Вы тут

Алеся Сухарукава: “Падмурак паспяховасці дзіцяці ствараюць яго бацькі”


Пераможцам у намінацыі “Мацярынская слава” X Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года” стала Алеся СУХАРУКАВА, намеснік дырэктара Гомельскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Алеся Віктараўна ўпэўнена, што для жанчыны на першым месцы павінна быць сям’я, але таксама не менш важна рэалізавацца і ў прафесіі. Ёй самой гэта ўдаецца: шчаслівая маці двух сыноў, яна любіць сваю працу і атрымлівае ад яе задавальненне. Старэйшы сын Ягор – шматразовы пераможца рэспубліканскіх алімпіяд па матэматыцы, прызёр міжнародных алімпіяд.


– Алеся Віктараўна, скажыце шчыра, кім вы марылі стаць у дзяцінстве?

– Заўсёды ўяўляла сябе толькі настаўніцай! У мяне ёсць дзіцячы фотаздымак, на якім можна ўбачыць, як я праводжу ўрокі для сваіх лялек. (Усміхаецца). Скончыла Гомельскі педагагічны каледж, потым атрымала вышэйшую адукацыю ў БДПУ імя Максіма Танка. Больш за 15 гадоў адпрацавала ў пачатковай школе, затым перайшла ў спартыўную.

– Раскажыце, калі ласка, чым непасрэдна вы займаецеся цяпер?

– У нашай ДзЮСШ мы развіваем два віды спорту – дзюдо і тхэквандо. Займаюцца ў асноўным дзеці з 8 гадоў. Ганарымся, што выхавалі шмат прызёраў еўрапейскіх спаборніцтваў. Паколькі віды спорту баявыя, то, вядома, у нас больш трэніруюцца хлопчыкі. Плануем, што пасля Еўрапейскіх гульняў у школе пачнуцца заняткі па спартыўнай аэробіцы. Таксама ў хуткім часе хочам стварыць секцыю самба.

Як намесніку дырэктара мне даводзіцца шмат працаваць з дакументамі, а таксама непасрэдна з трэнерамі. Мне падабаецца мая праца: люблю кантактаваць з людзьмі, арганізоўваць штосьці цікавае. Напрыклад, кожны год мы ладзім спартыўна-аздараўленчыя лагеры, традыцыйнымі сталі сямейныя паходы, цікавыя паездкі і экскурсіі, у якія нашыя выхаванцы адпраўляюцца разам з трэнерамі і бацькамі.

– Сёння дзеці ўсё больш бавяць вольны час за камп’ютарнымі гульнямі, перапісваюцца ў сацыяльных сетках, якія замяняюць жывыя зносіны. Як вам удаецца прывабліваць дзяцей да заняткаў у спартыўнай школе?

– Вядома, цяпер гэта зрабіць вельмі няпроста. Зараз многа розных прапаноў па відах спорту, шмат інфармацыі пра розныя секцыі. Паміж спартыўнымі школамі сёння існуе вялікая канкурэнцыя. Трэба знаходзіць новыя і нестандартныя падыходы, каб зацікавіць дзяцей.

Мы падтрымліваем цесныя кантакты з гарадскімі агульнаадукацыйнымі школамі. Таксама ў нас працуюць высокапрафесійныя трэнеры, якія здольныя ўразіць сваім асабістым майстэрствам у баявых адзінаборствах не толькі дзяцей, але і дарослых, бо бацькі заўсёды ўважліва глядзяць, у чые рукі аддаюць сваё дзіця. Самым важным з’яўляецца зацікаўленасць менавіта бацькоў. Набор на тхэквандо пачынаецца з 7 гадоў, на дзюдо – з 9. Але, як паказала практыка, найчасцей жаданне “запісаць у спорт” узнікае ў бацькоў, чыім дзецям 3–4 гады. Яны тэлефануюць і просяць: “Вазьміце нашага сына (дачку) у якую-небудзь секцыю! У дзіцяці столькі энергіі, што проста не ведаем, куды яе падзець!” Таму мы, ідучы насустрач пажаданням, стварылі платную групу, у якую прымаем дзяцей з 4 гадоў. На жаль, праз некаторы час яны перастаюць займацца. Чаму? Напэўна, таму, што гэта стала ўжо непатрэбна дарослым.

