Вы тут

ВНУ трэба рыхтаваць спецыялістаў з развітымі навыкамі прадпрымальнікаў


Беларуская сістэма адукацыі павінна рыхтаваць спецыялістаў новай фармацыі з добра развітымі прадпрымальніцкімі навыкамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы са студэнтамі гродзенскіх ВНУ, піша БЕЛТА.


"Сістэма адукацыі павінна заахвочваць ініцыятыву, рыхтаваць спецыялістаў новай фармацыі з добра развітымі прадпрымальніцкімі навыкамі. Гэта патрабаванне сучаснага свету. Часта мы пакутуем менавіта ад таго, што не ўмеем выгадна прадставіць інтарэсы і магчымасці нашай краіны за мяжой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што гарадзенскія ВНУ з'яўляюцца інтэлектуальным цэнтрам не толькі вобласці, але і па асобных напрамках - усёй краіны. "У сувязі з гэтым трэба, каб умовы навучання былі максімальна набліжаны да рэальных умоў будучай дзейнасці", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У Беларусі актыўна выкарыстоўваецца мадэль "Універсітэт 3.0", працуе па ёй і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. "Вынік гэтай праграмы - ваша сённяшняя прэзентацыя. Вядома ж, па тых напрамках, якія былі прадстаўлены, яна ўражвае", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Для дзяржавы важна своечасова заўважыць студэнтаў з ярка выяўленымі лідарскімі якасцямі, накіраванымі на палітычную кар'еру, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Калі вы будзеце арыентаваны і на дзяржаўную службу, я буду гэта толькі вітаць, - сказаў ён. - Кіраўніцкія навыкі трэба развіваць. Для гэтага ў нас існуе Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце. Зараз мы фарміруем там цэласную сістэму адбору прэтэндэнтаў на атрыманне другой вышэйшай адукацыі. Я даручыў, каб пакінулі невялікае месца для таго, каб маглі і пасля сярэдняй школы там атрымліваць адукацыю, але толькі самыя таленавітыя і перспектыўныя".

"Калі кіраўнікі, пачынаючы ад старшыні райвыканкама і заканчваючы Прэзідэнтам, будуць талковымі, адукаванымі, гатовымі выконваць свае функцыі, краіна будзе нармальнай. Пераважная колькасць нашых поспехаў залежыць ад таго, якое кіраванне. Таму буду вельмі рады, калі ў вас з'явіцца дзясятак-другі будучых дзяржслужачых, кіраўнікоў. Мы гатовыя іх прыняць у Акадэмію кіравання, таму што гэта будзе зусім новая навучальная ўстанова", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дастойных і гатовых да дзяржслужбы маладых людзей у Беларусі будуць усяляк падтрымліваць.


Аляксандр Лукашэнка: Беларусь - адна з лепшых краін для жыцця

Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу звярнуў увагу на выгаднае геаграфічнае размяшчэнне Беларусі - на скрыжаванні транзітных шляхоў. Гэта стварае добрыя ўмовы для заробку людзей, эканамічнага развіцця краіны.

"Цяпер праз Беларусь рухаецца ўсё. Таму што ціхая, спакойная транзітная краіна. Ну, акажы паслугу чалавеку, які вязе тавар. Я утрыравана кажу: дзесьці адрамантуй машыну, прапануй дранікі яму. У нас на трасе ад Смаленска да Брэста ўсюды добрыя вёскі і гарады, - адзначыў Прэзідэнт. - Так, мільярдэрам доларавым, як у Расіі, не станеш. І не трэба ".

