Вы тут

Юлія Гатоўка: “Заўсёды падтрымаю імкненне да самаразвіцця”


Сёлетні год поўніцца для Юліі Гатоўка, галоўнага ўрача 5-й дзіцячай паліклінікі горада Мінска, добрымі падзеямі. Па выніках Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2017” яна стала пераможцай у намінацыі “За лідарства і паспяховае кіраўніцтва”. А нядаўна, напярэдадні Дня медыцынскага работніка, ёй прысвоілі званне “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”.


– Часопіс “Алеся” віншуе Вас, Юлія Валер’еўна!  Але думаецца, што да глабальнага падвядзення прафесійных вынікаў вам яшчэ вельмі далёка.

– Я таксама мяркую, што ў мяне наперадзе яшчэ шмат чаго – і цікавай работы, і важкіх здзяйсненняў, і, спадзяюся, прыемных момантаў.

– Звычайна дзеці “прымяраюць” на сябе ў першую чаргу прафесію сваіх бацькоў. Вы ж, наколькі я ведаю, першы медык у сям’і. Мне наогул падаецца, што з такой знешнасцю вас павінны былі прывабліваць сцэна ці подыум…

– Так, не памыляецеся: я думала паступаць у тэатральны або ў інстытут культуры. Але перамагла ідэя важнасці дапамогі людзям, якая заўсёды культывавалася ў нашай сям’і. Таму я задумалася аб прафесіі медыка. А калі ўявіла, што мая артыстычнасць будзе да месца ў рабоце з маленькімі пацыентамі, без сумневу спынілася на педыятрыі. Адразу ва ўніверсітэт паступаць не стала, вывучылася спачатку на медыцынскую сястру, затым – на фельчара, і толькі потым атрымала кваліфікацыю ўрача.

– Затое засвоілі сваю прафесію дасканала, ад самых азоў. Але ж жаночы калектыў у бюджэтнай установе – не самая простая каманда для кіраўніка?

– Тут таксама вопыту набіралася паступова. Наогул, у медыцыне я ўжо шмат гадоў. Працавала медыцынскай сястрой у дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. Там жа засталася пасля размеркавання ўрачом. У паліклініку на пасаду загадчыцы аддзялення я прыйшла ўжо спецыялістам са стажам практычнай стацыянарнай работы. Неўзабаве прызначылі на пасаду намесніка галоўнага ўрача. А ў 2015-м стала галоўным урачом. Так што прайшла ўсю службовую лесвіцу ад самага пачатку і калектыў свой ведаю не адзін год.

– Таму, пэўна, вам з лёгкасцю ўдалося стварыць дружную, спрацаваную каманду.

– Як ні дзіўна, тут мне дапамагла цяжкая сітуацыя, у якой на той момант апынулася паліклініка. Мікрараён наш – “Каменная Горка” – густазаселены. Мноства маладых і шматдзетных сем’яў. У 2015 годзе, калі я заняла пасаду галоўнага ўрача, мы абслугоўвалі каля 32 тысяч дзяцей, у той час як звычайна дзіцячая паліклініка ахоплівае 15 -17 тысяч чалавек. Нагрузкі на кожнага з супрацоўнікаў былі велізарныя, але ўсе мы ішлі насустрач маленькім насельнікам і іх бацькам, працавалі безадмоўна і з вялікай любоўю.

Наогул, у педыятрыі без любові да сваёй справы нельга. Выпадковыя людзі пайшлі з прафесіі менавіта ў той складаны час звышнапружання, і сёння ў нас – цудоўная каманда. Вельмі ганаруся сваім калектывам!

Пры перанапоўненасці зоны абслугоўвання паліклінікі мы ў першую чаргу імкнуліся захаваць даступнасць медыцынскіх паслуг для кожнага дзіцяці мікрараёна. А сёння працуем над якасцю і пашырэннем відаў лячэбнай дапамогі, прафілактычных мерапрыемстваў. Пасля адкрыцця дзіцячага аддзялення ў 26-й дарослай паліклініцы пацыентаў у нас паменшала ўдвая, і з’явілася такая магчымасць – думаць на перспектыву. Сёння ў нас у аддзяленні медрэабілітацыі даступныя магніта- і лазератэрапія, цеплалячэнне і бальнеалячэнне, парафінавыя аплікацыі, душ-масаж і іншыя віды масажу, працуюць кабінеты функцыянальнай і ультрагукавой дыягностыкі, скрынінг-абследавання, кабінет па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў дзяцей.

