Вы тут

Агляд чытацкай пошты


У выбары прафесіі ўсе людзі кіруюцца розным. Нехта працягвае сямейныя традыцыі бацькоў ды дзядоў ці бярэ прыклад з іншых, нехта — здзяйсняе ўласныя мары, а па сённяшнім часе дык, можа, і шукае, дзе лягчэй ці болей заплацяць...


Людмілу Краўцову на трактар «загнала»... крыўда.

Так атрымалася, што маці гадавала яе адна: бацька з'ехаў як быццам на заробкі і вярнуўся адтуль ужо з новай сям'ёй, іншыя сваякі таксама ўвагай не песцілі. Вось яны і стараліся з усім спраўляцца самі: дзяўчына, каб не чуць ад людзей балючае: «Як жа вы надакучылі са сваімі просьбамі!», з маленства навучылася касіць, араць, баранаваць... Але ж гэтага было мала.

Неяк на вуліцы яна сустрэла заплаканую маці, спытала, што здарылася, а тая нават сказаць не магла, бо слёзы каціліся градам. Прычына іх высветлілася трошкі пазней. У іх канчаліся дровы, а доўгая ды халодная зіма — толькі пачыналася. «Я зноў да трактарыста схадзіла, — расказвала маці. — Кажу яму, што няма чым у печы прапаліць, што трэба прывезці дровы. А той нават вухам не вядзе! Не паеду і ўсё тут».

Іншае дзяўчо ў такім выпадку разам з маці магло б паплакаць. А вось гэтае, поўнае рашучасці, пайшло да трактарыста. Чырванеючы ад сораму — і за сябе, і за нядобрага дарослага дзядзьку — строга спытала: «У вас сумленне ёсць ці не? Колькі вы будзеце здзекавацца з маёй мамы? Яна ж не за «дзякуй» просіць! І дазвол на трактар ёсць, і паперка на аплату... Дык чаго яшчэ вам трэба? А ну, паехалі!»

Не сказаць, што сталы мужчына вельмі спалохаўся, пачуўшы гэты загад, але ж крыху памякчэў. «Добра, — згадзіўся, — лезь у кабіну. Паедзем». Па дарозе яны разгаварыліся, Людміла папрасіла «паруліць». Ненадоўга ўступіўшы ёй месца, дзядзька расказаў, што і як ёй трэба рабіць. І тут жа мусіў прызнаць: «Адразу ловіш... Малайчына! З цябе добры трактарыст атрымаўся б! Можа, пойдзеш вучыцца?»

Спытаў ён гэта проста так, без задняй думкі, ды дзяўчына запомніла. А потым яшчэ і падумала, ну чаму б і праўда не паспрабаваць, не пайсці шляхамі знакамітай Пашы Ангелінай?.. Яшчэ і для таго, каб нікому ніколі не кланяцца, не прасіць дапамогі.

Такім чынам пасля школы яна паехала вучыцца ў Слаўгарадскае СПТВ на трактарыста.

...Матуля, трэба сказаць, досыць балюча перажывала выбар дачкі (цяжкая праца, не жаночая...), але ж калі тая пасля вучобы пад'ехала да хаты на сталёвым кані, сорам змяніўся на гонар. Ды і новыя падставы для яго ўвесь час з'яўляліся: то добрыя словы ад людзей, то граматы і прэміі ад начальства, то здымкі ў газетах... Адно і ледзь не штодня казала матуля, адпраўляючы дачку на работу: каб не ганарылася, не ўзносіла сябе над іншымі, каб па магчымасці не адмаўляла людзям у просьбах. Хоць пра гэта магла і не казаць, бо Людміла ніколі не забывалася на сваё гаротнае маленства, на пагарду, з якой іншыя ставіліся да просьбаў маці...

Між тым праляталі гады і мянялі ў жыцці Людмілы не толькі сямейнае становішча. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС яна вымушана пакінула найпрыгажэйшыя мясціны дзяцінства, родную вёску і сваю Магілёўшчыну — апынулася ў саўгасе «Любушанскі» Бярэзінскага раёна. Усё ў той жа «ролі». Трэба сказаць, што «іграючы» яе, жанчына заўсёды помніць наказ аднаго са сваіх старэйшых калег: «За рулём трэба ганарыцца тым, што ты — трактарыстка, а  пакідаючы яго, выглядаць на артыстку».

Яна так і робіць: усе трыццаць з гакам гадоў заўжды акуратная, заўжды з лёгкім макіяжам і нават з... пахам парфумы.

Цяпер Людміла Віктараўна працуе ў Бярэзінскім аграсэрвісе. 15 кіламетраў ад дома ў Любушанах, дзе жыве, да райцэнтра штодня адольвае на сваім аўто. Праўда, цяпер, зімою, яе МТЗ-82 адпачывае. Трактарыстка падпрацоўвае на жывёлагадоўчай ферме і з нецярпеннем чакае вясны, каб пачуць любімую музычную «рапсодыю» — гул трактара.

Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён


Ад рэдакцыі.

З аўтаркай гэтых радкоў грэх не пагадзіцца: прафесіі і сапраўды ўсе выбіраюць па-рознаму.

Шаноўная Ніна Мацвееўна (дарэчы, падпісчыца «Звязды» з вельмі вялікім «стажам») па адукацыі педагог, працавала настаўніцай, старшынёй сельскага Савета, сакратаром райкама партыі, загадчыцай аддзела сацыяльнай абароны райвыканкама... І ўвесь гэты час — пісала, прычым не толькі справаздачы аб праведзенай рабоце. Пастаянна кантактуючы з людзьмі, часам цудоўна ведаючы сем'і ды на ўласным вопыце тое, што ім давялося перажыць, Ніна Мацвееўна спяшалася расказаць гэта іншым...

