Вы тут

Гісторыя вёскі Ялоўка Уздзенскага раёна


Раскінулася гэтая вёсачка за сотню-другую метраў ад дарогі Узда — Гарбаты. Ды «раскінулася» — моцна сказана. У веснавы дзень відаць з дарогі крайнія дамы дзвюх вуліц, каля якіх толькі зрэдку жывога чалавека ўбачыш. І каля зеленаватага колеру сцен фермы руху амаль не відаць. А яшчэ з паўстагоддзя таму Ялоўка жыла зусім іншым жыццём...


Стараста Ялоўкі Канстанцін ПАНЦЯЛЕЕЎ добра ведае сучасныя патрэбы вёскі.

Гістарычная даведка сведчыць пра тое, што мінулае вёскі нават у параўнанні з яе суседкамі па цяперашнім Дзешчанскім сельсавеце Уздзенскага раёна небагатае, налічвае ўсяго менш за два стагоддзі. Але адметнае гэта паселішча тым, што ў недалёкім лесе паблізу вёскі ў час паўстання 1863—1864 гадоў адбыўся бой паміж паплечнікамі К. Каліноўскага (атрад пад кіраўніцтвам П. Дыбоўскага) і царскім войскам, якое значна пераўзыходзіла іх па жывой сіле і ўзбраенні. У няроўным баі паўстанцы страцілі 12 сваіх таварышаў...

У пачатку ХХ стагоддзя ў Ялоўцы налічвалася 52 двары, жыло тут больш як 330 жыхароў.

— Калі я вярнуўся са сталіцы на сваю малую радзіму (а было гэта ў 1996 годзе), на вуліцы Цэнтральнай стаяла 60 жылых дамоў ды на Зарэчнай 22, — прыгадвае Канстанцін Панцялееў, стараста вёскі. — І ў кожным як мінімум адзін чалавек жыў. А яшчэ крыху раней, помню, як выйдуць мужыкі на касавіцу — грамада! Пакінуў жа я Ялоўку пасля заканчэння васьмі класаў Цялякаўскай школы. Скончыў у Мінску вучылішча будаўнікоў, адслужыў у арміі, ад трэста «Будмеханізацыя» скалясіў па Беларусі і Прыбалтыцы дзясяткі, сотні будпляцовак...

Ды вясковыя карані часта нагадвалі пра сябе настальгічнымі ўспамінамі, а пасля вярнулі Канстанціна Канстанцінавіча ў Ялоўку. Дваццаць гадоў адпрацаваў лесніком, абараняючы знаёмыя з дзяцінства яловыя, лісцевыя лясы ад браканьераў ды дробных шкоднікаў. Кожнае дрэўца ў наваколлі, кожнага чалавека тутэйшага ведае. І яны яго ведаюць. Як старасту, як дэпутата сельскага Савета некалькіх папярэдніх скліканняў.

Цяпер у Ялоўцы ўсяго 25 жылых дамоў, у якіх зарэгістравана 30 чалавек. Улетку іх колькасць павялічваецца як мінімум удвая — за кошт дачнікаў, адпускнікоў, гарадскіх дзяцей і ўнукаў. Людзі больш сталага ўзросту прыгадваюць, што тут было раней.

...А раней, у першай палове мінулага стагоддзя, славілася на ўсё наваколле ялоўская кузня, у якой працаваў дзед Канстанціна Панцялеева — Мікалай Клімовіч. У 30-я гады пад націскам руху калектывізацыі перадаў яе каваль калгасу. Пасля вайны яе перанеслі ў іншы будынак, а ў 70-я гады яна спыніла сваё існаванне. Магчыма, таму, што не стала і стайні, у якой у лепшыя часы трымалі па 50 і больш коней. Умела спраўляўся з імі, пеставаў кожнага жарэбчыка, нібы ўласнага, Яўгеній Рубскі.