Маючы багаты педагагічны досвед, я з упэўненасцю магу сказаць: 90 адсоткаў поспеху дзіцяці – гэта яго мама і тата. Падмурак паспяховасці дзіцяці ствараюць яго бацькі. Поспех прыходзіць, калі сям’я падтрымлівае захопленасць сына або дачкі, у тым ліку фінансава, калі дарослыя знаходзяць час прыводзіць на трэніроўкі рэгулярна, без адгаворак, што “адзін пропуск нічога не значыць”, паважліва адносяцца да заняткаў у спартыўнай школе, разам едуць на спаборніцтвы. Калі такога няма, то дзеці перастаюць займацца, хоць многія з іх сапраўды таленавітыя ад прыроды.

Варта зазначыць, што пасля нашай школы юныя дзюдаісты і тхэквандысты паступаюць далей у вучылішча алімпійскага рэзерву. У такіх відах барацьбы спартсмены могуць сур’ёзна паказаць сябе на еўрапейскім узроўні ў 17–18-ігадовым узросце. Такім чынам, мінімум 10 гадоў трэба старанна і мэтанакіравана трэніравацца! Спартсмен павінен любіць спорт, гарэць жаданнем займацца і перамагаць, а такіх матываваных падлеткаў, якія могуць сябе дысцыплініраваць, на жаль, няшмат.

– Ваш старэйшы сын Ягор у дзяцінстве таксама займаўся спортам: каратэ, настольным тэнісам, футболам. Але потым захапіўся матэматыкай і дасягнуў у ёй бліскучых вынікаў.

– Пэўны час ён быў абсалютна не матэматык. Ягору лёгка даваліся мовы, ён з задавальненнем пісаў сачыненні, складаў вершы і ўдзельнічаў у алімпіядах менавіта па мовах. Але потым сын паспяхова здаў іспыты і паступіў у 51-ю гімназію. І так супала, што якраз у той год у гімназію прыйшоў працаваць выдатны педагог-матэматык Аляксандр Мікалаевіч Струк, які стаў яшчэ і класным кіраўніком майго сына. Менавіта гэты настаўнік зацікавіў Ягора сваім прадметам.

Наогул, у гімназіі сабраўся вельмі працаздольны клас мэтанакіраваных дзяцей, дзе кожны вучань паказваў добрыя поспехі. Вы толькі ўявіце: самы нізкі сярэдні бал складаў 8,7! Да таго ж у гімназіі праводзілася многа алімпіяд, конкурсаў па вучэбных прадметах, потым арганізавалі турнір паміж чатырма гімназіямі. Ягор на такіх інтэлектуальных спаборніцтвах найчасцей супернічаў па матэматыцы з адной дзяўчынкай і часта ёй прайграваў. Такім чынам, у яго быў, скажам так, яшчэ і “спартыўны” інтарэс.

Неўзабаве прыйшлі да сына сур’ёзныя перамогі. Ягор, навучаючыся яшчэ ў 7 класе, упершыню ўдзельнічаў разам з васьмікласнікамі ў рэспубліканскай алімпіядзе і заняў 3-е месца. Потым “на рэспубліцы” ён ужо толькі перамагаў. У 9 класе сын упершыню ўдзельнічаў у Міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы, яна праходзіла ў Тайландзе ў Чыангмайскім універсітэце. Там ён стаў бронзавым прызёрам. У наступным годзе Ягор паехаў у Ганконг, дзе таксама заняў 3-е месца. А ў 2017-м сын заваяваў золата на 58-й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія).