А зрэшты, чаму спяша-лася? Яна спяша-ецца! Піша. Носіць ганаровае званне народны журналіст. Друкуецца на старонках раённай газеты і, як той казаў, мае кніжкі! Першая — з публікацый з раёнкі — «Сонца дня майго — людзі» выйшла на пачатку 2011-га, другая — сёлетняй восенню. І ў абедзвюх (чужыя лёсы, як свае) — расказы пра любімых землякоў, найбольш — пра ветэранаў і дзяцей вайны, людзей і сапраўды гераічнага пакалення, якое, на жаль, сыходзіць, часам — не напісаўшы ўспамінаў, не расказаўшы аб усім перажытым і, што самае крыўднае, не пачуўшы падзячных слоў. «Мне заўжды было крыўдна, — падчас прэзентацыі кнігі казала аўтарка, — што калі чалавек памірае, чаго толькі людзі аб ім не скажуць! Маўляў, і разумны ён быў, і працавіты, і дом пабудаваў, і дзяцей годных выхаваў, і бацькоў дагледзеў, і суседзям дапамагаў, і выручаў... Але ж ён не чуе ўжо, а, пачуўшы, можа, яшчэ гадоў з дзесяць пажыў бы...»

Дзесяць не дзесяць, але ж чыстая праўда! Як пісаў Еўтушэнка: «Людей неинтересных в мире нет. Их судьбы — как истории планет...» Цікавыя (без сумневу!) не толькі родным ды блізкім. Іх трэба толькі адкрыць...

Застаецца дадаць, што кніга выдадзена па ініцыятыве раённай бібліятэкі і там жа ўсе ахвотныя могуць яе замовіць.


Не паспеў...

Жыў некалі ў нашай вёсцы адзін мужчына. Лёгкі быў на язык... Да таго ж па маладосці служыў матросам на славутым крэйсеры «Аўрора». Гэта і дапамагло яму — уступіў у партыю. (Не пішу, у якую, бо яна тады адна была, а хто не ведае, якая, — хай спытаецца ў старэйшых.)

І вось першае даручэнне партыйцу — выступіць перад калгаснікамі з лекцыяй.

Тэма яе цяпер не ў памяці, але тое, што лектар падрыхтаваўся — факт. Ён досыць смела выйшаў да людзей. Разлічваў, мусіць, што слухаць яго будуць, як дзеці настаўніка. Але ж дзе там! Мужыкі, з якімі дагэтуль не раз чаркаваў, сталі перапыняць яго, задаваць розныя нязручныя пытанні, нават пасмейвацца з адказаў...

Ну каму такое спадабаецца? Вось і лектар, трохі пацярпеўшы, не вытрымаў, заявіў прысутным, што, маўляў, мы камуністы, жылі і будзем жыць, а вось вы...

Пра гэты выпад тут жа стала вядома ў пэўных органах, і сярод камуністаў лектар не затрымаўся.

Вось так хутка і бясслаўна, можна сказаць, не пачаўшыся, скончылася партыйная кар'ера. Не паспеў чалавек «пажыць».

Яўген Шастакоў,

г. Гомель.


За годам год

Хутаранка цётка Клава

Выглядае маладжава.

І да вечара з відна

Скрозь спраўляецца адна.

Ёсць у цёткі, праўда, дзеці,

Ды яны заняты дзесьці.

Ці то здуру, ці то з гора

Трэба ехаць ім на мора

І чаго, вам не скажу,

Летам гойсаць за мяжу...

А зімой — не тая справа:

Едуць госцікі да Клавы!

Бо кароўка тут, бычок,

Сальца, бульба, кумпячок...

Хоць не блізка ад сталіцы,

Але ёсць чым пажывіцца.

Іх вясной — не заманіць...

Трэба ўсё самой рабіць.

...Так, жыве яна нялёгка,

Праўда, мае і палёгку:

Ёсць пашана, ёсць і слава...

Не хварэй жа, цётка Клава!

І. Астроўскі,

г. Мінск.

Пошту чытала Валянціна Доўнар


Класіка: «Кожны год да нас прыходзіць новым, а сыходзіць змрочным і старым...»

На «стыку» іх — не з нас пачалося, хай не з намі і скончыцца — неяк міжволі спыняешся, азіраешся назад: успамінаеш найлепшае сваё (і, вядома ж, найгоршае, калі яно было...), радуешся набыткам, «фіксуеш» змены — у сям'і, у вёсцы ці горадзе, у краіне, строіш планы...

Зрэшты, загадзя «распаўсюджвацца» пра іх (можа, каб не сурочыць?) звычкі няма, а вось расказваць аб перажытым...

Ну, чаму б і не?! Можна — і ў так званым вузкім коле сямейнікаў ды сяброў, і ў досыць шырокім...

«Мой год» так будзе называцца адна са староначак у навагоднім нумары «Звязды». Яна для ўсіх, каму ёсць што расказаць, хто захоча і зможа гэта зрабіць.

Найлепшыя лісты надрукуем, фотаздымкі (калі дашляце) вернем.

Так што пішыце (калі ласка, з нумарамі тэлефонаў для аператыўнай зваротнай сувязі) і, вядома ж, выпісвайце — найстарэйшую, родную на роднай мове... Каб чытаць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.