Вы тут

Пасланне архіепіскапа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2018


Глыбокапаважаныя святары, кансекраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!


Сардэчна вітаю вас у радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння, калі мы адзначаем прыйсце Бога ў чалавечым целе ў наш грэшны свет з мэтай яго збавіць. Гэтая падзея, якая мела месца дваццаць стагоддзяў таму, стала паваротным пунктам у гісторыі чалавецтва. Яна адкрыла яму новы далягляд і дала новую надзею, нават насуперак надзеі (Рым 4, 18).

Евангелле прадстаўляе праўду ўцелаўлення Бога, якая нас зачароўвае. Перад абліччам Божага Немаўляці яна нас абяззбройвае і схіляе да разважання над бязмежнасцю Божай любові да грэшнага чалавека. Бог не пакінуў чалавека аднаго з яго бядой, але паспяшаўся яму на дапамогу. На гэтую ласку бязмежнай любові Бога да чалавека мы таксама пакліканы адказаць узаемнай любоўю да Бога.

Змяняюцца часы і звычаі, але праўда Божага Нараджэння застаецца нязменнай. Яна заклікае нас да таго, каб Бог праз сваю ласку нараджаўся ў нашых сэрцах і праз нас — у свеце, які ўсё больш адыходзіць ад Бога і мае патрэбу ў новым подыху Духа.

Мы ведаем, што існуюць вялікія і нават істотныя адрозненні паміж рэлігіямі і веравызнаннямі, хоць цяпер нярэдка можна пачуць ідэі сінкрэтызму, які сцвярджае, што ўсе рэлігіі роўныя. Дастаткова толькі верыць, каб быць збаўленым, і не важна, у якога бога.

Такое меркаванне фальшывае. Калі ўсе рэлігіі вызнаюць веру ў існаванне бога, то хрысціянства адкрывае значна больш: а менавіта, што Бог стаў чалавекам для нашага збаўлення. Таму хрысціянства — гэта вера не толькі ў Бога, але ў Бога-Чалавека Езуса Хрыста, нашага Збаўцу, Нараджэнне якога мы сёння адзначаем.

Вера ў боскасць і чалавечасць Езуса Хрыста з'яўляецца падмуркам нашага аптымізму. Мы верым у Бога і ў той жа час верым, што Сын Божы прыняў чалавечае цела, а гэта азначае, што разам з Ім Божая ласка прыходзіць у наш бачны свет, у нашую працу, у нашае асяроддзе і нашае жыццё. Гэтым самым хрысціянскае Аб'яўленне «абагаўляе» зямлю.

Адзін чалавек наведаў кляштар і ўбачыў, як манахі з радасцю супольна моляцца і жывуць. Тады ён сказаў: «Якія яны шчаслівыя: могуць забыцца пра ўсе зямныя праблемы, — але потым дадаў: — Аднак яны не могуць пагарджаць грэшным светам, бо і ў яго прыходзіць Бог».

Сапраўды, Бог уцелавіўся больш за дзве тысячы гадоў таму і прыйшоў у наш свет. Але Яго ўцелаўленне працягваецца праз дзейнасць Касцёла, праз нас, праз нашую малітву і працу. Таму Божае Нараджэнне неабходна святкаваць увесь час. Усё наша жыццё — гэта наш Бэтлеем, у якім Бог з намі.

Папскі прапаведнік айцец Раньера Канталямэса, капуцын, прапануе наступнае тэалагічнае тлумачэнне таямніцы ўцелаўлення Бога і збаўлення. Пасля граху Адама чалавек апынуўся ў пастцы злога духа і павінен быў з ім змагацца, каб вярнуць сабе свабоду, аднак не мог яго перамагчы, бо нельга пазбавіцца ад кагосьці, будучы ў яго няволі. Бог, які мог перамагчы злога духа, не меў патрэбы з ім змагацца, таму што не зграшыў. У выніку ў свеце панаваў грэх, які вёў чалавецтва да духоўнай катастрофы.

Чалавек павінен быў змагацца, але не мог перамагчы; Бог мог перамагчы, але Яму гэта не было патрэбна. Такая сітуацыя нагадвала замкнёнае кола. Толькі Хрыстус як сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, кіруючыся бязмежнай любоўю Бога да грэшнага чалавека, змог разарваць гэтае кола і вывесці чалавецтва з тупіка, у якім яно апынулася. Ён перамог злога духа. Такім чынам праз Хрыста збаўленне прыйшло ў свет.

Бог у чалавечым целе прыйшоў у гэты свет у Бэтлееме. Сёння, пасля дваццаці стагоддзяў, Ён таксама прыходзіць да нас. Да Яго паспяшаліся пастушкі, тры Мудрацы з Усходу, але не пайшлі прывітаць ні кароль Ірад, ні фарысеі, ані магутныя гэтага свету.

