Вы тут

Лукашэнка аб выхадзе Украіны з СНД: Выйсці прасцей, чым потым увайсці


Сёння кіраўнік дзяржавы сустрэўся з экс-прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам.


У пачатку сустрэчы А. Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Украіна ў часы прэзідэнцтва Віктара Юшчанкі пры ўсіх адрозненнях заўсёды знаходзілі нейкі кансэнсус, выбудоўвалі двухбаковыя адносіны. "І гэта датычыцца не толькі нас. Як бы ні было складана, і з Расійскай Федэрацыяй знаходзілі агульную узаемапрымальную мову, і з іншымі дзяржавамі. Усякае было, але ў цэлым заўсёды мы выходзілі на пазітыўны вынік", — сказаў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ў тыя часы паміж дзвюма дзяржавамі высокімі тэмпамі рос тавараабарот, хоць і цяпер гэты паказчык знаходзіцца на добрым узроўні — прырост тавараабароту складае 20—30 %. "Дарэчы, у СНД яшчэ вышэйшы тавараабарот. Вось другі год такі рост адбываецца, было падзенне сур'ёзнае, а цяпер салідны рост і ў Еўразійскім саюзе, і ў СНД у цэлым. Тое ж самае адбываецца і з Украінай", — расказаў Прэзідэнт .

Тым не менш у беларуска-ўкраінскіх адносінах існуе нямала праблем, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "У тым ліку і па пазіцыі Украіны ў СНД. Як вядома, Украіна фактычна заявіла аб выхадзе са складу СНД, але афіцыйна гэтая падзея не наступіла. І на апошнім саміце ўкраінскі сцяг у Душанбэ прысутнічаў, як заўсёды, — канстатаваў ён. — Я так разумею, што гэта працэс не аднаго дня. Напэўна, Украіне рваць усякія сувязі з нашымі дзяржавамі паасобку і ў цэлым у СНД нявыгадна, таму будзе нейкі працэс".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў Віктару Юшчанку свой пункт гледжання па гэтай тэме:

"Я заўсёды казаў пра тое, што выйсці прасцей, чым потым увайсці, калі трэба будзе. Але гэта суверэнная справа Украіны, мы вымушаны з гэтым лічыцца".

Акрамя таго, Прэзідэнт выказаўся з нагоды падзей, якія адбываюцца ва Украіне. Беларускі лідар падкрэсліў: Беларусь ні ў якім разе не хоча ўмешвацца. "Гэта не наша справа, калі нас не просяць. Хоць, шчыра скажу, і мы пра гэта пагаворым, уплыў падзей ва Украіне на нас вялікі, вельмі вялікі. Асабліва ў плане, што нас турбуе прыток зброі цераз украінскую мяжу. Вельмі шмат мы канфіскоўваем зброі". Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ёсць таксама факты, калі зброя ідзе ў нашу краіну з Украіны праз Расію. "Калі крымінальныя справы расследуюцца, мы таксама такія факты фіксуем, і я Прэзідэнту Расіі пра гэта казаў. Вось гэта нас больш за ўсё турбуе", — заявіў Прэзідэнт. Аднак на яго думку сітуацыя магла б быць і нашмат горшай.

Яшчэ беларускі лідар расказаў, што да беларусаў з боку ўкраінскага народа няма азлобленасці, няма сутыкнення народнай думкі. "Вось гэта самае галоўнае, гэта абнадзейвае, і гэта аснова нашых добрых адносін", — дадаў ён.

У адказ Віктар Юшчанка адзначыў, што для яго беларуска-ўкраінскія адносіны заўсёды былі ідэальныя — і на палітычным, і на народным узроўні бакі заўсёды знаходзілі паразуменне ў самых складаных пытаннях. Падзеі, што адбываюцца ва Украіне цяпер, ён назваў вялікім выпрабаваннем і праблемай не толькі для ўласнай нацыі і краіны, але і для суседзяў.

На думку Віктара Юшчанкі, сёння ва Украіне на фоне агульнавядомых падзей унутрыпалітычнае жыццё цяжкае.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.