Вы тут

Мясцовыя ўлады павінны навесці парадак з усёй нерухомасцю максімум за год


Прэзідэнт у пачатку верасня падпісаў Указ № 357 «Аб пустуючых і старых дамах». Раней дзеючы Указ № 100 аб пустых дамах, прыняты шэсць гадоў таму, адыграў сваю ролю, адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў. За час дзеяння гэтага ўказа было выяўлена і ўнесена ў рэгістры ўліку 14 тысяч пустуючых дамоў, а таксама каля 39 тысяч старых, на знос пайшло 48 тысяч старых і пустуючых будынкаў. У апошнія гады эксперты вырашылі прааналізаваць практыку прымянення 100-га ўказа. Было вырашана падкарэктаваць гэты дакумент і нават дзесьці яго спрасціць.


Адзін дзень за тры гады

Дзеянне новага ўказа распаўсюджана не толькі на сельскую мясцовасць, а ў цэлым на ўсю краіну. Бо гэта праблема датычыцца і нерухомасці ў сярэдніх і нават буйных гарадах. Цяпер у нас устаноўлены адзіныя ўніверсальныя правілы работы з трухлявымі і пустуючымі дамамі.

Спрошчаны і падыход да вызначэння тых аб'ектаў, якія называюцца пустуючымі дамамі. Раней для гэтага трэба было, каб на працягу трох гадоў чалавек жыў у гэтым доме менш за месяц. Па новым указе гэты тэрмін чыста сімвалічны — менш аднаго дня на працягу трох гадоў. Па сутнасці, гаворка ідзе пра тое, каб дом быў у прыдатным стане, а ўчастак вакол дома — добраўпарадкаваны. Тады яго не ўнясуць у рэестр. Ніхто не будзе лічыць, колькі дзён гаспадар пражыў у сваім жыллі. Галоўнае, каб парадак быў у хаце і вакол яе.

Пошук «дрэнных» дамоў

Пустуючым стане той дом, у якім на працягу трох гадоў гаспадары не пражывалі ні дня і да таго ж не падалі ў мясцовы выканкам (сельсавет) паведамленне аб намеры выкарыстоўваць яго для пражывання. Старымі запішуць тыя будынкі (аварыйныя і якія пагражаюць абвалам), дзе не жывуць і не прымаюць меры па аднаўленні альбо зносе на працягу аднаго года.

Каб прызнаць дом пустуючым або старым, яго павінна наведаць камісія (чыноўнікі і міліцыя) і на месцы высветліць, што дом незаселены. Камісіі павінны займацца пошукамі нічыйных дамоў два разы на год.

Што з пустым домам?

Калі ёсць гаспадар, то яму дашлюць апавяшчэнне, што дом хочуць прызнаць пустуючым. Калі гэты чалавек на працягу месяца не дашле ў адказ апавяшчэнне аб тым, што будзе яго выкарыстоўваць для пражывання, альбо калі ён адмовіцца ад дома, альбо не будзе знойдзены, звесткі аб пустым доме апублікуюць у СМІ і на сайтах райвыканкамаў або адміністрацый раёнаў.

Дарэчы, спадчыннікі могуць і не мець на руках дакументаў, якія даюць права на дом. Пра гэта яны таксама павінны паведаміць мясцовым уладам. Калі ўладальнік дома праходзіць службу або вучыцца за межамі населенага пункта, ён павінен паведаміць у выканкам — тады на працягу трох гадоў яго домам ніхто цікавіцца не будзе.

Пасля таго як звесткі пра дом правіселі на сайце мясцовага выканкама месяц, а ўладальнікі так і не аб'явіліся, дом на працягу 15 дзён павінен быць уключаны камісіяй у рэестр пустых дамоў. І не менш чым праз два месяцы звесткі пра яго павінны паступіць у суд, які прызнае дом і ўчастак уласнасцю райвыканкама. Пасля суда ў выканкама будзе 30 дзён на тое, каб вызначыцца: дом будзе знесены або прададзены.

