Вы тут

У дэпрэсіі жаночае аблічча?


На клінічную дэпрэсію ва ўсім свеце пакутуе каля 300 мільёнаў чалавек. Пераважная большасць з іх — прадстаўніцы прыгожай паловы. Чаму рызыка гэтага расстройства падпільноўвае менавіта замужніх жанчын, а ў жанатых мужчын, наадварот, псіхічнае здароўе з узростам не пагаршаецца і чаму хатнія гаспадыні хварэюць часцей за працуючых, расказаў псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера г. Мінска Аляксей Горушкін.


— З якой бы праблемай ні звярталіся да псіхолага ці псіхатэрапеўта наведвальнікі — з цяжкасцямі ў шлюбе, навязлівымі думкамі і страхамі ці пачуццём адзіноты, — прыкладна ў паловы з іх мы нязменна знаходзім аднолькавыя сімптомы: прыгнечанасць, песімістычны настрой, адсутнасць цікавасці да дзейнасці, якая раней падабалася, скаргі на сваю марудлівасць, пагаршэнне памяці і ўвагі. І гэта дэпрэсія — самае распаўсюджанае псіхічнае расстройства, — кажа Аляксей Андрэевіч.

Масавыя абследаванні ў розных краінах паказалі, што да дэпрэсіі схільныя 6—7 % насельніцтва. І самае дзіўнае тое, што жанчыны пакутуюць на гэтыя расстройствы ўтрая часцей, чым мужчыны. І, дарэчы, на адну незамужнюю жанчыну з такім станам прыходзіцца аж тры замужнія.

Цікавая і дынаміка: у маладых (да 28 гадоў) мужчын і жанчын распаўсюджанасць дэпрэсіі аднолькавая. Але з узростам у групе замужніх жанчын колькасць тых, хто на яе пакутуе, істотна павялічваецца, а ў групе незамужніх яна застаецца ранейшай, на ўзроўні маладых. На мужчын жаніцьба аказвае супрацьлеглае ўздзеянне: у адзінокіх з узростам псіхічнае здароўе пагаршаецца, а ў жанатых застаецца на ранейшым узроўні, як у маладосці.

— Ёсць яшчэ адна цікавая акалічнасць, — гаворыць Аляксей Горушкін. — Калі параўноўваць дзве катэгорыі жанчын — працуючых і хатніх гаспадынь, — то высветліцца, што апошнія паглыбляюцца ў дэпрэсію значна часцей.

Чаму ж гэта немач мучыць у асноўным прадстаўніц прыгожай паловы? Дакладнага адказу спецыялісты пакуль не ведаюць, але некаторыя аспекты сумненняў не выклікаюць. Самай частай прычынай становяцца, канешне ж, страты: смерць бацькоў ці дзіцяці, разрыў любоўных адносін ці скасаванне шлюбу. Жанчыны ў гэтым сэнсе «не загартаваныя». Іншая справа — мужчыны. Сваю першую страту яны перажываюць ва ўзросце 5-6 гадоў, калі адбываецца адрыў ад маці. Вядома, што хлопчыкі ў тры разы менш размаўляюць з маці, чым дзяўчаткі. Апошнія застаюцца ў эмацыянальна блізкіх адносінах з маці вельмі доўга і таму любы разрыў у жыцці ўспрымаюць вельмі трагічна. Напрыклад, падчас скасавання шлюбу дэпрэсію перажывае кожная трэцяя жанчына, кожная чацвёртая звяртаецца да псіхатэрапеўта, кожная шостая шпіталізуецца, кожная сёмая робіць спробу самагубства. У дужага полу гэтыя паказчыкі ў пяць разоў ніжэйшыя, а спроб сысці з жыцця па гэтых прычынах у дзесяць разоў менш.

Яшчэ адна прычына схільнасці жанчын да дэпрэсіі хаваецца ў асаблівасцях іх характару.

— Сёння, здавалася б, усе ведаюць, што для захавання душэўнага здароўя чалавеку абсалютна неабходна выказваць не толькі станоўчыя, але і адмоўныя эмоцыі, такія як раздражненне, гнеў, — адзначае Аляксей Горушкін. — Праяўляць іх трэба, канешне, у разумнай форме і ў межах здаровага сэнсу, але не хаваць у сабе, не душыць у зародку. Адмоўныя перажыванні ўзнікаюць у чалавеку натуральна, як дыханне, яны сігналізуюць пра тое, што пэўныя рэчы прадстаўляюць для нас небяспеку. Таму важна прыслухоўвацца да сябе.

Тым не менш некаторыя жанчыны часта не дазваляюць сабе «расслабіцца», баючыся здацца грубымі, нетактоўнымі. Па прыродзе яны куды больш эмацыянальныя, больш востра рэагуюць на жыццёвыя складанасці. Але якімі эмоцыямі? Крыўдай. Крыўда і гнеў — эмоцыі абсалютна розныя. Гнеў аддаляе нас ад чалавека, на якога мы раззлаваліся, а жанчыны так баяцца гэтага аддалення, так баяцца разрыву эмацыянальнай сувязі (бо гневаемся мы найчасцей на блізкіх нам людзей), што лічаць за лепшае заплакаць, а слёзы, як мы ведаем, збліжаюць.

Яшчэ адзін важны фактар: жанчыны часта значна больш працуюць — і прафесійна, і дома. На хатнія справы яны расходуюць не менш за шэсць гадзін у тыдзень, мужчыны — 40 хвілін. Вялікая колькасць жанчын знаходзіцца ў стане ператамлення, і на гэтым фоне любая сітуацыя, якая траўмуе псіхіку, становіцца прычынай дэпрэсіі.

Але кідаць працу і «адпачываць» на хатняй гаспадарцы яшчэ больш шкодна: губляюцца псіхалагічная падтрымка і правільная самаацэнка, неабходная для нармальнага самаадчування. Жанчын, зачыненых у сценах кватэры, прыгнятае поўная матэрыяльная залежнасць ад мужа, а ён далёка не заўсёды добразычлівы і верны. Да таго ж большасць мужчын схільныя лічыць працу па доме, клопат пра дзяцей заняткам лёгкім, чымсьці накшталт адпачынку і нярэдка да такой працы ставяцца зняважліва. Часта муж нават адчувае пачуццё раздражнёнасці і нават непрыязнасці па прычыне таго, што жонка «гультайнічае».

Горш за ўсё тое, што дэпрэсію часам доўга не заўважаюць і да спецыяліста хворы звяртаецца толькі тады, калі да цяжкага настрою дадаецца адчуванне фізічнай разбітасці, слабасці. Між тым за апошнія дваццаць гадоў псіхатэрапія цалкам навучылася лячыць прыгнечаны стан. За два-тры тыдні, максімум — за месяц можна вярнуцца да нармальнага здаровага стану. Таму не варта пакутаваць і псаваць сабе жыццё — у звароце да ўрача няма нічога ганебнага.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.