінска, паміж Татарскім канцом і Пярэспінскім мастком, каля самай цяперашняй віленскай паштовай дарогі, пасяліўся, кажа народнае паданне, знакаміты асілак-знахар па мянушцы Менеск, і пабудаваў ён на Свіслачы каменны вялікі млын аб сямі колах. Ніхто ніколі не бачыў яго, а наваколле свіслацкай зямлі напоўнена самымі фантастычнымі апавяданнямі пра яго сілу: у яго млыне мука малолася не з хлебных зерняў, а з каменняў, уначы чуліся там нейкія дзіўныя крыкі, песні, музыка і скокі, у поўнач раз'язджаў ён на сваім млыне па дарогах і набіраў дружыну з моцных людзей, з якіх склаўся цэлы народ і стаў сяліцца ён побач з млыном знахара».

За сваю асабліва дзівосную і загадкавую атмасферу, гістарычнае мінулае, скульптуру млына Менеска — мне падабаецца Старавіленская. Бывае, выходзіш позна, удыхаеш «паветра вуліцы» — у ім, здаецца, ёсць нешта асаблівае. Праязджаеш на трамваі міма сінагогі, праз маленькія вокны бачыш, як у чорных ярмолках моляцца людзі, міжволі ўяўляеш у ёй майстэрню, а на сённяшняй пустцы — нямецкі лагер.

Глафіра ЖУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.