Вы тут

У дапамогу сябрам


Пра Бацькаўшчыну і яе таленавітых, майстравых людзей на розных кантынентах яскрава гавораць надзейныя, універсальныя працаўнікі пад брэндам “Беларус”

Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон падчас наведвання зборачнай вытворчасці сельгастэхнікі ў Гісары

Сёлетні вераснёўскі рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Таджыкістан акрэсліў новую старонку ў гісторыі трактара “Беларус”: пачынаецца ягоны шлях, асвоены яшчэ ў савецкі час, як у гэтую краіну, так і далей — у Афганістан.

Візіт, як вынікае з матэрыялаў калег з БелТА, завяршыўся 29 верасня. У аэрапорце горада Душанбэ Аляксандра Лукашэнку праводзіў асабіста Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. Візіт, нагадаем, прайшоў як пад знакам інтэграцыі, шматбаковага супрацоўніцтва ў рамках СНД (там паходзіла пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў садружнасці), так і двухбаковага беларуска-таджыкскага ўзаемадзеяння. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць Беларусі прымаць актыўны ўдзел у плане індустрыялізацыі Таджыкістана. Адзін з пунктаў плана — гэта сумесная зборачная вытворчасць трактарнай тэхнікі ў горадзе Гісар. Як і было абяцана раней, кіраўнікі дзяржаў асабіста выязджалі пракантраляваць, як выконваюцца іх даручэнні. Засталіся задаволеныя ўбачаным, да таго ж абмеркавалі ў Гісары далейшыя планы па развіцці прамысловай кааперацыі на пляцоўках у Таджыкістане.

“Рахмону падарылі сертыфікат на трактар “Беларус” — і такі загаловак знаходзім у нэце па выніках сустрэч у Таджыкістане. Прэзідэнту Эмамалі Рахмону, варта ўдакладніць, сапраўды падарылі сертыфікат на трактар “Беларус” мадэлі 82.1. Таджыкскі лідар падзякаваў за падарунак, адзначыўшы, што ён будзе запатрабаваны ў гаспадарцы.

Кіраўнікі дзяржаў у Гісары агледзелі вытворчую тэрыторыю прадпрыемства, новы вялікі цэх, дзе пачалася зборка трактароў для пастаўкі ў Афганістан. Гендырэктар Мінскага трактарнага завода Фёдар Дамаценка распавёў высокім гасцям пра перспектывы гэтай вытворчасці. Размова, у прыватнасці, была й пра сумесны выпуск навяснога абсталявання, пашырэнне яго асартыменту. І ўжо да наступнага сезона спецыяльна для ўмоў гэтай краіны можа быць адкрыта лінія па зборцы самаходных горных касілак — іх распрацавалі беларускія канструктары. Прэзідэнт Таджыкістана прапанаваў пад новыя вытворчасці выкарыстоўваць і пляцоўкі непасрэдна ў Душанбэ, дзе ёсць патрэба ў стварэнні новых працоўных месцаў. Прэзідэнты гутарылі з рабочымі, сярод якіх як таджыкі, так і беларускія грамадзяне, што займаюцца наладкай вытворчасці, навучаннем мясцовага персаналу.

Яшчэ навіна: беларускія трактары сваім ходам пойдуць з Таджыкістана ў Афганістан. Пра тое ў плыні падзей расказаў журналістам Амбасадар Беларусі ў Таджыкістане Алег Іваноў. Ён удакладніў: у Гісары ўжо гатова другая чарга зборачнай вытворчасці па выпуску сельгастэхнікі. Адкрыты і шоў-рум, дзе прадстаўлена ўсё, што можа прапанаваць Беларусь у галіне машынабудавання і спадарожных тавараў: ад шын і матораў да найсучасных энерганасычаных трактараў. “Прэзідэнты даручылі падумаць аб выхадзе з сумеснай прадукцыяй на трэція краіны, — гаварыў Алег Іваноў. — Мы ў Беларусі даўно пра тое гаворым, і цяпер плануем падпісаць першы кантракт на пастаўку ў Афганістан сабраных тут трактароў у трапічным выкананні. У Беларусі ж іх не выраблялі гадоў 15. Афганцы папрасілі для іх рынку аднавіць выпуск гэтых мадэляў. Хутка з канвеера сыдуць першыя трактары, якія сваім ходам адправяцца ў Афганістан”. Важна, што ў Таджыкістане па даручэнні кіраўнікоў дзяржаў адкрыты і вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы таджыкскіх спецыялістаў. “Для Таджыкістана гэта не проста праблема, а пытанне выжывання прамысловасці, эканомікі ў цэлым, — патлумачыў Амбасадар. — Ёсць таджыкская прымаўка: веды без ужывання — гэта хмара без дажджу. Вырашана зрабіць цэнтр там, дзе не проста збіраюць сельгастэхніку, але й ёсць доследныя палі, прадастаўленыя нам у карыстанне”.

Прэзідэнтам паказалі сёлетні ўраджай, сабраны з выкарыстаннем беларускай тэхнікі, выпушчанай у Гісары: бавоўна, пшаніца, шэраг агароднінных культур. А навучальны цэнтр, ёсць планы, будзе працаваць не толькі на Таджыкістан і беларускую тэхніку: туды ўжо запрасілі афганцаў.