– Лічыцца аптымальным, калі ў калектыве прадстаўленыя розныя пакаленні – гэта дазваляе захаваць пераемнасць вопыту і традыцый.

– У нас рознаўзроставая каманда, у якой вельмі развітыя сяброўская падтрымка адзін аднаго і настаўніцтва. Старэйшыя перадаюць свой прафесійны вопыт, стараюцца прывіць маладзейшым традыцыю бескарыслівасці і адданасці медыцынскай справе. Маладыя, у сваю чаргу, дапамагаюць засвоіць інфармацыйныя тэхналогіі, без чаго не абысціся ў сучаснай медыцыне. Прыемна назіраць такое ўзаемаўзбагачэнне прафесійнага майстэрства.

Сакрэт паспяховага лідарства ад Юліі Гатоўка: “Камфортныя ўмовы для працы і магчымасці для самаразвіцця”

– А як сёння з сярэднім звяном спецыялістаў, якое звычайна працуе найбольш прадуктыўна, бо і вопыт ужо набыты, і сілы, здароўе ёсць?

– Шчыра кажучы, сярэдняе звяно толькі пачынае фарміравацца. Мы прыкладаем шмат намаганняў, каб маладыя спецыялісты і надалей заставаліся ў нашым калектыве. Як ні дзіўна, вялікую ролю тут адыгрываюць маральныя фактары. У прыватнасці, мы шмат гаворым з моладдзю пра асабівасці нашай прафесіі, якая дае нам адчуванне каштоўнасці і сэнсу жыцця. У медыкаў ёсць магчымасць сутыкнуцца з чужым болем і нешта змяніць да лепшага ў чужым жыцці. Няхай гэта будзе маленькая радасць ад выздараўлення дзіцяці, а часам здараецца, што мы выратоўваем чыёсьці жыццё – гэта сапраўды важная матывацыя ў прафесіі. Трэба яе толькі адчуць. Памятаю сябе, калі працавала ў дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. Заходзіш раніцай у аддяленне і бачыш, як весела шчабечуць-бегаюць дзеткі, якія зусім нядаўна ледзьве маглі дыхаць, прыціснутыя да ложка цяжкой хваробай. І думаеш: не, не дарэмна ты на свеце жывеш…

– Што яшчэ, акрамя маральных стымулаў, з’яўляецца важным для згуртаванасці калектыву?

– Пастаянна праводзім анкетаванне спецыялістаў і вывучаем іх патрэбы і пажаданні. Вядома, важнае значэнне мае заработная плата. Але большасць адзначае, што ледзь ці не галоўную ролю іграе камфортнае знаходжанне на рабочым месцы. Важна і тое, што многія нашыя медыкі жывуць побач з паліклінікай, а значыць, маюць магчымасць сустрэч і сяброўскіх зносін па-за сценамі ўстановы.

– А што вы ўкладаеце ў паняцце “камфортнае знаходжанне на рабочым месцы”? Вы ствараеце “цяплічныя ўмовы” або выкарыстоўваеце ў кіраўніцтве толькі “пернік”?

– У нейкім сэнсе гэта мой сакрэт як кіраўніка… Імкнуся зразумець кожнага са сваіх спецыялістаў і даць ім тое, што для іх важна, каб адчуваць сябе паспяховымі. Здараецца, што нехта марыць атрымаць іншую спецыялізацыю, іншага цікавіць кар’ерны рост, новыя веды, а хтосьці проста хоча перайсці на абслугоўванне іншага ўчастка. Найперш я заўсёды падтрымліваю імкненне да самаразвіцця. Лічу, што ўсе закладзеныя прыродай магчымасці і прафесійныя схільнасці чалавека павінны рэалізавацца.Так, напрыклад, нядаўна наша педыятр перавучылася на хірурга.

