Вы тут

Чаму Facebook дапусціў уцечку дадзеных?


Адна з найбуйнейшых сацыяльных сетак Fасеbооk добра засела ў стужцы навін усяго свету. Скандалы, інтрыгі, драмы і прабачэнні... У храналагічным парадку гісторыя выглядае наступным чынам: сацсетка дапусціла ўцечку звестак аб сваіх карыстальніках, людзі татальна пачалі выдаляць свае акаўнты, акцыі кампаніі за пару тыдняў імкліва ўпалі. Сярод беларусаў таксама нямала карыстальнікаў сацсеткі, дык, магчыма, і нам варта пачаць выдаляць акаўнты Fасеbооk, каб «вялікі брат» не сачыў за намі? Паспрабуем разабрацца.


З чаго пачалося?

Шуміха вакол Fасеbооk пачалася, калі высветлілася, што доступ да персанальных даных 50 мільёнаў карыстальнікаў сацсеткі атрымала кансалтынгавая кампанія Саmbrіdgе Аnаlуtіса. Ёй удалося сабраць звесткі пры дапамозе віктарыны «Гэта ваша лічбавае жыццё». Людзям прапаноўвалася прайсці тэсты, дзе пры адказах на пытанні яны пакідалі свае асабістыя даныя. Былы супрацоўнік Саmbrіdgе Аnаlуtіса Крыстафер Уайлі выказаў меркаванне, што кампанія змагла атрымаць даныя, выкарыстоўваючы банальнае жаданне карыстальнікаў даведацца, напрыклад, «якая ты знакамітасць» ці «што цябе чакае сёлета». Як аказалася, сабраныя звесткі можна выкарыстоўваць для таго, каб уплываць на меркаванні людзей. Як? Напрыклад, праз таргетынгавую рэкламу, дзе прапануецца нешта купіць. Таксама і праз пэўны кантэнт, які «дапамагае» карыстальніку прагаласаваць.

Абвал акцый і прабачэнне

У разгары скандалу аб уцечцы даных акцыі кампаніі пачалі імкліва падаць. Толькі за мінулы тыдзень Fасеbооk у капіталізацыі страціла мільярды долараў. У цэлым па кошце кампанія стала на 15 % таннейшай (гэта каля 100 мільярдаў долараў). Акрамя непрыгожай гісторыі з Саmbrіdgе Аnаlуtіса, на кошт акцый таксама негатыўна паўплываў старт кампаніі #dеlеtеfасеbооk (хэштэг «выдалі fасеbооk»), дзе людзі заклікалі адно аднаго пазбавіцца ад сацыяльнай сеткі.

Заснавальнік Fасеbооk Марк Цукерберг прызнаў, што сацсетка дапусціла памылкі ў рабоце з кансалтынгавай кампаніяй, і паабяцаў не паўтараць іх.

«Я заснаваў Fасеbооk, і ў рэшце рэшт я адказваю за тое, што адбываецца на нашай платформе», — напісаў Цукерберг на сваёй старонцы ў Fасеbооk.

Канфлікт скончаны?

Аднак аб канкрэтных мерах па кантролі за ўцечкай даных пакуль казаць рана. Не так даўно ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што праграма Fасеbооk для смартфонаў небяспечая. Кампанія цікавіцца не толькі спажывецкімі прыярытэтамі сваіх карыстальнікаў, але можа адсочваць і захоўваць звесткі аб іх тэлефонных размовах і sms-перапісцы.

Гэтая навіна ўскалыхнула ІТ-супольнасць. Па інфармацыі брытанскіх СМІ, Fасеbооk доўгія гады збіраў базу даных — туды ўваходзіла інфармацыя пра тое, калі былі зробленыя званкі, адпраўленыя паведамленні і каму. Па словах аналітыкаў, карыстальнікі могуць выдаліць з сацсеткі свае кантакты, але інфармацыя аб званках і sms не выдаляецца. Пры ўстаноўцы апошніх версій Fасеbооk Mеssеngеr на Аndrоіd праграма запытвае доступ да званкоў і sms. Аднак у больш ранніх версіях такога запыту не было, і Fасеbооk аўтаматычна атрымліваў дазвол на збор звестак аб званках і паведамленнях.

Тым часам уладальнікі смартфонаў, якія працуюць на базе іОS-праграм, не знайшлі ў архіў-файлах Fасеbооk інфармацыю аб сваіх званках і паведамленнях. Гэта тлумачыцца тым, што большасць іОS-праграм не мае доступу да гісторыі выклікаў і sms, а значыць, праграма Fасеbооk для іОS не можа збіраць такія даныя. Цікавы факт: адразу пасля публікацыі гэтай інфармацыі адміністратары Fасеbооk рэкамендавалі карыстальнікам уручную адключыць доступ праграмы да адраснай кнігі сваіх тэлефонаў.

Разам з тым кіраўніцтва кампаніі ўжо заявіла, што карыстальнікі сацсеткі атрымаюць магчымасць выдаляць інфармацыю, якую пра іх збіраюць. Для гэтага нават абновяць інтэрнэт-сэрвіс, які спросціць кіраванне асабістымі данымі. Спампаваць усю перададзеную інфармацыю можна было і раней, але цяпер карыстальнікі змогуць выбарачна яе выдаляць. Напрыклад, можна будзе выдаліць звесткі аб пакінутых каментарыях, лайкі, гісторыі пошукавых запытаў. Акрамя таго, у Fасеbооk паабяцалі абнавіць правілы сацыяльнай сеткі, больш выразна сфармуляваўшы прынцыпы збору і выкарыстання персанальных даных. Мяняць самі прынцыпы не плануецца — гаворка ідзе толькі аб павышэнні празрыстасці работы з інфармацыяй карыстальнікаў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Fасеbооk супраць свету

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.

Палітыка

Выбары ў Савет Рэспублікі адбыліся ў Беларусі

Выбары ў Савет Рэспублікі адбыліся ў Беларусі

Галасаванне па зарэгістраваных ЦВК кандыдатах у сенатары прайшло ў кожнай вобласці і Мінску.