Частка Пакрова Багародзіцы і часцінка мошчаў велікамучаніка Панцеляймона сёння прыбудуць у Барысаў.
Святочная сустрэча святынь адбудзецца ў кафедральным саборы Уваскрэсення Хрыстовага ў 16.30. Вернікі змогуць прыняць удзел у хрэсным ходзе і богаслужэнні, арганізаваным у гонар падзеі.
Малебен правядзе епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін. На тэрыторыі Барысава і раёна святыні будуць да 28 снежня.
Мошчы і частка Пакрова будуць выстаўлены для ўшанавання і ў іншых населеных пунктах Барысаўскай епархіі. Святыні прыбудуць у Жодзіна, Слабаду, Смалявічы, Мар'іну Горку, пасёлак Дружны, Чэрвень, Лагойск, Зембін і Лошніцу.
«На Барысаўшчыну мошчы велікамучаніка Панцеляймона і частка Пакрова Божай Маці прыбылі з Элісцінскай і Калмыцкай епархіі Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата», — паведамілі ў прэс-службе Барысаўскай епархіі.
Асноўнае палатно Пакрова Прасвятой Багародзіцы — галоўная святыня французскага горада Шартр. Згодна з паданнем, менавіта ў гэтае адзенне ў момант нараджэння Хрыста была ўбрана Божая Маці, якое яна потым захоўвала ўсё жыццё.
Велікамучанік Панцеляймон празваны лекарам. Па дапамогу да яго звяртаюцца хворыя на цялесныя і духоўныя немачы. Пры жыцці Панцеляймон (на тэрыторыі сучаснай Турцыі, ІІІ—ІV стагоддзі) быў доктарам, таму яго лічаць заступнікам урачоў.
Марыя ДАДАЛКА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?