"Я бачу Беларусь як зручную для жыцця. І той, хто хоча тут жыць спакойна, гадаваць сваіх дзяцей і хоча зарабіць, ён гэта заўсёды можа атрымаць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама заўважыў, што ўсе задаволеныя быць не могуць. І для таго, каб чагосьці дамагчыся, неабходна прыкласці намаганні, як напрыклад, падчас вучобы ў ВНУ. "Той будзе паспяховы, хто, зрываючы пазногці і пальцы, караскаецца на гэтую гару, атрымліваючы адукацыю, навучаючыся і атрымліваючы жыццёвы вопыт, займаецца сабой. Той атрымае больш. Усё залежыць ад чалавека", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"У нас добрая краіна. У яе назад дадому хочацца вяртацца", - дадаў беларускі лідар.


Прэзідэнт прапанаваў адпраўляць студэнтаў у армію на летніх канікулах

"Скосіш ад арміі - потым не ведаю, на кім ты жэнішся. Сёння дзяўчынка хоча, каб побач з ёю быў мужык, а не проста хтосьці там у штанах хадзіў. І таму зараз я думаю, а як хлопцаў, якія паступілі ў ВНУ, падрыхтаваць і зрабіць мужыкамі. Мы ж ім адтэрміноўку даем, а потым ім пасля таго, як скончаць ВНУ, ужо не хочацца служыць, яны шукаюць розныя спосабы..."- адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, адпраўляць студэнтаў у войска можна на пару месяцаў падчас летніх вакацый. Пасля першага курса яны змогуць атрымаць пачатковую ваенную падрыхтоўку, пасля другога - асвоіць ваенную спецыяльнасць. "Але ў залежнасці ад таго, да чаго ён больш схільны і чым займаецца ў ВНУ. Калі ён радыёэлектронікай займаецца, значыць, будзе С-300 асвойваць", - прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

Працягнуць вайсковыя зборы можна і на наступных курсах. Так, маладыя людзі фактычна пабываюць у войску, але не адрываючыся ад вучобы. "Пасля заканчэння ВНУ, калі ён ужо панюхае гэты порах, ён будзе добрым спецыялістам. Ён атрымлівае афіцэрскае званне і дзесьці яшчэ тры месяцы пасля ВНУ служыць як афіцэр, рыхтуе моладзь і гэтак далей", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што рэалізаваць гэта ў Беларусі, кампактнай краіне, не праблема. Аднак ён звярнуў увагу, што гэта ўсяго толькі адзін з магчымых спосабаў вырашэння праблемы, звязанай з ухіленнем ад тэрміновай службы. Пакуль прымаць такое рашэнне не плануецца, прапрацоўваюцца розныя варыянты.

"Але мужык павінен умець размаўляць са зброяй. У адваротным выпадку ён не зможа абараніць сваю сям'ю, свайго дзіцяці, жонку, маці. Гэта ж наша функцыя - абараняць і памерці дзеля жанчыны. Так было заўсёды", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка: Імкненне моладзі атрымаць адукацыю за мяжой трывожыць

"Ёсць яшчэ тэма, якая патрабуе ўвагі дзяржавы, і яна трывожыць, - гэта імкненне маладых людзей атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, гэтае пытанне трывожыць нават не толькі з таго пункту гледжання, што людзі хочуць вучыцца за мяжой. "Горш, калі таленавітыя маладыя людзі, па-першае, з'едуць за мяжу, атрымаўшы адукацыю тут, а па-другое, калі яны там атрымаюць адукацыю і там застануцца, - растлумачыў ён. - Я вас не агітую за тое, каб вы кудысьці не ехалі або ехалі. Калі вы ўжо задумалі, то, напэўна, паедзеце або атрымаеце тут адукацыю і будзеце там працаваць. Гэта ваша справа. Але мая вам парада - не спяшайцеся, спачатку разбярыцеся, дзе вам лепш".

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што патрапіць у вышэйшы эшалон грамадства за мяжой немагчыма. "Вы заўсёды будзеце там чужымі людзьмі, другога сорту, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Дзве тысячы чалавек, якія атрымліваюць там адукацыю, і, можа, палова з іх застаецца, - гэта не праблема для дзяржавы. Але ўсё роўна я як Прэзідэнт хацеў бы, каб нашыя маладыя людзі атрымлівалі адукацыю і працавалі тут".


