Вы тут

Ашчадбанк мае намер пашыраць аб'ём інвестыцый у Беларусь


У беларускую сталіцу на сустрэчу з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам прыехаў прэзідэнт, старшыня праўлення расійскага Ашчаднага банка Герман Грэф. У Беларусі даччынай арганізацыяй структуры з'яўляецца «БПС-Ашчадбанк».


«Я рады, што нам даводзіцца рэгулярна сустракацца. Вы мяне трымаеце ў курсе спраў па ўсіх пытаннях не толькі Ашчаднага банка і яго філіяла, але і банкаўскай справы ўвогуле, паколькі даводзіцца вывучаць крыху глыбей некаторыя матэрыялы. Чарговы раз я ўдзячны вам за інвеставанне ў Беларусь, крэдытаванне нашай эканомікі — больш за $4 мільярды. Гэта неблагія аб'ёмы», — лічыць беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы спецыяльна паклікаў на двухбаковую сустрэчу прадстаўнікоў беларускага банкаўскага сектара, каб прадметна абмеркаваць праблемы, якія існуюць ва ўзаемаадносінах з Ашчадным банкам. «Увогуле на фоне таго, што адбываецца нават у суседніх з намі краінах, я задаволены тым, што ў нас з Ашчадбанкам добрыя адносіны. Праблемы заўжды былі і будуць, але няма такіх крытычных момантаў, якія маглі б ускладніць нашы адносіны», — выказаў упэўненасць Прэзідэнт і прапанаваў Герману Грэфу расказаць аб праблемах, калі тыя ёсць.

«Я прыехаў не з праблемамі, а з прапановамі, таму што ёсць цэлы шэраг ідэй, што можна зрабіць», — адказаў кіраўнік банка. Па выніках сустрэчы ён заявіў журналістам, што банк мае намер пашыраць аб'ём інвестыцый у Беларусь. Адна з тэм размовы датычылася развіцця Ашчаднага банка ў Беларусі. «Дамовіліся аб тым, што мы пашыраем аб'ём нашых інвестыцый у Беларусь, — адказаў Герман Грэф. — Мы зараз мяняем кіраўніцтва нашага банка (ААТ «БПС-Ашчадбанк». — «Зв.»). Хутка прыступіць да дзейнасці новы кіраўнік банка».

«Мы дамовіліся аб пашырэнні экспартнага крэдытавання паставак прадукцыі з Беларусі ў Расію. Дамовіліся па пашырэнні практычна ў два разы аб'ёмаў закупкі беларускімі прадпрыемствамі расійскай прадукцыі па схемах падтрымкі з удзелам урада як Беларусі ў першым выпадку, так і Расіі ў другім выпадку. Трэцяе — мы павялічваем ліміты забеспячэння фінансавання прадпрыемствам машынабудавання і энергетыкі (гэта салідная сума) і прадпрыемствам здабыўнага комплексу», — заявіў кіраўнік Ашчаднага банка.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Няма праблем, ёсць ідэі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.