Вы тут

«Поспех — гэта не толькі папулярнасць, але і сацыяльная адказнасць»


Музыканты і танцоры, мастакі і акцёры — беларуская творчая моладзь сабралася ўчора на сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. У Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні таленавітых юнакоў і дзяўчат, а таксама агледзеў выставу-прэзентацыю.


На ёй былі прадэманстраваны творы асноўных кірункаў мастацтва. Гэта чатыры творчыя павільёны, прысвечаныя традыцыям і інавацыям у сучаснай культуры, візуальным і відовішчным відам мастацтва, харэаграфіі і музыцы. Безумоўна, свой талент нельга хаваць: маладыя творцы паказалі, на што здольныя. Кіраўнік дзяржавы з цікавасцю разглядаў тэкстыльную мазаіку «Веснікі перамен», дэкаратыўнае пано «Запавет» з выявай адной з беларускіх цэркваў. Зацікавіла Прэзідэнта і незвычайная кераміка — збан-рукамыйнік. На прэзентацыі выступілі і юныя балерыны. За фартэпіяна сядзеў малады піяніст Аляксандр Данілаў. Па просьбе Прэзідэнта ён сыграў тое, што падабаецца музыку, — твор Уладзіміра Грушэўскага. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся ў маладых людзей іх творчымі планамі ў прафесіі.

Размову працягнулі ў зале. У сустрэчы з кіраўніком дзяржавы прынялі ўдзел каля 270 чалавек. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часцей назірае за прадстаўнікамі мастацкай галіны збоку, «але гэта не азначае, што не чакаю высокіх вынікаў. Ваша роля ў жыцці краіны адказная. Можа, нават больш, чым вы самі гэта ўсведамляеце». Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў любым відзе мастацтва творчыя людзі дораць настрой, эмацыянальна ўзбагачаюць і фарміруюць духоўны каркас нацыі. «Гэта дастойны і адказны шлях — весці свет за сабою, узвышаючы душы і выхоўваючы ў людзях пачуццё прыгожага», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Але, як сказаў Прэзідэнт, «усе дзяржавы і нацыі перыядычна праходзяць праз выпрабаванне так званай «чарнухай». Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што спачатку мы з такім сутыкнуліся ў 1990-х гадах: «Прапаганда разбэшчанасці, скажэнне гісторыі, нецэнзурная лексіка, залішні натуралізм, сцэны жорсткасці, гвалту ў літаратуры, кіно і драматургіі не былі вынаходкай таго часу. Песімістычнае, страшнае, шакіруючае мастацтва існавала заўсёды і часта разбурала цэлыя цывілізацыі знутры».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што неабходна разумець, выбіраючы творчую прафесію: поспех — гэта не толькі авацыі і папулярнасць, але і вялікая сацыяльная адказнасць. І ад таго, якім будзе творчы лёс таленавітых людзей, залежыць будучыня краіны. «Веру, што дзякуючы вашым пошукам і поспехам Беларусь перастане быць у сучаснай культуры «тэра інкогніта», — падкрэсліў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы закрануў таксама сітуацыю, калі таленты з'язджаюць з краіны і праслаўляюцца спярша за мяжой. Такая праблема існуе, хоць у Беларусі і створаны ўмовы для старту таленавітай моладзі. «У Год малой радзімы час пераламаць сітуацыю. Адораныя людзі павінны быць вядомыя і запатрабаваныя перш за ўсё на сваёй зямлі. І, калі самі аб сабе не паклапоцімся, ніхто іншы за нас гэта не зробіць», — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка пажадаў маладым знайсці дастойнае творчае амплуа і зрабіць правільны выбар, які стане пачаткам прыгожай творчай біяграфіі.

Моладзь спытала ў Аляксандра Лукашэнкі пра даступнасць музычных інструментаў, сучаснае кіно, Іnstagram і не толькі. Так, кіраўнік дзяржавы расказаў, што іграў на баяне, займаўся фатаграфіяй. Наконт новых інструментаў, якіх не хапае, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна аднавіць іх вытворчасць. Барысаўская фабрыка музычных інструментаў, якая выпускала вядомыя піяніна «Беларусь», была закрытая каля дзесяці гадоў таму. Добрых інструментаў сёння недастаткова, і гэтую праблему неабходна вырашаць. Таксама Прэзідэнт спыніўся на сістэме адбору, якая складваецца і ў спорце, і ў мастацтве. Талентаў не так многа, і трэба ім дапамагчы, каб не згубіць.

Зайшла размова і пра ІТ. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што творчых людзей ніколі не заменіць віртуальная рэальнасць. Яна можа быць толькі ў дапамогу творцы. Таксама Прэзідэнт назваў распрацоўку дэкрэта аб лічбавай эканоміцы прыкладам творчага падыходу ў сваёй працы і адзначыў, што не выключае стварэння ў Беларусі міністэрства лічбавай эканомікі.

Моладзь спытала меркаванне Прэзідэнта наконт графітыстаў і вулічных музыкаў. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што вітае прыгожы роспіс будынкаў. А вось з вулічнымі музыкамі сам не сутыкаўся, але адзначыў, што гэта было б цікава і, праходзячы міма, ён кінуў бы манетку. Цікавіліся і меркаваннем наконт нашумелых фільмаў «Матыльда» і «Смерць Сталіна»: што важней — гістарычная праўда ці камерцыйная выгада? Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў аснове павінна быць праўда, але сучасны фільм каштуе шмат, таму і пра камерцыйную выгаду таксама неабходна думаць.

Запыталі і пра тое, ці хоча Аляксандр Лукашэнка завесці сваю старонку ў сацыяльнай сетцы Іnstagram. Кіраўнік дзяржавы адказаў, што, на жаль, з-за занятасці не зможа адказваць кожнаму падпісчыку, а даручаць гэта сваім памочнікам будзе не зусім сумленна. У сваю чаргу прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант расказала, што ёсць ідэя зрабіць старонку прэс-службы кіраўніка дзяржавы, дзе можна будзе дзяліцца больш нефармальнымі фотаздымкамі. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў падумаць над гэтай прапановай.

Напрыканцы сустрэчы малады выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, уладальнік гранта Прэзідэнта Беларусі ў сферы культуры 2018 года Антон Вырва ўручыў кіраўніку дзяржавы карціну «Малая радзіма», дзе намалявана Александрыя і бачны зімні Днепр. Выходзячы з залы, удзельнікі падзяліліся ўражаннямі ад размовы і, як адзначыла студэнтка БДАМ Ганна Шчарбітава, сустрэча прайшла лёгка, у кожнага была магчымасць задаць пытанне. Таксама дзяўчына адчула неабыякавасць кіраўніка дзяржавы да культуры і адзначыла перспектывы дызайнераў у краіне, паколькі гэта непасрэдна датычыцца яе спецыяльнасці.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.