Вы тут

Як пазбегнуць праблем з развіццём маўлення ў дзяцей


Даследчыкі высветлілі: чым больш бацькі надаюць увагі развіццю мовы ў дзіцяці, тым большага поспеху яно дасягне ў жыцці. Сувязь маўлення і мыслення даўно даказана. Але сённяшнія дзеці пачынаюць гаварыць пазней, чым іх бацькі. Прычым вялікая колькасць дашкалят мае парушэнні маўлення.


— Дзіця нараджаецца з яшчэ не сфарміраваным мозгам, развіццё якога адбываецца на працягу ўсяго жыцця. Нервовыя клеткі мозга растуць, утвараюць сістэмы, якія забяспечваюць кантроль розных функцый — слыху, зроку, руху, маўлення. Калі мозг немаўляці не стымуляваць з нараджэння, то нервовыя клеткі не будуць развівацца, што прывядзе да спынення развіцця дзіцяці, — расказвае лагапед 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Святлана КОЙПІШ.

Вобласці мозга, якія адказваюць за развіццё рухаў і маўленчай дзейнасці, размяшчаюцца побач. Таму розныя маніпуляцыі, асабліва з пальчыкамі рук, прыводзяць да растарможвання рухальных і маўленчых зон мозга. А чым больш розных імпульсаў паступае ў мозг, тым больш паспяхова развіваюцца разумовыя і маўленчыя здольнасці дзіцяці.

— Для вызначэння развіцця маўлення малых існуе такі метад: дзіця просяць паказаць адзін пальчык, затым два і тры. Малыя, якім удаюцца ізаляваныя рухі пальцаў рук дастаткова хутка і без напружання, — дзеці, якія добра размаўляюць, — тлумачыць спецыяліст. — Калі пальцы дзіцяці непаслухмяныя, напружаныя, згінаюцца і разгінаюцца толькі разам ці, наадварот, слабыя, вялыя і не даюць дакладных рухаў — гэта дзеці з маўленчымі праблемамі.

Цікава

Прынята лічыць, што другія і трэція дзеці ў сям'і размаўляюць горш, чым першыя. А навучанне дзвюм мовам адначасова пагражае затрымкай маўленчага развіцця. І тое і другое — міфы!

Устаноўлена, што да той пары, пакуль рухі пальцаў рук не стануць свабоднымі, дакладнымі, каардынаванымі, развіцця маўлення дасягнуць не ўдасца. Адпаведна, і развіваць яго трэба знізу ўгору — ад руху да маўлення, а не наадварот.

Трэніраваць пальцы рук можна ўжо з шасцімесячнага ўзросту. Самы просты і даступны метад — масаж: пагладжванне пальцаў ад кончыкаў да запясцяў. Можна выконваць і практыкаванні: браць кожны пальчык дзіцяці, згінаць і разгінаць яго. З сямі-васьмі месяцаў малое пачынае «заграбаць» прадмет у далонь. Цяпер яму можна даваць складаць у скрынку вялікія яркія цацкі. Галоўнае — ператварыць такі занятак у гульню.

Найбольшую цяжкасць для дзіцяці ўяўляе працэс расціскання пальцаў. У норме большасць малых умее гэта ў дзесяць-адзінаццаць месяцаў і імкнецца карыстацца навыкам. Таму можна катаць шарыкі з цеста, рваць паперу, перабіраць драўляныя пацеркі і гузікі, знаходзіць у ёмістасці з крупамі больш дробныя прадметы. Дзеці любяць праводзіць за такімі заняткамі працяглы час, і ад дарослага патрабуецца ўсяго толькі ўменне падтрымаць гульню.

Кубікі, рознакаляровыя прышчэпкі, складванне пірамідак, матрошак, пальчыкавыя практыкаванні і пальчыкавы тэатр — спіс заняткаў, якія развіваюць дробную маторыку, вельмі вялікі.

Пад уплывам сістэматычных трэніровак наступаюць станоўчыя змены. З'яўляюцца сіла, раўнавага, рухавасць, а пластычнасць нервовых працэсаў ажыццяўляецца на больш высокім узроўні. І такім чынам да года дзіця авалодвае маніпуляцыйнымі рухамі, што садзейнічае імкненню яго да кантактавання з дарослымі. І як вынік, малое вымаўляе 3—10 асэнсаваных слоў, якія, праўда, яшчэ доўгі час перамяшаны з лепетам.

Трэба ведаць

  • Работу па развіцці маторыкі трэба праводзіць рэгулярна, з улікам узросту і фізічнага развіцця малога.
  • Спачатку ўсе рухі дарослы выконвае рукамі дзіцяці, а па меры асваення яно робіць іх самастойна.
  • Уважліва сачыце за тым, каб практыкаванні дзіця выконвала правільна. Калі яно не можа выканаць заданне, адразу дапамажыце яму зафіксаваць патрэбнае становішча пальцаў.
  • Чаргуйце новыя і старыя практыкаванні.
  • Праводзьце заняткі эмацыянальна, актыўна, хваліце дзіця за поспехі, але не забывайце сачыць за яго настроем і фізічным станам.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Слова не выцягнеш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.