Вы тут

Да афіцыйнага адкрыцця стадыёна «Дынама» застаюцца лічаныя дні


Будаўнікі ўносяць апошнія штрыхі, і неўзабаве новае аблічча легендарнага спартыўнага аб'екта будзе канчаткова сфарміраванае. Арганізацыйны камітэт Еўрапейскіх гульняў паведамляе, што нядаўна на галоўнай арэне і трэніровачным полі стадыёна была завершана ўкладка рулоннага газона, якая заняла прыкладна тыдзень.


Газон расійскай кампаніі з Валгаграда раскатвалі на падрыхтаваны дрэнаж літаральна «з колаў». Па сведчанні спецыялістаў, на трэніровачным полі ён ужо прыжыўся. Фактычна тое ж можна назіраць і на галоўнай арэне. Характэрна, што асноўнае і трэніровачнае палі стадыёна «Дынама» маюць аднолькавыя памеры — 105х68 м. Адзінае адрозненне ў колькасці бегавых дарожак: на асноўным іх 9, а на трэніровачным — 4.

Паколькі галоўная арэна Еўрапейскіх гульняў — 2019 акрамя афіцыйных цырымоній адкрыцця і закрыцця будзе прымаць лёгкаатлетычны турнір, арганізатары паклапаціліся і аб інфраструктуры для гэтых стартаў. Выступаць атлеты будуць на сінтэтычных бегавых дарожках італьянскай вытворчасці, вырабленых фірмай Mоndо. Менавіта гэтая кампанія з'яўляецца афіцыйным пастаўшчыком лёгкаатлетычнага абсталявання і інвентару для Алімпійскіх гульняў.

Узвышаюцца над стадыёнам і новыя мачты асвятлення, якія таксама ўжо гатовыя да работы. Зараз завяршаецца мантаж LЕD-панэляў па перыметры арэны. Два вялікія экраны таксама неўзабаве зоймуць вызначаныя для іх праектам рэканструкцыі месцы. Не выключана, што адной са славутасцяў стадыёна «Дынама» стане алімпійская чаша, у якой будзе гарэць агонь ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Умяшчальнасць стадыёна пасля рэканструкцыі складзе 22 246 гледачоў. Спартыўны аб'ект на 70—80 % закрыты казырком. На трыбуне для прэсы змогуць размясціцца больш за 800 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Для работнікаў радыё і тэлебачання прадугледжаны 150 каментатарскіх кабінак.

У цэлым аб'ект знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці, актыўна працягваецца добраўпарадкаванне яго тэрыторыі.

Адзначым, што першыя афіцыйныя спаборніцтвы на рэканструяваным стадыёне «Дынама» пройдуць 22 чэрвеня. Гэта будзе міжнародны лёгкаатлетычны матч Беларусь — Балканскія краіны — Балтыйскія краіны і Украіна.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Апошнія штрыхі для галоўнай арэны

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.