Вы тут

Крылы мацнеюць у палёце


Шэраг цікавых культурных, асветніцкіх праектаў беларусы Эстоніі рэалізуюць з актыўным удзелам дзяцей і моладзі


Дзяўчаты з нашай гімназіі

Чытачы газеты, пэўна ж, ведаюць з папярэдніх публікацый пра дзейнасць нашага Беларускага цэнтра вучобы й развіцця EVA-Studiorum. Гэта пры ім у 2007 годзе – і як жа хутка ляціць час... – быў створаны танцавальна-песенны ансамбль “Дзяўчаты”. Я й па гэты дзень ягоная кіраўніца. У адметным творчым калектыве спяваюць эстонскія школьніцы, ён часта выступае на розных імпрэзах. Апошні склад гурта нязменны тры гады, у ім выступаюць шэсць вучаніц Табасалускай гімназіі – гэта пад Талінам, дзе й я сама працую. А ўнікальнасць ансамбля ў тым, што дзяўчаты мае спяваюць песні на беларускай мове.

Склад ансамбля “Дзяўчаты” з гадамі зменьваецца: такая ўжо спецыфіка нашай працы. У рэпертуары з’яўляюцца новыя песні. Час ад часу некаторыя з маіх таленавітых малодшых сябровак заканчваюць гімназію, рухаюцца далей па жыцці. На змену ім прыходзяць іншыя. Вядома ж, ёсць у гурт адбор, ёсць нават канкурэнцыя. У прыватнасці, для нас важна, каб у гімназістак, што прэтэндуюць на месца ў гурце, было й жаданне спяваць па-беларуску, і ўдзельнічаць у нашых беларускіх мерапрыемствах.

На здымку, які дасылаю ў рэдакцыю, зафіксавана радасная падзея з чэрвеня 2018 года: гімназісткі мае з гурта “Дзяўчаты” закончылі дзявяты клас. Цудоўная пара! Цудоўныя дзяўчаты!

“Буслікi” з эстонскай прапіскай

Той, хто мае дачынне да школы, заўсёды трохі хвалюецца ўвесну. Бо гэта напружаная пара – і для вучняў, і для настаўнікаў. Падводзім вынікі. Будуем новыя планы. Штогод назіраючы, як падрастаюць мае выхаванцы, лаўлю сябе на думцы: ім будзе хацецца ўсё вышэй падняцца над роднымі мясцінамі, паглядзець іншыя краіны, гарады. Гэта жа й малыя буслікi, дарэчы, падрастаюць у бацькоўскіх буслянках, набіраюцца сіл, каб, расправіўшы крылы, паляцець да новых, нязведаных месцiн, на новыя лугі-сенажаці, балоты. Магчыма, з такіх асацыяцый і ўзнікла ў нас у Таліне назва Беларускай нядзельнай школы: “Буслікi”. Вучні якой нядаўна закончылі афіцыйна свой першы навучальны год.

Варта згадаць: у канцы кастрычніка 2016-га па загадзе канцлера Міністэрства адукацыі й навукі Эстоніі была зацверджана ўрэшце наша Беларуская нядзельная школа “Буслікi”. Тады ж у Эстонскай iнфaсiстэме адукацыі была зарэгістравана вучэбная праграма “Беларуская мова й літаратура, гісторыя, мастацтва, музыка й традыцыі”. А наш галоўны клопат у працы з дзецьмі, якія маюць беларускія родавыя карані, такі: далучыць малых да чароўнага свету беларускай мовы й літаратуры. Бо не сакрэт жа: без ведання мовы губляецца, парываецца духоўная повязь з родам, народам. Яшчэ мы знаёмім вучняў з культурай, традыцыямі беларусаў, спрабуем абудзіць у юных душах цікавасць да беларускіх песень, абрадаў, да самабытнага беларускага мастацтва.