Даведка

Міжнародная матэматычная алімпіяда (International Mathematical Olympiad – ІMO) – гэта, па сутнасці, Чэмпіянат свету па матэматыцы сярод школьнікаў старэйшых класаў, які праводзіцца кожны год у адной з краін. Першая ІMO прайшла ў 1959 годзе ў Румыніі з удзелам усяго 7 краін. У апошнія гады ў ІМО ўдзельнічаюць больш за 100 краін з усіх пяці кантынентаў.

Удзельнікам прапануецца рашыць 6 задач (па тры задачы ў дзень на працягу двух дзён запар) з розных абласцей школьнай матэматыкі, галоўным чынам з геаметрыі, тэорыі лікаў, алгебры і камбінаторыкі.

– Перамогі сына, вядома ж, радавалі вас?

– Безумоўна! Мы з мужам заўсёды перажывалі за яго, а потым з асаблівай увагай слухалі расказы Ягора пра яго незабыўныя ўражанні ад кожнай з паездак. Перад міжнароднымі спаборніцтвамі ствараецца зборная каманда краіны з шасці чалавек. Праводзяцца заняткі, на якіх рыхтуюць да алімпіяды. Потым разам з настаўнікам-кіраўніком вучні выязджаюць на спаборніцтвы на 7–10 дзён. Два дні звычайна займае непасрэдна матэматычны турнір, а потым для яго ўдзельнікаў ладзіцца насычаная культурная праграма. Шмат розных цікавостак арганізатары рыхтуюць для цырымоній адкрыцця і закрыцця алімпіяды. Гасцей з розных краін абавязкова знаёмяць з мясцовай кухняй, арганізоўваюць для іх арыгінальныя майстар-класы. Заўсёды Ягор купляў невялікія сувеніры. Напрыклад, з Тайланда ён прывёз фігуркі сланоў і іншыя цацкі, а таксама вельмі смачны чай. Праўда, хадзіць па крамах сын не любіць, таму прасіць яго што-небудзь знайсці, набыць нейкую рэч – дарэмна... (Усміхаецца).

Мой сын – гэта мой асаблівы гонар. Менавіта дзякуючы яму я стала пераможцам конкурса “Жанчына года” ў намінацыі “Мацярынская слава”. Я вельмі шчаслівая, што Ягор знайшоў занятак па душы, справу, якая захапіла яго поўнасцю. Ён літаральна жыве гэтым дзівосным светам лічбаў, і кожная перамога падштурхоўвала яго да новых вышынь, дапамагала ісці наперад.

–  Далейшы лёс вашага сына звязаны з матэматыкай?

– Так, сёння ён – студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ягор захацеў стаць матэматыкам-праграмістам, таму выбраў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Дарэчы, ён працягвае ўдзельнічаць у алімпіядах. Пасля першага курса Ягор стаў пераможцам Студэнцкай міжнароднай алімпіяды па матэматыцы, якая праводзілася ў Балгарыі. Таксама ён быў удзельнікам Чэмпіяната свету па праграміраванні ў Кітаі.

– Калі ёсць вольная гадзіна, чым вы займаецеся?

– Як і кожная жанчына, цаню кожнае імгненне, праведзенае з сям’ёй. Безумоўна, цяпер увесь свой час прысвячаю выхаванню маленькага Глеба, якому яшчэ толькі 2,5 гады. Мы з ім гуляем у пазнавальныя гульні, чытаем, гаспадарым разам. Люблю пакулінарыць, часта радую родных смачнай хатняй выпечкай. Зімой вяжу,  а ў цёплы час года мы выязджаем на выхадныя на лецішча, дзе заўсёды весела адпачываем. Вельмі люблю хадзіць у грыбы. Таксама з задавальненнем пераглядаю савецкія фільмы, мой самы любімы з іх – “Масква слязам не верыць”. Гэтую карціну я б параіла паглядзець усім жанчынам. Упэўнена, што гісторыя Каці Ціхаміравай, якая супрацьстаяла цяжкасцям свайго лёсу, у выніку чаго Бог узнагародзіў яе сямейным шчасцем, нікога не пакіне абыякавай.

Анастасия ПЕТЬКО

Фото из личного архива А. СУХОРУКОВОЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.