Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Сезон водных паходаў

На працягу шасці дзён студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры вандравалі на байдарках па рацэ Нарачанцы, расказвае газета «Нарачанская зара» Мядзельскага раёна. Сямёра навучэнцаў разам з кіраўніком — старшым выкладчыкам кафедры спартыўнага і рэкрэацыйнага турызму БДУФК Яўгенам Сямёнавым — плылі па маршруце Занарач — рака Нарачанка — Чарэмшыцы — Заброддзе — вусце Нарачанкі.

Як расказвае кіраўнік, на кожным курсе студэнты ходзяць у паходы розных відаў. Выбралі плыць па Нарачанцы з некалькіх прычын. Па-першае, з-за разнастайных пейзажаў і... розных перашкод. У вярхоўі рака моцна пятляе, на трэці дзень яна становіцца даволі шырокая, але сустракаюцца ўчасткі з паваленымі дрэвамі. Далей ужо да канца маршруту — толькі прыгожыя пейзажы. «Самым важным аб'ектам у канцы маршруту, непадалёку ад зліцця з ракой Віліяй, была лазня — зруб, закапаны ў зямлю. Але сёлета мы, калі прыехалі на стаянку, яе не знайшлі. Вельмі спадзяюся, што яе адновяць, бо гэта быў адметны аб'ект адпачынку турыстаў», — расказвае Яўген Сямёнаў. Таксама ён лічыць, што Мядзельскі раён вельмі прыдатны для развіцця воднага турызму. На яго думку, было б добра павялічыць колькасць абсталяваных стаянак, зрабіць да іх пад'езды. «Як прыклад магу прывесці стаянку «Стол» за вёскай Заброддзе ў Вілейскім раёне, — тлумачыць кіраўнік паходу. — Выдатная стаянка, кожны год карыстаемся: там альтанка з лаўкамі, вогнішча...»


Адзначым стагоддзе

У мінулую суботу на Алеі Герояў у цэнтры Шклова адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ў гонар 100-годдзя ўтварэння пагранічных войскаў, піша газета «Ударны фронт». У мітынгу, акрамя шклаўчан, удзельнічалі госці з Магілёва, Крычава, Чавус, Мінска і іншых гарадоў. Некаторыя прыехалі і з Расіі.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Давыдовіч звярнуўся да грамадзян: «Пагранічнікі — гэта надзейная апора дзяржавы, эліта ўзброеных фарміраванняў, школа патрыётаў і прафесіяналаў. Адкрыты сёння ў горадзе Шклове помнік стане месцам сустрэч ветэранаў пагранічных войскаў, воінаў-інтэрнацыяналістаў, афіцэраў, правядзення патрыятычных мерапрыемстваў, стане сімвалам мужнасці воінаў-пагранічнікаў».


Пчаляр ад продкаў

У Петрыкаўскім раёне на развіццё прадпрымальніцтва ў 2018-м было выдаткавана крыху больш за 11 тысяч рублёў. На гэтую суму заявіліся чатыры будучыя індывідуальныя прадпрымальнікі і атрымалі кожны па 2900 рублёў. Карэспандэнт газеты «Петрыкаўскія навіны» завітаў да іх у госці.

У вёсцы Мышанцы жыве Аляксандр Шаўцоў, ён вырас у Расіі, на Браншчыне, але на пачатку 90-х пераехаў у Гомель. Продкі па мужчынскай лініі былі пчалярамі, і гэтая справа захапіла Аляксандра. Так здарылася, што 20 сем'яў пчол загінулі пасля таго, як нечым атруціліся. Вырашыў тады гаспадар, што трэба вуллі перавозіць далей ад цывілізацыі, прамысловых прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых палеткаў. Так выпадкова на карце ён выбраў Мышанку. Пяць гадоў таму набыў тут сядзібу і пачаў ператвараць фантазіі ў рэальнасць.

Атрымаў субсідыю, і цяпер асноўная частка сродкаў, а гэта дзве тысячы рублёў, пойдуць на набыццё спецыяльнага інструмента — вальцоў для вырабу вашчыны. Дарэчы, вашчына — такі прадукт, які набыць пчалярам проста няма дзе. А пчаляроў і ў Мышанцы, і ў Церабаве зашмат. Цяпер у іх будзе магчымасць не толькі купіць, але і абмяняць воск на вашчыну з даплатай.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.