Пра гэта паведамляе Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Крымінальная справа ўзбуджаная па матэрыялах упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама.
Следствам устаноўлена, што галоўны трэнер нацыянальнай каманды па інваспорце цэнтра перадала ў якасці хабару 15 тыс. долараў дырэктару ўстановы пры пасярэдніцтве сястры-блізняці кіраўніка за спрыяльнае вырашэнне пытання аб заключэнні новага працоўнага кантракта. Гэтыя грошы раней былі пералічаны галоўнаму трэнеру каманды ў якасці ўзнагароджання за падрыхтоўку спартсменаў, якія занялі прызавыя месцы на Параалімпійскіх гульнях у Пхёнчхане. Пры гэтым дырэктар дала зразумець, што толькі ў выпадку перадачы ёй гэтых грошай 37-гадовая жанчына зможа працягнуць працу на пасадзе галоўнага трэнера.
46-гадовы дырэктар затрыманая, следчыя будуць хадайнічаць перад пракурорам аб прымяненні да яе меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца, устанаўліваюцца акалічнасці супрацьпраўных дзеянняў.
Спецыялісты Следчага камітэта адзначаюць, што асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі ў адносінах да яе мела месца вымагальніцтва хабару альбо калі гэта асоба пасля дачы хабару добраахвотна заявіла аб зробленым.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?