Вы тут

У таджыкскім Гісары будуць збіраць беларускую тэхніку


Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон афіцыйна адкрылі зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі, якая размешчана ў Гісары. Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з прадпрыемствам, абмеркавалі перспектывы яго развіцця, пагутарылі з работнікамі, а таксама адкрылі памятны знак на тэрыторыі.


Беларускі лідар нагадаў, што ў верасні ён зноў наведае Таджыкістан (запланавана пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД), таму тады ж кіраўніцтва ААТ «МТЗ» і прадпрыемства ў Гісары павінна прадставіць інфармацыю аб тым, на якія рынкі ўдалося выйсці. Што датычыцца развіцця вытворчасці і продажаў, то Эмамалі Рахмон адзначыў наяўнасць вялікай колькасці праектаў з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, якія дапамагаюць аграрнаму сектару ў краіне набываць тэхніку.

Прэзідэнтам таксама далажылі аб планах па лакалізацыі вытворчасці ў Гісары. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў такі кірунак работы з той мэтай, каб частка вузлоў для тэхнікі выраблялася непасрэдна ў Таджыкістане.

Таксама казалі пра практычную падрыхтоўку таджыкскіх спецыялістаў на канвеернай вытворчасці ў Беларусі. «Гэта (вытворчасць. — БелТА) — пачатак. І адсюль павінны пайсці інжынеры для Таджыкістана», — дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў магчымасці выкарыстання тэхнікі МТЗ для патрэб камунальнай гарадской гаспадаркі, а таксама даручыў даставіць у Таджыкістан узоры адпаведнага навяснога абсталявання.

Пазней дырэктар АТЗТ «Агратэхсэрвіс» Джалалідзін Нураліеў у размове з журналістамі адзначыў, што беларуская сельскагаспадарчая тэхніка ў Таджыкістане запатрабаваная, аднак сам парк моцна зношаны. Ён дадаў, што па трактарах існуе недахоп у 10 тысяч адзінак. «Таму мы вырашылі адкрываць зборку тут. Гэта таксама ў кантэксце праграмы па стварэнні рабочых месцаў, ператварэнні рэспублікі з аграрнай у аграрна-індустрыяльную», — сказаў ён.

Джалалідзін Нураліеў дадаў, што існуе намер навучаць спецыялістаў сярэдняга тэхнічнага звяна, якія будуць працаваць непасрэдна ў гаспадарках. «Будуць выкладчыкі з Беларусі. Нашы спецыялісты ўжо праходзілі навучанне, і ў нас у планах дасылаць іх у Беларусь, каб яны дадаткова праходзілі практычную падрыхтоўку, працуючы на канвеерах», — адзначыў дырэктар прадпрыемства.

Ён таксама паведаміў, што вядуцца перагаворы па пастаўцы беларускай тэхнікі, сабранай у Таджыкістане, на рынкі трэціх краін, у прыватнасці ў Афганістан.

Даведачна

ААТ «МТЗ» і ААТ «Бабруйскаграмаш» на базе дылера АТЗТ «Агратэхсэрвіс» рэалізуюць у горадзе Гісар праект па стварэнні зборачнай вытворчасці трактароў, навяснога і прычапнога абсталявання. Прапрацоўваецца пытанне адмены ПДВ (18 %) на сумесна вырабленую ў Таджыкістане сельскагаспадарчую тэхніку.

Што ўяўляе сабой вытворчы комплекс? Малы зборачны цэх, склад гатовай прадукцыі, адкрытая выставачная пляцоўка для паказу сельскагаспадарчай тэхнікі і адміністрацыйна-вучэбны корпус. Ужо пачата будаўніцтва зборачнага цэха, у якім плануецца размясціць тры лініі зборкі беларускай тэхнікі. Зараз тут збіраюцца трактары маркі «Беларус-80.1» і «Беларус-82.1», у будучыні мадэльны рад плануюць пашырыць. Рэалізуецца праект па стварэнні вучэбнага цэнтра па падрыхтоўцы тэхнічных спецыялістаў сярэдняга звяна па абслугоўванні і эксплуатацыі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі. Да адукацыйнай работы могуць прыцягнуць выкладчыкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, вядуцца перагаворы.


Сады дружбы

Дарэчы, па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях закладуць два фруктовыя сады імя Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона. Гэтая тэма, паводле слоў беларускага лідара, абмяркоўвалася па дарозе на зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі ў Гісары. У Таджыкістане таксама бываюць суровыя маразы ў зімовы перыяд, але мясцовыя сады выжываюць. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што культуры, якія растуць у Таджыкістане, будуць расці і ў нас.

«Трэба паспрабаваць. Клімат мяняецца. Мы кавуны вырошчваем у цэнтральнай Беларусі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Эмамалі Рахмон даручыў арганізаваць неабходную работу разам з беларускімі спецыялістамі, а таксама паабяцаў садзейнічанне — напрыклад, у той жа падрыхтоўцы неабходнай колькасці саджанцаў.

Пасол Беларусі ў Таджыкістане Алег Іваноў дадаў, што чарэшневы сад дружбы дзвюх краін з'явіцца і на таджыкістанскай зямлі, месца пад яго адведзена, а саджанцы ўжо заказаны.

Паводле БелТА

Загаловак у газеце: Асвойваць рынкі — разам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.