Вы тут

На ніве ля Тургенеўкі


У Іркуцкай вобласці ў чарговы раз прайшлі беларускія Дажынкі


Магло ўсё на гэты раз і не адбыцца, хоць актывісты з Іркуцкага беларускага клуба “Крывічы” рыхтаваліся да свята загадзя. Але надвор’е сапсавалася, пайшлі моцныя дажджы, за імі ўслед — вірусныя хваробы… Стойкіх целам і духам і сярод тых, хто быў настроены па-баявому, аказалася няшмат. І ўсё ж прыгожае, запамінальнае традыцыйнае беларускае свята Дажынкі-2018 мы 15 верасня правялі.

Напярэдадні, як заўсёды, распаўсюдзілі абвестку, запрасілі на свята ўсіх ахвочых. Абяцалі тры гадзіны цікавага інтэрактыву, спеваў, рытуальных дзеяў з пагружэннем у даўнюю эпоху, жыццё беларускіх сялян. Спланавалі свята правесці на ніве фермерскай гаспадаркі, непадалёк ад беларускай вёскі Тургенеўкі: гэта 140 кіламетраў ад Іркуцка, Баяндаеўскі раён. Пісалі, што будзе зладжана калона, каб машыны рухаліся разам, бо ніву дажынкавую сам не кожны знойдзе. Рыхтаваўся і традыцыйны беларускі абед у полі, а таксама прама там, на вогнішчы спланавалі згатаваць страву сыту і гарбатку пад назвай звар. А паколькі свята мы ладзім самі, то ўводзім арганізацыйны збор. На гэты раз кожны, хто ехаў з намі ў аўтобусе, даваў 600 рублёў, хто ў сваім аўто — 400, дзеці ж да 10 гадоў — бясплатна.

Вынік захадаў такі: дажынкавы дэсант — 31 добраахвотнік! — з Іркуцка мужна паехаў у дождж, каб прадоўжыць традыцыю продкаў, правесці абрад “Дажынкі” на полі фермерскай гаспадаркі ИП “Шкилевич”. Вельмі дапамаглі нам там Віктар Віктаравіч Сінкевіч, якога мы называем кіраўніком Тургенеўкі, а яшчэ тамтэйшы гурт “Варэнічкі”, якім кіруюць Любоў Парфёнава ды Ксенія Васільева. Так што ўсіх удзельнікаў свята — пад паўсотні набралася.

Мы правялі на ніве абрад-падзяку Зямлі-карміцельцы паводле старажытных традыцый беларусаў. Спачатку сярпамі жалі пшаніцу, як тое рабілі нашы продкі спрадвеку. Потым звязалі “бараду” й палолі яе (каб будучы ўраджай быў без пустазелля), палівалі (каб у наступным годзе было дастаткова дажджоў), збіралі каласы разам (каб колас на будучай ніве стаяў густа). А ўрэшце й закапалі разам з пяццю каласкамі акрайчык хлеба, аддаючы даніну Зямлі-карміцельцы. Усе абрадавыя дзеянні зладзілі пад старадаўнія дажыначныя песні дзяўчат з гурта “Крывічы”. Таксама з рытуальнымі словамі-замовамі збіралі мы галоўны Сноп-Гаспадар, звівалі галоўны Вянок з каласоў. Іх і ўручылі ўрачыста Гаспадарам Поля: Алегу і Марыне Шкілевічам.

Жнеі на ніве

Не абышлося й на гэты раз без традыцыйных абрадавых карагодаў: “Кола”, “Крывы танок”, “Пляцень”, “Качан”. А затым былі танцы, прычым з майстар-класам па традыцыйных беларускіх. Развучваўся й “новы” танец, запісаны намі ў адной з этнаграфічных экспедыцый па вёсках Іркуцкай вобласці, заснаваных беларускімі перасяленцамі.
5 гадзін праляцелі на ніве ля Тургенеўкі непрыкметна. Я дзякую ўсім удзельнікам нашага свята, найперш актывістам клуба “Крывічы”, якія рыхтавалі й праводзілі Дажынкі-2018 — гэта Воля Галанава, Таня Чарапанава, Ян Фадзееў, Дзяніс Белавусаў, Юрась Казаброд, Алесь Стасевіч, Вадзім Рудакоў ды іншыя “крывічы”. Паклон і ўсім тургенеўцам, асабліва — Маргарыце Асечкінай, якая добра справілася з роляй галоўнай жняі-пастацянкі. Вялікая падзяка ўсім, хто рыхтаваў традыцыйны вясковы абед у полі на вогнішчы, найперш Волі Галанавай — за смачную кашу сыту і прыемны травяны звар. Фотаздымкі з нашых Дажынак?2018 глядзіце ў Facebook на маёй старонцы.

А наперадзе ў нас — свята Пакровы. Таксама будзем адзначаць! А вы?

Алег Рудакоў, г. Іркуцк

Фота Алеся Стасевіча

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.