У нядзельнай Беларускай школе “Буслікi” афіцыйна зарэгістравана 12 вучняў ад 3 да 12 гадоў з горада Таліна ды Хар’юскага павета. І першы навучальны год пачаўся ў нас у верасні 2017 года. Хоць школа й называецца нядзельнай, ды заняткі праходзілі па суботах. Дзеці з задавальненнем наведвалі ўрокі, на якіх знаёміліся з асаблівасцямі беларускага маўлення, алфавіту, развучвалі вершы па-беларуску, песні й беларускія нацыянальныя танцы. Нават вучыліся гатаваць стравы беларускай кухні. Вельмі падабалася “буслікам” рабіць нешта сваімі рукамі – вось мы й аформілі, размалявалі настольную гульню “Славутасці Мінска”, зрабiлi ды склалі пазлы “Сімвалы Беларусі”. А якія прыгожыя атрымаліся ў нас Калядныя падарункі! Потым ужо майстравалі падарункі й да Жаночага дня, да Дня Маці (у Эстоніі сёлета ён адзначаўся 13 траўня) і да Дня бацькі. А да святкавання 100-годдзя Эстоніі дзеткі малявалі паштоўкі: мы імі павіншавалі потым нашы партнёрскія арганізацыі. Мы разам хадзілі ў тэатр, у музей, ездзілі на экскурсію. І, вядома ж, нашы юныя сябры пакрысе далучаліся да беларускіх мерапрыемстваў, якія ладзіліся Цэнтрам “Радзіма” ў Эстоніі ды Беларускім цэнтрам вучобы й развіцця EVA-Studiorum.

Ці не шкадуем, што ўзялі на сябе такія клопаты? Аніколькі! Гатовы нават падзяліцца досведам, праграмамі. А таксама нешта цікавае і ў іншых беларускіх нядзельных школ пераняць. Як вядома, без сістэмнай працы з юнымі ў беларускіх суполак вельмі цьмяныя перспектывы на будучыню. Таму мы ўсяляк імкнемся мацаваць “повязь пакаленняў”. Вось і святкаваць заканчэнне навучальнага года (першага!) 16 чэрвеня вырашылі шырокім колам: вучні прывялі з сабой бацькоў, а таксама сваіх бабуль і дзядуль. Свята праходзіла ў прыгожым месцы Коппельмаа, што ў перакладзе з эстонскай азначае: лугавая зямля. У беларусаў ёсць і прыгожае слова: поплаў. Вось на такім поплаве, на прыродзе мы й вырашылі правесці апошні ўрок. А крэатыўная прапанова на гэты конт паступіла ад бацькоў адной з вучаніц, якiя да таго ж з радасцю прадаставілi для такой імпрэзы свой хутар.

Гэта быў незабыўны дзянёк! Таты вучняў смажылі мяса й каўбаскі на грылі, мамы таксама заняліся падрыхтоўкай пікніка. А “буслянятам” было проста весела гуляць усім разам у пясочніцы, скакаць на батуце, бегаць і з настаўніцай гуляць у гульню “Мора хвалюецца”. Ва ўсіх быў радасны настрой. Мы мелі магчымасць яшчэ раз пераканацца: за гэты год неяк усe дзякуючы нашым дзецям зрадніліся, пасябравалі, часта бываючы разам. І цяпер усе ўжо ведаюць, хто адкуль родам з Беларусі, як і калі трапілі ў Эстонію, хто чым займаецца.

І вось наступіў той урачысты момант: мы ўручалі пасведчанні аб заканчэнні 2017-2018 навучальнага года. З вітальным словам да ўсіх звярнулася старшыня праўлення Цэнтра нацыянальных меншасцяў “Радзіма” Кэтлін Пукк. Яна выказала падзяку спачатку вучням – за працу, за старанне ў вучобе. Добрыя словы адрасавала й бацькам: за падтрымку й цікавасць да нашай Беларускай нядзельнай школы. Я ж нагадала ўсім, што мы вывучалі на працягу года, чаго дасягнулі. Ды ўручыла вучням пасведчанні, у якіх пазначана, што вучні вывучылі, што ўмеюць. Ну а потым у нас быў цудоўны пікнік! Прычым без салодкіх беларускіх падарункаў не засталіся й будучыя вучні школы “Буслікi” – мы ведаем, што яны гатовы далучыцца да наc ужо гэтай восенню.

Ніна Пээрна, старшыня праўлення EVA- Studiorum, настаўніца Беларускай нядзельнай школы “Буслікi”, Эстонія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.