Была ў Ялоўцы і свая птушкаферма. Крыклівым курыным царствам кіравалі Соф'я Сянькевіч з сям'ёй. Жывёлагадоўлю прадстаўлялі таксама асобныя драўляныя будынкі цялятніка ды кароўніка. У розныя гады загадвалі фермай Зінаіда Андрыеўская (яна, апроч таго, была і даяркай, і брыгадзірам паляводчай брыгады) і Фаіна Семянчук. Добрыя паказчыкі забяспечваў даглядчык жывёлы Вячаслаў Луцэвіч, а механічныя працэсы абслугоўваў пры ферме трактарыст Канстанцін Ананіч. Звыш трыццаці гадоў адпрацавалі ў жывёлагадоўлі і сёння працягваюць даглядаць тут бычкоў сын колішняга конюха Яўгеній Рубскі з жонкай Ядвігай. Праўда, старыя драўляныя будынкі даўно знеслі, засталіся цагляныя, пазнейшай забудовы...

У памяці сённяшніх жыхароў Ялоўкі дзякуючы ўспамінам іх дзядоў і прадзедаў засталіся згадкі пра тое, як калісьці ў час жніва зжатыя сярпамі, убраныя косамі, пазней — жняяркамі, снапы з жытам ды пшаніцай звозілі ў два вялікія драўляныя гумны-збожжатокі. Позняй восенню ды зімой абмалочвалі іх цапамі жанчыны...

Мела Ялоўка і сваю пачатковую школу. Пазней у гэтым будынку працаваў сельскі магазін. Цяпер жа аўталаўка тры разы на тыдзень наведвае гэты населены пункт, дастаўляе прадукты, тавары першай неабходнасці, але і любую заяўку на больш складаную тэхніку ці будматэрыялы выканае.

— Прыгожыя ў нас мясціны, — працягвае знаёмства з роднай вёскай Канстанцін Панцялееў. — Невыпадкова ж і гараджане аблюбавалі іх — вунь колькі дачных пасёлкаў, садаводчых таварыстваў паблізу з'явілася. У лясах шмат грыбоў. Адразу за вёскай выкапаны вадаёмы, аматары рыбнай лоўлі і цяпер цягаюць карасёў, карпаў. А летам якое раздолле!

Прысядзібныя ўчасткі вяскоўцаў абслугоўваюць тры кані прыватнікаў (у тым ліку і жывёліна старасты), міні-трактар пенсіянера Віктара Махнача, ёсць некалькі мотаблокаў. Пад кіраўніцтвам старшыні Дзешчанскага сельвыканкама Таццяны Віннік і пры непасрэдным удзеле старасты і вяскоўцаў рэгулярна наводзіцца парадак на вясковых могілках: убралі стары драўляны плот — яго месца заняла сучасная бетонная агароджа, спілавалі на тэрыторыі апошняга прытулку продкаў старыя сухія дрэвы. Час ад часу, па меры назапашвання смецця, запрагае Канстанцін Канстанцінавіч каня, збірае непатрэбшчыну ды адвозіць на міні-палігон у Гарбаты. Ахвотна адгукаюцца сённяшнія жыхары Ялоўкі і прыезджыя нашчадкі мясцовых на запрашэнні прыняць удзел у суботніках па навядзенні парадку.

...У халоднае не па-вясноваму неба ўздымаецца над комінам вясковай хаты слупок дыму. У адным з хлеўчукоў кукарэкнуў певень. Бразнула века калодзежнага зруба. З цялякаўскай дарогі зварочвае ў бок населенага пункта легкавы аўтамабіль... Жыццё ў Ялоўцы працягваецца. Няхай не такое ажыўленае, як у другой палове мінулага стагоддзя, ды ўсё ж перагортваюцца адна за адной старонкі календара размешчанай непадалёку ад сталіцы вёсачкі. Колькі іх яшчэ наперадзе, гэтых старонак?

Віктар САБАЛЕЎСКІ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Загаловак у газеце: Паміж райцэнтрам і сталіцай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.