Вы тут

Міхаіл Мясніковіч сустрэўся з Анджэем Дудай


У рамках афіцыйнага візіту парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў Польшчу адбыўся шэраг сустрэч з найвышэйшымі дзяржаўнымі асобамі краіны-суседкі

Магчымасці пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы абмяркоўваліся ў сераду, 13 лютага, на сустрэчы старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча з Прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудай.


Як паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі, прэзідэнт Польшчы падкрэсліў, што ўзровень беларуска-польскіх кантактаў узмацняецца, а таксама іх эфектыўнасць. У сваю чаргу Міхаіл Мясніковіч прапанаваў фарміраваць парадак дня з перспектывай на будучыню, актывізаваць палітычнае, эканамічнае, гуманітарнае супрацоўніцтва.

Бакі падкрэслілі неабходнасць замацавання сістэмных кантактаў на найвышэйшым і высокім палітычным узроўнях.

Абмеркаваны падыходы па больш актыўным інвестыцыйным супрацоўніцтве. Бакі адзначылі важнасць дагавора аб сацыяльным забеспячэнні, які падпісаны ў рамках візіту парламенцкай дэлегацыі Беларусі ў Польшчу і рэгулюе ў інтарэсах грамадзян дзвюх краін пытанні пенсійнага забеспячэння і стажу, выплат у сувязі з інваліднасцю і часовай непрацаздольнасцю, па беспрацоўі. Дакумент дасць магчымасць забяспечыць належны ўзровень сацыяльнай абароны грамадзян у краінах-партнёрах.

Прэзідэнт Польшчы высока ацаніў намаганні Беларусі па прасоўванні міру і бяспекі ў Еўропе і беларускія ініцыятывы ў цэлым.

На сустрэчы з прэм'ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім, якая адбылася ў гэты ж дзень, абмяркоўваліся актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, магчымасці ўмацавання гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў.

У прыватнасці, гаворка ішла аб спалучэнні намаганняў дзвюх краін у развіцці інфраструктурных праектаў, гандлёва-лагістычных хабаў з улікам глабальнай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».

Разгледжаны пытанні эфектыўнасці работы міжурадавай камісіі. Асаблівая ўвага аддадзена інвестыцыйнаму партнёрству. Бакі таксама заявілі аб неабходнасці стварэння рабочай групы па супрацоўніцтве ў электраэнергетыцы.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў рост тавараабароту паміж краінамі ў 2018 годзе на 5,3 % у параўнанні з папярэднім годам. Ёсць патэнцыял для далейшага павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю, дадаў ён.

Перспектывы ўмацавання парламенцкіх сувязяў паміж краінамі абмяркоўваліся на сустрэчы з маршалкам Сената Польшчы Станіславам Карчэўскім.

Беларусь зацікаўлена развіваць супрацоўніцтва з Польшчай на прынцыпах добрасуседства, узаемнай павагі, раўнапраўя і ўзаемнага ўліку інтарэсаў. Вынікі перагавораў і выпрацаваныя падыходы сфарміруюць свайго роду дарожную карту далейшых крокаў па ўзаемадзеянні. У найбліжэйшы час бакі плануюць абмеркаваць праект пагаднення аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве.

Міхаіл Мясніковіч праінфармаваў аб дзейнасці польскай дыяспары ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што Беларусь — краіна роўных магчымасцяў для ўсіх, незалежна ад нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці. Адначасова старшыня Савета Рэспублікі выказаў пажаданне, каб і беларуская меншасць у Польшчы адчувала сябе камфортна.

У сваю чаргу Станіслаў Карчэўскі падкрэсліў, што польскі бок падтрымлівае намаганні парламентарыяў Беларусі, накіраваныя на замацаванне пазітыўных тэндэнцый ва ўзаемным гандлі і пашырэнне інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Польшчай.

Гатоўнасць садзейнічаць выхаду беларуска-польскіх адносін на больш высокі ўзровень агучвалася і на сустрэчы Міхаіла Мясніковіча з маршалкам Сейма Польшчы Маракам Кухцінскім.

Бакі адзначылі, што за апошнія гады ўдалося істотна прасунуцца наперад у аднаўленні ўзаемнага даверу паміж краінамі, аднак камунікацыі — палітычныя, эканамічныя, гуманітарныя — развіваюцца пакуль слаба.

У польскім Сейме высока ацэньваюць ролю Беларусі як камунікацыйнай платформы для маштабных міжнародных мерапрыемстваў: ПА АБСЕ, Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Адзначана, што Беларусь робіць канструктыўны ўклад у агульнаеўрапейскія працэсы.

Маршалак пазітыўна ацаніў прапановы беларускага боку па канкрэтных эканамічных праектах.

Акрамя таго, у рамках візіту спікер верхняй палаты беларускага парламента сустрэўся таксама з міністрам прадпрымальніцтва і тэхналогій, сустаршынёй польскай часткі беларуска-польскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве Ядвігай Эмілевіч, міністрам замежных спраў Яцакам Чапутовічам, старшынёй Нацыянальнай эканамічнай палаты Анджэем Арэндарскім і старшынёй Польскай акадэміі навук Ежы Душыньскім.

Загаловак у газеце: З арыентацыяй на будучыню

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.