А як жа мы самі? Ці гатовыя мы яго прыняць? Мы, людзі XXІ стагоддзя, усё больш абмяжоўваючыся сваімі інтарэсамі, пошукам прыемнасцяў, імкненнем да ўлады і багацця, давяраючы дасягненням розуму, развіццю навукі і тэхналогіі, — ці можам мы з пакораю прыняць праўду ўцелаўлення Бога? Ці можам дапусціць, што сярод нас з'яўляецца сам Бог? Гэтыя і падобныя пытанні ўзнікаюць кожны дзень.

Сучасны свет, а асабліва Еўропа, усё больш секулярызуецца, адмаўляецца ад Бога і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Прымаюцца супярэчныя Божаму закону і духу Евангелля законы. Не шануецца Богам створаны інстытут сям'і. Самыя новыя дасягненні генетыкі выкарыстоўваюцца для маніпуляцыі з найбольш каштоўным Божым дарам, якім з'яўляецца дар жыцця. Вядзецца прапаганда згубнай гендарнай ідэалогіі, якая адкідае праўду аб тым, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну (Быц 1, 27), і сцвярджае, што пол чалавека залежыць ад культурных абставін, у якіх ён жыве, і таму можа змяняцца. Гэтым самым яна пераварочвае Богам створаны парадак дагары нагамі. Парушаюцца прынцыпы сацыяльнай справядлівасці. Тэрарызм і гібрыдныя войны становяцца новай пагрозай. Вялікай праблемай з'яўляецца міграцыя. Сучасная культура і СМІ замест таго, каб умацоўваць духоўныя каштоўнасці, іх абвяргаюць.

Свет перажывае нябачаны раней крызіс веры. У імя свецкасці завуалявана абмяжоўваецца яе публічнае праяўленне, і яна ўсё часцей зводзіцца да прыватнай сферы. Каб не абражаць, маўляў, пачуцці прадстаўнікоў іншых рэлігій ці культур, робяцца спробы стварыць уніфікаваную мадэль жыцця, выкараніць вядомыя і паважаныя ўсімі традыцыі, змяніць іх назвы, сімвалы ці месцы. У выніку разбураюцца асновы веры з мэтай абмежавання яе ў калектыўнай свядомасці; усё зводзіцца да неакрэсленых успамінаў пра традыцыю.

Ці ў такой сітуацыі мы часам не падобныя да людзей, якія ў сінагозе ў Назарэце не хацелі слухаць Езуса? Яны казалі: «Ды хто Ён такі, што нас павучае? Мы ж Яго добра ведаем, Ён сын Марыі і Юзафа» (Мк 6, 1—6). Ці мы не падобныя да слухачоў святога апостала Паўла ў афінскім Арэапагу, якія кпілі з яго, кажучы: «Паслухаем цябе іншым разам» (Дз 17, 32)?

Крызіс веры вядзе да крызісу надзеі, які ўсё часцей адчуваецца ў сучасным свеце. Людзі губляюць надзею і перастаюць верыць у сваё вечнае прызначэнне. Свет, які жыве без Бога, не ведае або не хоча ведаць праўды пра тое, што Хрыстус Збаўца даў пачатак новаму стварэнню. Навізна Евангелля заключаецца ў тым, што калі чалавеку здаецца, што ён зрабіў усё магчымае і не змог дасягнуць жаданага выніку, то Бог перамагае, бо для Яго няма рэчаў немагчымых. Неабходна толькі дазволіць Яму дзейнічаць.

Сутнасць праблемы заключаецца ў «спакусе ўцелаўлення»; у шакуючым факце таго, што Бог з'яўляецца сярод людзей у чалавечым целе і ў звычайных абставінах. Уцелаўленне Бога палохае сучасны свет, таму што Бог прыходзіць да кожнага з нас, прыходзіць з чалавечым сэрцам і тварам, каб быць блізка да нас і нагадаць аб Божай праўдзе.

Сёння, калі Збаўца прыходзіць у наш беларускі Бэтлеем, услухаемся ў галасы анёльскіх хораў, якія абвяшчаюць хвалу Богу на вышынях і супакой людзям добрай волі. Яны спяваюць і на нашай зямлі. Паспяшаемся да Яго, як паспяшаліся пастушкі. Станем у цішыні каля ясляў з Немаўляткам Езусам і ў Ім вачыма душы ўбачым Збаўцу, каб «спакуса ўцелаўлення» стала нашай радасцю і каб радасць гэтая была поўнай (Ян 15, 11).

