Вы тут

Падрыхтаваны праект новага ўказа аб аднаўляльных крыніцах энергіі


Так званая «зялёная» энергетыка ў апошнія гады развіваецца ў нашай краіне хуткімі тэмпамі. Доля аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) у валавым аб'ёме паліўна-энергетычных рэсурсаў ужо дасягнула запланаваных да 2020 года 6 %. У спецыялістаў узнікае пытанне — як збалансаваць развіццё ўсіх відаў генерацыі. У Міністэрстве энергетыкі падрыхтавалі прапановы, якія сталі асновай праекта новага ўказа.


Прапанаваныя змены накіраваны на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання «зялёнай» энергіі, зніжэнне фінансавай нагрузкі на спажыўцоў, больш шырокае прымяненне перадавых тэхналогій і захаванне прывабнасці інвестыцый у згаданую сферу.

Урадам будуць прымацца меры па далейшай аптымізацыі кошту аднаўляльнай электраэнергіі, а таксама па забеспячэнні роўных канкурэнтных умоў у гэтай сферы. Якія яшчэ змены чакаюцца, нам расказала намеснік міністра энергетыкі Вольга Пруднікава.

Залатыя кілаваты

Практыка прымянення закона аб аднаўляльных крыніцах энергіі паказала, што з часам падыходы трэба ўдасканальваць, а аб'екты, якія генерыруюць энергію, павінны развівацца на канкурэнтнай аснове. Калі патрабуецца дзяржпадтрымка, то яна павінна ўлічваць патрэбы эканомікі і краіны ў цэлым, інтарэсы астатніх спажыўцоў.

Сёння сярэдняя цана куплі энергіі ад АКЭ ў пяць разоў вышэйшая, чым кошт энергіі, вырабленай на цеплавых электрастанцыях. Але паколькі тэхналогіі патаннелі, стала больш пастаўшчыкоў абсталявання, цана на «зялёную» энергію можа зніжацца. Таму трэба ўпарадкаваць каэфіцыенты, па якіх яна выкупляецца. Замест павышальных плануюць прымяняць павышальныя і стымуляцыйныя каэфіцыенты. Апошнія (іх вызначае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю) могуць быць і менш за адзінку. Досвед работы з прэтэндэнтамі на стварэнне ўстановак кажа, што новыя ўмовы, якія з'явяцца ў заканадаўстве, іх задавальняюць.

Толькі новае абсталяванне

Раней у заканадаўстве не быў канкрэтызаваны момант, якое абсталяванне дзяржава павінна падтрымліваць. Таму на тэрыторыю краіны пачалі ўвозіць старое абсталяванне з Еўропы. Там перыяд субсідавання таксама ў сярэднім складаў дзесяць гадоў. Уладальнікі такіх установак, каб не займацца іх утылізацыяй, крыху мадэрнізавалі іх і прывозілі да нас.

Цяпер дзяржпадтрымка ў рамках квот будзе толькі на новае абсталяванне. Пры гэтым патрабаванне аб выкарыстанні новага абсталявання не будзе распаўсюджвацца на ўстаноўкі, якія ствараюцца па-за квотамі — выключна для энергетычнага забеспячэння сваёй гаспадарчай дзейнасці.

І яшчэ. Новы праект указа дасць магчымасць уласнікам установак АКЭ перадаваць электраэнергію па дзяржаўных сетках у парадку, які вызначаецца ўрадам краіны. Пытанні перадачы электраэнергіі паміж іншымі юрыдычнымі асобамі пакуль прапрацоўваюцца.

Віцебская ГЭС

Стратэгічная задача

Паколькі Беларуская АЭС будзе выдаваць электраэнергію па роўным графіку, важна пры сутачным планаванні ўлічваць работу «зялёных» установак, каб не дапусціць лішак рэсурсаў. Таму праектам указа прапісана наступная норма: уласнікі такіх установак павінны штодзень інфармаваць аператыўныя дыспетчарскія ўпраўленні аб рэжыме сваёй работы. Гэта правіла аб узаемадзеянні крыніц энергіі раней было прадугледжана і ў канцэпцыі энергетычнай бяспекі і з'яўляецца сусветнай практыкай.

Любая дзяржава, развіваючы аднаўляльную энергетыку, ставіць перад сабой пэўныя задачы, падкрэсліла Вольга Пруднікава. Адны вырашаюць пытанні энергетычнай беднасці, пакрыцця дэфіцыту электрычных магутнасцяў ва ўмовах адсутнасці традыцыйных відаў паліва або высокіх цэн на іх, іншыя — энергазабеспячэння цяжкадаступных рэгіёнаў, дзе няма сеткавай інфраструктуры. Адыгрываюць ролю і кліматычныя пытанні, выкананне Парыжскага пагаднення. Калі казаць аб нашай краіне, то асноўнай задачай з'яўляецца дыверсіфікацыя паліўна-энергетычнага балансу. У перспектыве мы павінны скарачаць аб'ёмы выкарыстання выкапнёвых відаў паліва, гэта нармальная стратэгічная задача, каб доля дамінуючага рэсурсу — прыроднага газу — зніжалася.

Праект указа на цяперашнім этапе знаходзіцца на разглядзе ў Адміністрацыі Прэзідэнта.

У тэму

Аналіз сучасных тэндэнцый развіцця аднаўляльных крыніц энергіі ў вядучых еўрапейскіх краінах паказвае, што дзяржавы, зацікаўленыя ў шырокамаштабным развіцці гэтай энергетыкі, ствараюць і пастаянна ўдасканальваюць комплекс дзяржаўных стымуляцыйных мер, які ўлічвае і эканамічныя інтарэсы краіны. У выпадку рэзкага прыросту энергіі з АКЭ ўжываецца практыка абмежавання будаўніцтва названых энергакрыніц, частковага або поўнага скарачэння эканамічнага стымулявання іх развіцця.

Напрыклад, у Чэхіі на заканадаўчым узроўні адменена эканамічнае стымуляванне ўсіх «зялёных» установак (за выключэннем міні-ГЭС), уведзеных у эксплуатацыю пасля 2013 года. Для ўстановак, якія працуюць, уведзеныя дадатковыя падаткі.

У Вялікабрытаніі ўрад мае намер з 31 сакавіка 2019 года адмяніць плату за электраэнергію, якую пастаўляюць у сетку малыя сонечныя электрастанцыі, устаноўленыя на будынках (у цяперашні час гэта каля 820 тысяч установак). Патрабаванне будзе дзейнічаць у дачыненні да новых аб'ектаў, якія падключаюцца пасля названага тэрміну. Гэта абумоўлена тым, што энергасістэма тэхнічна не зможа спажыць усю вырабленую такімі ўстаноўкамі сонечную электраэнергію згодна з рэжымамі работы. Таму электраэнергія ад такіх установак будзе пастаўляцца ў энергасістэму бясплатна.

Сяргей КУРКАЧ 

Загаловак у газеце: Баланс чыстай энергіі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне.