Вы тут

Інтарэс да глыбінкі


У Віцебскай вобласці больш за 6,2 тысячы населеных пунктаў - самая вялікая колькасць у рэспубліцы. І мясцовая ўлада ў кожным, незалежна ад колькасці жыхароў, абавязана стварыць годныя ўмовы для пражывання. Гэта тычыцца і арганізацыі гандлёвага і забяспечвання і бытавога абслугоўвання


Бадай, не галоўная праблема…

У адным з інтэрв’ю для “МС” старшыня Віцебскага  абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, удакладніў, што прыкладна трэць з больш чым 6 тысяч вёсак — маланаселеныя і аддаленыя. У каля 2 тысячах - да 10 чалавек, а ў 2/3 -- колькасць жыхароў не перавышае 50 чалавек! Іх усіх трэба забяспечыць таварамі і паслугамі.

У глыбінку па графіку прыязджаюць крамы на колах, у тым ліку і камерцыйныя. Плюс - перасоўныя “бытоўкі”, паштовыя аддзяленні і бібліятэкі.

Пра тое, што ў Віцебскай вобласці гандаль у глыбінцы тэма не востра праблемная, напэўна, можна судзіць і па параўнальна невялікай колькасці зваротаў “на прамыя лініі” ў Віцебскі аблвыканкам.

Але, канешне, і яны бываюць. Напрыклад, напрыканцы красавіка на сувязі быў губернатар Мікалай Шарснёў. І некалькі жыхароў Аршанскага раёна сказалі, што турбуюцца з-за таго, што зачыняюцца крамы райпа.

На сёння замест іх -- гандлёвыя аб’екты і мабільныя крамы аднаго з буйных сеткавых гандлёвых аператараў (“Еўраапт”). Аўтару гэтых радкоў не раз у апошні час давялося пабываць у камандзіроўках у раёне. У прыватнасці, у населеных пунктах на тэрыторыі Пішчалаўскага сельсавета. І падчас размоў з тутэйшымі, напрыклад, са старшынёй сельскага выканкама Таццянай Ждановіч,  не пачуў ніякіх нараканняў. Наадварот, людзі задаволеныя. Чакаюць адкрыцця новых крам, як свята. І, вядома, фірменныя крамы на колах даедуць, куды трэба.

Спажывецкая - не значыць не канкурэнт!

Між іншым, у вобласці ў цэлым на сістэме спажывецкай кааперацыі, як той сказаў, крыж не ставяць.

“МС”, паведамляла пра тое, што ў Пастаўскім раёне сёлета ўпершыню на сенатарскім узроўні абмяркоўваліся пытанні дзейнасці сістэмы спажывецкай кааперацыі. Гэта тэма была павесткай дня падчас выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі і праўлення Белкаапсаюза.

Як тады адзначыў старшыня савета Аляксандр Папкоў, на долю спажывецкай кааперацыі ва ўсім таваразвароце краіны прыходзіцца каля 7 %, там працуюць больш за 60 тысяч чалавек…

Пастаўскі вопыт дзейнасці райпа-- доказ таго, што яна можа быць эфектыўнай. І нават канкурыраваць з “Еўраапт”, “ Суседзі”, “Карона”. І пры гэтым пастаўляць ім прадукцыю. А выбар апошняй багатай: дары лесу, агародніна, сокі, мясныя і хлебабулачныя вырабы і гэтак далей.

Вельмі шырокая геаграфія экспартных паставак. Напрыклад, квашаную  капусту з Пастаў з задавальненнем купляюць нават на Сахаліне, а каўбасы ўласнай вытворчасці -- у Прыбалтыцы. 

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў на пасяджэнні, што трэба памятаць пра неабходнасць добрага гандлёвага абслугоўванне людзей, якія, як мовяць, жывуць далёка “ад цывілізацыі”. І неабходна распрацаваць алгарытм падтрымкі тых, хто гэтым займаецца, ці будзе. Бо, зразумела, такія маршруты стратныя. Але сацыяльная адказнасць для нас -- гэта практыка з першых дзён існавання краіны, ад якой мы ніколі не адмовімся. І ўсё больш прыкладаў плённага партнёрства ў гэтым пытанні бізнесу і дзяржаўных структур.

Пра інтэграцыі і бізнес

На слыху тое, што зроблена і робіцца ў Віцебскай вобласці для стварэння інтэграцыйных структур у аграрна-прамысловым комплексе. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў не раз распавядаў пра гэта землякам на розных мерапрыемствах, асобна -- прадстаўнікам СМІ.

Пры стварэнні такіх сучасных сельскагаспадарчых-вытворчых “комплексаў”, якія працуюць па схеме “ад поля да прылаўка”, не забываюць і пра фірменны гандаль. Зразумела, калі структура сама збірае ўраджай, адкормлівае скаціну, птушак, потым яшчэ і рэалізуе прадукцыю, будуць памяншацца выдаткі і “накруткі”. І гэта адбіваецца станоўча на канчатковай цане тавараў.  Інтэграцыя яднае гаспадаркі, камбінаты хлебапрадуктаў, прадпрыемствы мяса-малочнай галіны…

У перспектыве -- стварэнне адзінага “рэгулятара”, які зможа аб’яднаць усіх аграрыяў і перапрацоўшчыкаў Прыдзвіння. А фірменная сетка Віцебшчыны дазволіць канкурыраваць са згаданымі вышэй вядомымі рытэйлерамі (у перакладзе з англійскай -- “рознічны гандаль”). Плюс будзе магчымасць паспяхова экспартаваць, укладваць грошы ў развіццё.

У выніку стратны гандаль у маланаселенай глыбінцы не будзе “галаўным болем”. І лёгка стане “кампенсавацца дывідэндамі” ў іншых месцах дзейнасці, кірунках...

Дзеля таго, каб актывізаваць гандаль  і аказанне паслуг у перыферыі, быў падпісаны прэзідэнцкі Указ № 345. І пасля прынятага аблсаветам адпаведнага рашэння, ў каля 90 % населеных пунктах вобласці магчыма атрымліваць значныя падатковыя і іншыя прэферэнцыі. Напрыклад, можна без аўкцыёнаў купляць будынкі, каб адкрыць крамы і іншае.

Канешне, гандаль і “бытоўка” у глыбінцы яшчэ не працуюць, як “швейцарскія гадзіннікі”. Але пытанню ўдзяляецца ўвага на розных узроўнях улады: ад прадстаўнічай да афіцыйнага Мінска. І гэта -- гарантыя таго, што сітуацыя пад кантролем. І пастаўлена канкрэтная задача: кожны беларус, дзе б ён не жыў у краіне, мае права на годнае гандлёвае і бытавое абслугоўванне.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.