29 верасня, аўторак

Вы тут

Аляксандр Лукашэнка наведаў пагранічную заставу «Дзівін»


Учора Аляксандр Лукашэнка наведаў пагранічную заставу «Дзівін» Пінскага пагранічнага атрада ў Кобрынскім раёне, вайскоўцы якой ахоўваюць участак на мяжы з Украінай працягласцю 32 кіламетры. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сітуацыі на дзяржаўнай граніцы, паказалі ўзбраенне, тэхніку і службовы транспарт.


На ўсходнім напрамку

У пачатку наведвання пагранзаставы беларускі лідар звярнуў увагу на сітуацыю на ўсходнім кірунку. Тут няма падраздзяленняў органаў пагранслужбы, якія пастаянна дыслацыруюцца. Пры паступленні інфармацыі аб парушэнні пагранічнікі прыбываюць на месца, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў і тэрытарыяльных падраздзяленняў органаў дзяржбяспекі. З расійскага боку прысутнічаюць штатныя падраздзяленні пагранічнай службы ФСБ Расіі.

Паводле слоў Прэзідэнта, у дзеянні беларускіх пагранічнікаў фармалізму быць не павінна, і калі такім чынам вырашылі кантраляваць гэты ўчастак граніцы, то гэта павінна быць эфектыўным і прыносіць карысць.

«Нам нельга прыпадабняцца расіянам. Яны самі не разумеюць, чаго хочуць і што яны робяць на беларуска-расійскай граніцы. Хай вызначаюцца. Вызначацца — нам не праблема адказаць, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гатовыя ў любы момант даць адэкватны адказ. Калі яны хочуць закрыць граніцу — калі ласка. Закрыюць — мы ў адказ таксама павінны ўвесці кантроль на граніцы. Гатовыя з імі як з саюзнікамі, як з роднымі людзьмі мець зносіны. Межы — гэта перажытак мінулага, яны карысці мала даюць для зносін людзей, тым больш паміж рускімі і беларусамі».

На думку беларускага лідара, не трэба спяшацца — трэба бачыць, чаго хоча расійскі бок. «Мы ведаем, дзе яны павыводзілі войскі, стварылі камендатуру і іншую інфраструктуру», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што дадзены аспект будзе разглядацца на Вышэйшым дзяржаўным савеце Саюзнай дзяржавы, які адбудзецца ў чэрвені. На думку Прэзідэнта, неабходна дакладна дамовіцца аб адносінах паміж пагранічнікамі. «Мы цяпер у працэсе вызначэння нашых сумесных паводзін на беларуска-расійскай граніцы. І спяшацца нам тут не трэба. Але тое, што адбываецца, мы павінны бачыць», — дадаў ён.

Захаваць асабовы склад

Беларускі лідар таксама даручыў вывучыць магчымасць пераразмеркавання асабовага складу паміж арміяй і пагранічнай службай. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, і не варта імкнуцца занадта скарачаць пагранічныя войскі. «Можа быць, нам дзесьці ў арміі падкараціць на 2-3 тысячы, пакінуўшы пагранічнікам гэтую колькасць. Хай яны будуць на кожнай заставе па 5—10 чалавек. Не лішнія, а каб больш свабодна служыць у нейкім рэзерве», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Мэтай, паводле слоў Прэзідэнта, з'яўляецца больш эфектыўная падрыхтоўка ваеннаслужачых. «Усё ж такі тут, на заставе, яны жывуць як дома. Няма дзедаўшчыны, нестатутных адносін», — заўважыў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння мы не ваюем, а навучаем людзей:

«Гэта вельмі вялікая праца, якую мы павінны правесці па пераразмеркаванні разам з войскам асабовага складу органаў пагранічнай службы. Калі яны гэта не змогуць зрабіць, тады мы не будзем гэтым займацца. Калі змогуць, і гэта будзе для дзяржавы выгадна, і гэта будзе на перспектыву, значыць, мы пойдзем гэтым шляхам. Тут ваеннаслужачых навучаюць лепш, чым у арміі. Сістэма іншая, і іх менш».

Кадравае пытанне

Падчас наведвання «Дзівіна» прысутнічаў Юрый Церцель, які займаў пасаду начальніка Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў — яго яшчэ называюць пагранічны спецназ. Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў прызначэнне Юрыя Церцеля на пасаду начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі.

Галоўнае патрабаванне беларускага лідара да яго — навесці жалезны парадак у дзяржінспекцыі.

Да размовы пра асабістае

Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй побыту пагранічнікаў, а таксама сустрэўся і пагутарыў з вайскоўцамі і іх сем'ямі.

Прэзідэнту задалі пытанне, чаго чакаць у сферы сацыяльных праграм, падтрымкі маладых сем'яў з дзецьмі. Ён адказаў, што сёння ў нас сапраўды шмат падобных праграм і праектаў — і ўсе яны розныя. Дарэчы, у Беларусі існуюць такія льготы для сем'яў з дзецьмі, якіх няма ў многіх дзяржавах свету.

Так, сёння не плануецца скарачаць водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў. Па словах кіраўніка дзяржавы, пакуль гэта ўдаецца зрабіць, аднак трэба даваць вялікія льготы, калі нараджаецца трэцяе дзіця, яшчэ большыя — са з'яўленнем чацвёртага, беспрэцэдэнтныя — пятага. Асноўны аб'ём падтрымкі трэба накіраваць на тое, каб дзяцей у сем'ях станавілася больш, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобна беларускі лідар выказаўся з нагоды ўласнай службы ў пагранічных войсках. Паводле яго слоў, яна назаўжды застанецца важнай часткай яго жыцця. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі б не трапіў у пагранічныя войскі, то не стаў бы Прэзідэнтам. «Такіх у маім жыцці было некалькі момантаў, што, калі б я іх на сваім шляху не прайшоў, я не быў бы тым, кім ёсць цяпер», — дадаў ён.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на выдатныя ўмовы, якія былі створаныя на пагранзаставе «Дзівін». Дарэчы, у комплекс акрамя самой заставы і адміністрацыйнага будынка ўваходзіць і шматкватэрны жылы дом.

Яшчэ адно пытанне датычылася міру — яго каштоўнасці і пагроз яму. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёння галоўная пагроза — гэта сутыкненні інтарэсаў буйных дзяржаў, асноўным з якіх ён назваў проціборства ЗША і Кітая, паколькі амерыканцы не хочуць губляць лідзіруючыя пазіцыі і манапалізм. Прэзідэнт таксама канстатаваў, што такіх канфліктаў нямала — Расія і Захад, Расія і ЗША, Кітай і Індыя...

Некаторыя сутыкненні пераходзяць у форму ваенных канфліктаў, як было ў Сірыі і на Данбасе: і там, і там адбыўся канфлікт інтарэсаў вялікіх краін, упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што малых і сярэдніх дзяржаў — большасць, таму яны не павінны, як флюгеры, прытрымлівацца ў палітыцы рэчышча буйных дзяржаў. «Мы павінны праводзіць жорсткую палітыку і разам выступаць за свае інтарэсы», — дадаў Прэзідэнт.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

Пагаварылі з некаторымі з тых людзей, якія спрычыніліся да вялікай працы.