Праўда ўцелаўлення Бога заклікае да таго, каб мы сваім хрысціянскім жыццём неслі Хрыста ў наш свет, які мае ў Ім патрэбу. Сапраўднае хрысціянскае жыццё — гэта той шлях, па якім чалавек пакліканы ісці за Богам, а не спадзявацца толькі на дасягненні навукі і тэхналогіі або на гараскопы ў надзеі даведацца пра сваю будучыню. Хрысціянін павінен даверыцца Хрысту, які нарадзіўся ў Бэтлееме і нараджаецца сёння на нашай зямлі, каб прычыніцца да пабудовы свабоднага і маральнага грамадства.

Фундаментальным пытаннем сучаснасці з'яўляецца пытанне, ці ў нас дастаткова волі да захавання хрысціянскай спадчыны? Ці ў нас ёсць жаданне захаваць нашу хрысціянскую цывілізацыю ад знішчэння? Ці ў нас ёсць мужнасць бараніць нашу веру?

Можна мець добра развітую эканоміку, але калі мы не будзем жыць паводле духоўных каштоўнасцяў, то станем слабымі і безабароннымі. Каб быць моцнымі, неабходна адрадзіць духоўную сілу.

Не трэба забывацца пра тое, які вялікі і пазітыўны ўплыў на гісторыю чалавецтва і яго прагрэс аказала хрысціянства; як шмат яно ўнесла ў развіццё навукі і культуры, цывілізацыі любові і жыцця, гуманізму, абароны міру і сацыяльнай справядлівасці і гэтак далей.

Калі мы сустракаемся з новымі выклікамі, праявамі маральнага рэлятывізму і змрочных перспектыў на будучыню, то пачынаем адчайвацца перад цяжарам штодзённага жыцця і не ведаем, як стаць дзейнымі асобамі гісторыі. У той жа час сустрэча з Хрыстом унутрана перамяняе, бо з'яўляецца сапраўднай рэвалюцыяй сэрца, якая здольная павярнуць кола гісторыі. Абуджанае праўдай Божага ўцелаўлення чалавецтва нараджае новых герояў і дапамагае ацэньваць падзеі свету ў святле Евангелля, адрозніваючы дабро ад зла і часовыя прыемнасці ад вечнай радасці.

Дарагія браты і сёстры!

Прыйсце Божага Сына ў асобе чалавека ў наш свет стала пачаткам ажыццяўлення Божага плана збаўлення. У безабаронным Немаўляці праявілася бязмежная Божая любоў, якая не цуралася і па-ранейшаму не цураецца схіліцца над грэшным чалавекам, каб яго выратаваць ад вечнай смерці і даць яму новую надзею.

Святкаванне таямніцы ўцелаўлення Божага Сына дазваляе нам чарговы раз наблізіцца да праўды пра Бога, які хоча быць блізкім да кожнага з нас, які хоча напоўніць святлом сваёй святой прысутнасці нашае жыццё і нашыя справы, якія праз грэх ахінае цемра духоўнай смерці.

Віншую ўсіх вас з Нараджэннем Хрыстовым!

Віншую католікаў і тых хрысціянаў, якія сёння адзначаюць гэтае свята!

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія будуць святкаваць Хрыстова Нараджэнне праз два тыдні!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Ад усяго сэрца жадаю ўсім вам поўнай супакою духоўнай пілігрымкі ў бэтлеемскую пячору і сустрэчы з Нованароджаным, які выклікае захапленне ад сузірання Яго святога аблічча.

Няхай дзякуючы таямніцы ўцелаўлення Бога наша Айчына стане Бэтлеемам XXІ стагоддзя, каб у ёй кожны дзень праз сваю ласку нараджаўся Езус! Няхай Ён адорыць нас сваім супакоем! Няхай узбагаціць новай надзеяй, якая не толькі ў палітычнай ці эканамічнай свабодзе або ў рэформах, але перадусім у Богу! Няхай блаславіць нас і вядзе шляхам Евангелля ў шчаслівую будучыню!

Беларусь, не бойся прыняць Езуса, бо ў Ім наша надзея і шчаслівая будучыня!

Поўных ласкі Пана і Яго супакою свят Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года! Усведамленне прысутнасці Слова, Якое «сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14) няхай суправаджае нас ва ўсіх нашых ініцыятывах у гэты новы перыяд нашага жыцця!

Раздзяляючы з усімі вамі радасць прыйсця Сына Божага ў свет, на знак еднасці дзялюся традыцыйнай аплаткай. Як яна складаецца з многіх зярнятак, таксама і мы будзьма адзіныя ў Езусе Хрысце, каб нашая радасць была поўнай (Ян 15, 11)!

Свае пажаданні ўмацоўваю бласлаўленнем у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч,

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.