Прэзідэнт катэгарычна супраць сляпога капіравання чужых сістэм адукацыі

"Я катэгарычна супраць таго, каб мы слепа капіравалі чужыя сістэмы адукацыі, у нас свая нядрэнная. Гэтую сістэму ламаць не трэба, яе трэба ўдасканальваць, прыстасоўваючы да сучасных умоў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі часам робяцца спробы зламаць існуючую сістэму адукацыі і прыўнесці ў яе не заўсёды станоўчыя навіны. "Можа быць, не так, але ў мяне склалася такое ўражанне, што ўсіх пачалі рабіць бакалаўрамі, загоняць ўсіх у магістратуру - вось тады ты будзеш сапраўды спецыялістам. Гэта няправільна, - лічыць Прэзідэнт. - Спецыяліст - гэта той, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю ў універсітэце. Хочаш быць навукоўцам - калі ласка, ідзі ў магістратуру, аспірантуру ".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў хуткім часе правядзе нараду, падчас якой члены ўрада даложаць, як выконваюцца яго даручэнні па развіццю сістэмы вышэйшай адукацыі ў краіне.

"Я глядзеў на вашых рабят, якія прадстаўлялі свае работы, і мяне не пакідала думка: ды нармальна хлопцы, абсалютна, як у нас прынята казаць, на еўрапейскім узроўні. Яны нават вышэйшыя за іх. Навошта, пытаецца, ламаць адукацыю ва ўніверсітэце? Сапраўды гэтак і ў іншых ВНУ. Удасканальваць - трэба. Але для гэтага нам не трэба ні сістэму ламаць, ні нашых людзей. Патрэбныя сучаснае абсталяванне, методыкі, зносіны, каб вы бачылі, якога ўзроўню дасягнулі вашыя канкурэнты. І ў гэтай канкурэнтнай барацьбе трэба перамагаць, калі мы хочам чагосьці дамагчыся ", - перакананы кіраўнік дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка падзяліўся са студэнтамі ўражаннямі пра Гродзенскую вобласць

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яшчэ ў часы СССР прыязджаў вучыцца ў Гродзенскую вобласць. "Гэта была самая развітая, лепшая вобласць у Савецкім Саюзе. Квітнеючы сад. Я сам як кіраўнік прыязджаў сюды вучыцца апрацоўваць бульбу, сеяць збожжавыя, атрымліваць велізарныя ўраджаі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, цяпер Гродзенская вобласць таксама узор для іншых рэгіёнаў, адно з самых зручных месцаў для жыцця ў краіне.

Падчас V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ўразіў парадак на палях у Магілёўскай вобласці. На што Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта яшчэ не лепшы рэгіён і запрасіў калегу наведаць Гродзенскую вобласць.

Прэзідэнт растлумачыў, чаму не так часта наведвае абласны цэнтр. "У Гродне, так, бываю радзей, але гэта таму, што тут добра працуюць. А вось у Гродзенскай вобласці бываю вельмі часта, часам нават ніхто гэтага не бачыць, гляджу, як тут сеюць і прыбіраюць", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на развіццё абласнога цэнтра. У Гродне ёсць выдатны стары горад, прыгожыя новыя раёны. Аднак неабходна больш увагі надаваць добраўпарадкаванню, азеляненню. Таксама неабходна працаваць над стварэннем новых, сучасных вытворчасцей.

"Я шчаслівы чалавек як Прэзідэнт, у мяне радзіма - уся мая Беларусь. Часцінка майго сэрца ў розных кутках Беларусі. Так, я нарадзіўся на ўсходзе, атрымліваў тут адукацыю, служыў на заходняй мяжы на Брэстчыне. А з Гродзенскай вобласці пачынаў першую перадвыбарчую кампанію" , - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Цёплыя пачуцці таксама ўзнікаюць пры наведванні Гомельскай, Віцебскай абласцей.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.