Рынкавую цану можна знізіць

Указам спрошчаны і парадак продажу старых і пустуючых дамоў. Без правядзення аўкцыёнаў прадугледжваецца іх продаж ва ўсіх населеных пунктах, за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў. Разам з тым абласным выканкамам дадзена права з улікам інтарэсаў дзяржавы і мясцовых умоў вызначаць і іншыя тэрыторыі, дзе аб'екты будуць прадавацца толькі на падставе таргоў, гэта значыць там, дзе існуе павышаны попыт на аб'екты і зямельныя ўчасткі. (Напэўна, у такі спіс уключаць населеныя пункты каля Мінска.)

«Продаж будзе ажыццяўляцца па рынкавай цане, калі аб'ект рэалізуецца напрамую. Калі прадаецца на таргах, то рынкавая цана стане стартавай, — растлумачыў Андрэй Гаеў. — У параўнанні з агульным прававым рэгуляваннем ацэначнай дзейнасці ўстаноўлены больш доўгі тэрмін дзеяння справаздачы аб ацэнцы. Вынік праведзенай незалежнай ацэнкі ў дачыненні да гэтых аб'ектаў будзе дзейнічаць два гады».

Пры безвыніковасці таргоў указам прадугледжана паэтапнае зніжэнне цаны продажу старых і пакінутых дамоў на 20 %, 50 % і 80 %. Грошы, атрыманыя ад продажу пакінутых дамоў, пойдуць у бюджэт той вёскі ці горада, дзе ён размешчаны. А яшчэ ва ўказе прапісана: землі, на якіх знаходзіцца пусты дом, што падлягае зносу, могуць быць перададзены новаму землекарыстальніку пры ўмове, што той ажыццявіць знос за свой кошт альбо аплаціць гэты знос.

Старшыня Дзяржкаммаёмасці звярнуў увагу, што дзеянне ўказа не распаўсюджваецца на тэрыторыі садаводчых таварыстваў — там будзе дзейнічаць агульнае заканадаўства.

Рэальныя ўласнікі абаронены

Дарэчы, ва Указе № 357 асобна прапісана: калі рашэнне суда аб прызнанні дома пустуючым будзе адменена, былы ўласнік можа вярнуць сабе дом толькі ў выпадку, калі ён перайшоў да мясцовага выканкама. Калі ж дом быў прададзены, чалавек зможа разлічваць на суму, за якую той прадалі, калі знесены — на кампенсацыю ў суме, у якую дом быў ацэнены перад зносам.

Спадчынніка няма — гаспадар ёсць

Дзеянне ўказа будзе распаўсюджвацца ў тым ліку на аб'екты, якія рашэннямі судоў прызнаны вымарачнай спадчынай. Маёмасць з'яўляецца вымарачнай спадчынай, калі ад яе адмовіліся спадчыннікі альбо калі іх няма наогул. Ёсць агульнае правіла, па якім спадчыннікі, якія жадаюць уступіць у спадчыну, на працягу шасці месяцаў са дня смерці спадчынадаўцы павінны заявіць пра свае правы. Калі гэтага ніхто не зрабіў, то па заканчэнні года выканкам звяртаецца ў суд дзеля прызнання права камунальнай уласнасці на маёмасць. Гэта можа быць у тым ліку жылы дом, зямельны ўчастак. У нашай краіне за апошнія пяць гадоў суды задаволілі каля 1,2 тысячы заяў па прызнанні спадчыны вымарачнай.

Хутчэй навесці парадак

Асноўная мэта Указа № 357 — паскорыць працэдуру канфіскацыі пустуючага і старога жылля. Раней працэдура магла расцягвацца на доўгія гады. Часта мясцовыя ўлады шкадавалі людзей і дзесяцігоддзямі не чапалі былыя родавыя маёнткі, на якія ў спадчыннікаў няма ні часу, ні сіл. Зараз ёсць указ, дзе дакладна ўсё прапісана. Камісія выявіла пусты дом, знайшла ўладальніка, растлумачыла яму яго правы і абавязкі. І калі ў гаспадара няма рэакцыі — суд, знос або продаж. Усё павінна змясціцца максімум у год.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Нічыйных дамоў не будзе. Зусім

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.