Вы тут

Як шмат пустых дамоў у Віцебскай вобласці?


Пра праблемы ўцягвання ў гаспадарчы абарот аб'ектаў нерухомасці мы перыядычна паведамляем на старонках «МС». Дарэчы, і ў Еўропе ёсць аналагічныя праблемы: гадамі пустуюць жылыя дамы і збудаванні, якія раней выкарыстоўваліся ў камерцыйных мэтах. У ЗША ёсць нават кварталы без людзей. Адрозненне маленькай Беларусі ў тым, што тут імкнуцца зрабіць максімум, каб «мёртвых квадратаў» было як мага меней.


Сёлета кіраўнікоў мясцовай улады абавязалі актыўна спрыяць эфектыўнаму продажу і арэндзе нерухомасці. У прыватнасці, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў патрабаваў ад народных выбраннікаў, старшынь раённых Саветаў асабіста ўнікаць у сутнасць пытанняў. Але не проста пазбавіцца ад «баласту», але, каб паралельна падтрымліваць ініцыятыву тых, хто хоча заняцца сваёй справай, развіць і пашырыць бізнес.

Старшыня камітэта дзяржаўнай маёмасці Віцебскага аблвыканкама Віктар Зайцаў агучыў праблемныя нюансы. Напрыклад, аблвыканкамам было даручана прадставіць у фонд дакументы для правядзення аўкцыённых таргоў па аб'ектах, запланаваных для адчужэння. Паводле інфармацыі на пачатак жніўня, рашэнні не прынялі па 15 са 194 аб'ектаў.

Як канстатаваў суразмоўнік, гэта — вынік нізкай выканальніцкай дысцыпліны на месцах, нездавальняючага вядзення бухгалтарскага ўліку. І адпаведны падыход — вынік фармалізму пры правядзенні штогадовых інвентарызацый.

Падчас маніторынгу высветлілася, што не ўсё нармальна з дзяржаўнай рэгістрацыяй аб'ектаў. Гэта не было зроблена на 50 % будынкаў, збудаванняў. Асноўная колькасць пакінутых незарэгістраваных капітальных пабудоў — аб'екты арганізацый бюджэтнай сферы. Або тых, якія датуюцца з бюджэту, а таксама сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

У большасці выпадкаў гэтыя юрыдычныя асобы адчуваюць востры дэфіцыт фінансавых сродкаў, неабходных для задавальнення першачарговых патрэб, звязаных з іх непасрэднай дзейнасцю.

— Таксама адна з галоўных прычын праблем з нерухомасцю — адсутнасць дакументаў на зямельныя ўчасткі, выдзеленыя для абслугоўвання капітальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі. Аналагічнае датычыцца і незавершаных закансерваваных капітальных будынкаў, афармленне якіх таксама патрабуе значных фінансавых і часавых выдаткаў, — канстатаваў Віктар Зайцаў.

А бывае, што будаўніцтва вядзецца незаконна. Пракуратура Віцебскай вобласці знайшла парушэнні ў сферах самавольнага будаўніцтва і скарачэння колькасці пустуючых і старых дамоў.

Як паведаміла пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Марына Запрудская, службовымі асобамі выканкамаў не заўсёды прымаліся меры па выяўленні і ліквідацыі фактаў самавольнага будаўніцтва, прыцягненні да адказнасці асоб, вінаватых у гэтых парушэннях заканадаўства. Парушэнні ўстаноўлены ў Лепельскім, Шаркаўшчынскім, Гарадоцкім раёнах, горадзе Віцебску. А ў Полацкім і Чашніцкім раёнах у парушэнне патрабаванняў не заўсёды ва ўстаноўленыя тэрміны ажыццяўлялі абследаванне самавольных пабудоў і падрыхтоўку неабходных дакументаў.

— У парушэнне патрабаванняў Указа Прэзідэнта № 100 неналежна вяліся рэгістры ўліку пустуючых дамоў. Выканкамы не валодалі поўнай і дакладнай інфармацыяй аб колькасці і месцы знаходжання названых аб'ектаў, у сувязі з чым не маглі належным чынам праводзіць з імі работу, — адзначыла Марына Запрудская.

Паводле яе слоў, былі і факты неадпаведнага фарміравання, а таксама бяздзейнасці камісій па абследаванні стану жылых дамоў у глыбінцы. Напрыклад, пракуратурай Лёзненскага раёна выяўлены шэраг старых і пустуючых дамоў, у дачыненні да якіх не прымалася рашэнняў аб уключэнні іх у рэгістр. І не вялося ніякай работы камісіяй райвыканкама па абследаванні стану жылых дамоў. Яны знаходзіліся ў неналежным стане, вакол — пустазелле...

На пазачарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета было прынятае рашэнне накіраваць у раёны каля 100 тысяч рублёў на працяг зносу непатрэбнага жылля.

Пракуратурай Браслаўскага раёна таксама ўстаноўлены шматлікія пустуючыя і старыя будынкі, якія знаходзяцца ў напаўразбураным стане. І яны таксама не былі ўнесены выканкамам у адпаведны рэгістр. Нешта пачалі там рабіць толькі пасля ўнясення адпаведнага прадстаўлення ў райвыканкам.

Падобныя факты выяўлены таксама пракурорамі Глыбоцкага, Чашніцкага і Мёрскага раёнаў.

Выяўлены факты парушэння тэрмінаў падачы заяў у суды аб прызнанні дамоў безгаспадарнымі і перадачы іх ва ўласнасць адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Пракуроры ўнеслі ў мясцовыя органы ўлады дзевяць прадстаўленняў і тры прадпісанні.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Нерухомасць павінна «рухацца»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.