Трактары ў падарунак

Не толькі Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон мае ўжо беларускі трактар. З матэрыялаў БелТА вынікае: сёлета 22 сакавіка і Прэзідэнт Грузіі Гіоргій Маргвелашвілі атрымаў у падарунак ад Прэзідэнта Беларусі малагабарытны “Беларус-152”. “Уручаны падарунак быў пасля прыёму ад імя грузінскага лідара ў гонар Прэзідэнта Беларусі, — пісаў Уладзімір Мацвееў. — Як вядома, Прэзідэнт Грузіі займаецца сельскай гаспадаркай на сваім прысядзібным участку, даглядае сад і агарод. Ён нават размяшчаў у сацсетцы фотасправаздачу аб тым, як з насення беларускай бульбы атрымаў нядрэнны ўраджай. Малагабарытны трактар “Беларус-152” прызначаны для выканання розных сельгасработ з навяснымі, прычапнымі машынамі ды прыладамі, а таксама работ у камунальнай гаспадарцы й прамысловасці”.

Ігар Дадон.

Яшчэ адзін прэзідэнт дружалюбнай Беларусі краіны, які ўмее абыходзіцца з беларускай тэхнікай — гэта малдаванін Ігар Дадон. Сёлета яны разам з Аляксандрам Лукашэнкам нават засявалі ў Малдове кукурузнае поле. Тое было ў другі дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі. Пакуль бізнесмены дамаўляліся пра новыя кантакты й кантракты на дзелавым форуме, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з былым кіраўніком Малдовы Мікалаем Цімофці. А затым выехаў на так званы “Дзень поля” ў Інстытут раслінаводства “Порумбень” (азначае: кукуруза), за 20 кіламетраў ад Кішынёва, дзе яго ўжо чакаў Ігар Дадон. Паколькі ж якраз была вясна, красавік, спрыяльныя тэрміны для сяўбы кукурузы, то засеяць малдаўскае поле прэзідэнты Беларусі й Малдовы рашылі разам. Працавалі за рулямі “вышыванак” — так у народзе называюць мадэлі трактара “Беларус-1523 В” з беларускім арнаментам на корпусе.

Раней у інтэрв’ю БелТА Ігар Дадон распавёў, як у 2017-м запрашаў Аляксандра Лукашэнку ў Малдову, “і ён сказаў, што прыедзе, калі будзе цёпла, і мы разам на беларускіх трактарах засеем поле”. Для Прэзідэнта Малдовы тое было нечаканасцю: “Ведаю, што Аляксандр Рыгоравіч часта працуе на трактары. Я сам заканчваў аграрны ўніверсітэт, нарадзіўся ў вёсцы, таму трактар бачыў і ездзіў на ім. Але апошнія гадоў пяць-шэсць не кіраваў ім, таму прыйшлося падрыхтавацца”. І вось увесну 2018-га ён сеў за руль, запусціў матор і ўпэўнена рушыў услед за Аляксандрам Лукашэнкам. З кабіны ж выйшаў задаволены й шчаслівы, казаў журналістам: “У Малдове яшчэ ніхто не займаўся пасяўной разам з Прэзідэнтам Беларусі. Рады, што ў нас так атрымалася, ды яшчэ ў такім гістарычным месцы. І тэхніка ў беларусаў надзейная. У нас у кожным сяле такая ёсць. Людзі да яе прывыклі”. Тады ж Аляксандр Лукашэнка прапанаваў не спыняцца на дасягнутым — не замыкацца толькі на гандлёвых аперацыях, а ўдасканальваць адносіны, ствараць сумесныя прадпрыемствы. І ўжо ёсць дамоўленасць: Беларусь будзе рыхтаваць кадры для Малдовы, каб яны дома займаліся вытворчасцю трактароў, камбайнаў, аўтамабіляў.

І яшча адна нітачка звязвае з беларускай тэхнікай Прэзідэнта Малдовы. У ліпені 2017-га ён, пабываўшы на Мінскім трактарным заводзе, прыадкрыў сакрэт журналістам: ягоны цесць усё жыццё працаваў трактарыстам, і якраз на трактарах МТЗ! Таму для яго мадэль такая — вельмі знаёмая. “Вядома ж, у Малдове ўсе ведаюць, чулі пра Мінскі трактарны завод. Больш за 60 працэнтаў рынку Малдовы — гэта, безумоўна, МТЗ. -Яны карыстаюцца папулярнасцю, — казаў Ігар Дадон у тэлеэфіры АНТ. “У кожным сяле Малдовы, у кожным населеным пункце ёсць беларускі трактар. Ён самы надзейны, і наш народ да яго прывык, ахвотна купляе”, — яшчэ адно меркаванне “ў тэму” малдаўскага лідара пасля візіту на МТЗ.

На Беларуска-малдаўскім форуме дзелавога і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва-2018 у Кішынёве Ігар Дадон выказаў падзяку беларускаму боку за бязвыплатна пастаўленыя ў Малдову трактары. І тады ж, у красавіку, стала вядома: МТЗ-Холдынг паставіць туды яшчэ 600 трактароў. Да таго ж беларускія трактары і вырабляюцца ўжо ў самой Малдове.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.