– Аднак ці не паўплывае гэта на прафесійны ўзровень урача, калі “скакаць” са спецыяльнасці на спецыяльнасць?

– Мне вельмі падабаецца выказванне: “Не трэба хадзіць па адной і той жа дарозе, таму што мы будзем бачыць толькі адзін і той жа пейзаж. Трэба мяняць маршрут”. Валоданне сумежнымі спецыялізацыямі пашырае медыцынскі кругагляд і дазваляе больш паспяхова вырашаць праблемы пацыентаў. Я і сама стараюся пастаянна развівацца, вучыцца новаму. Зараз заканчваю клінічную ардынатуру на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Маці і дзіця”, скончыла Акадэмію кіравання пры Адміністрацыі Прэзідэнта РБ. З цікавасцю і гатоўнасцю заўсёды вучуся на курсах павышэння кваліфікацыі.

– Вы – вельмі актыўны чалавек. Напэўна, гэта дапамагае вам як кіраўніку?

– Лічу, што кожны кіраўнік павінен весці актыўнае прафесійнае і грамадскае жыццё. І паказваць прыклад падначаленым. Да таго ж гэта робіць жыццё больш цікавым і дынамічным. У нас шмат моладзі працуе, ім патрэбны нейкі рух, нефармальныя зносіны, магчымасць праявіць сябе творча. Таму мы праводзім разнастайныя грамадскія мерапрыемствы, удзельнічаем у розных конкурсах, арганізоўваем сумесныя паездкі, вечары адпачынку для супрацоўнікаў. Усё гэта таксама матывуе і ўваходзіць у паняцце “камфортнае знаходжанне на рабочым месцы”.

– Карацей, з вамі не засумуеш! А што маецца на ўвазе пад грамадскімі мерапрыемствамі?

– Беларускі саюз жанчын, членам якога я з’яўляюся, прапануе многа карысных грамадству і цікавых людзям ініцыятыў. Некаторыя з іх пераплятаюцца з нашымі прафесійнымі абавязкамі, і мы прымаем у іх самы актыўны ўдзел. Здароўе жанчыны, падтрымка мацярынства, ўмацаванне сямейных каштоўнасцяў, прафілактычная работа з сацыяльна-небяспечнымі і няпоўнымі сем’ямі – гэтыя важныя напрамкі дзейнасці БСЖ не пакідаюць абыякавымі ні мяне, ні маіх калег.

– Ведаю, што і сёння вы практыкуеце як педыятр. Але ці хапае часу і сіл на асабістае жыццё, на ўласную дачку?

– Жанчына можа многае, гэта не проста дзеля чырвонага слоўца сказана. У прыватнасці, не па характары мне проста так спакойна сядзець на месцы: чым больш я занятая, тым больш паспяваю. Бацькі, сям’я, дачка – усе мы падтрымліваем адзін аднаго. Калі побач любімы чалавек, калі ёсць блізкія людзі, калі ўсе здаровыя – гэта і ёсць тая жыватворная крыніца, якая дае сілы і жыццёвы патэнцыял.

Так, на жаль, часам мне падаецца, што свайму дзіцяці я ўдзяляю ўвагі менш, чым хацелася б… Адпачынак, школьныя канікулы, проста выхадны дзень – імкнуся правесці іх з дачкой. Дзяўчынцы ўжо 11 гадоў, сур’ёзна захапляецца танцамі, выдатна вучыцца ў гімназіі. Мы з ёй лепшыя сяброўкі.

– Напэўна ж, вы ведаеце яе планы на дарослае жыццё?

– Сярод яе прыярытэтаў ёсць прафесія ўрача, аднак пакуль што перыядычна з’яўляюцца і іншыя жаданні. У любым выпадку яна будзе мець права выбару: лічу, што мы павінны ісці толькі ў тую прафесію, да якой ляжыць душа. Большую частку свайго жыцця мы праводзім на працы, і вельмі важна, каб яна была любімай, прыносіла радасць і задавальненне.

Кацярына АГЕЕВА

Фота: Артур ПРУПАС, Юліяна ЛЕАНОВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.