Рэзананснае пытанне па ўзвядзенні новага моста паміж Жыткавічамі і Туравам трэба вырашаць да канца гэтага года. Такое даручэнне даў учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай сустрэчы з намеснікам прэм’ер-міністра Міхаілам Русым. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы звярнуўся да тэмы спрэчак аб пастаўках беларускага малака ў Расію.
Праверыць стан усіх мастоў
Па словах кіраўніка дзяржавы, масты, якія былі пабудаваны ў савецкія часы, вядома, ужо не ў самым лепшым стане і патрабуюць рамонту, як і мост у Жыткавіцкім раёне. «Дрэнна, што гэта нечакана здарылася. За гэты год новы мост павінен быць там пабудаваны», — даў даручэнне беларускі лідар, які сам часта бывае ў гэтым рэгіёне. Па яго словах, людзі разумеюць, што ўсялякае здараецца, але яны не павінны ад гэтага пакутаваць. «Трэба арганізаваць падвоз да Турава, Жыткавіч, каб людзі маглі перамяшчацца», — загадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што збіраецца наведаць гэты раён вясной і адсачыць, як выконваецца яго даручэнне. Гэта пытанне зараз на яго асабістым кантролі. Кіраўнік дзяржавы даручыў праверыць стан і іншых падобных мастоў у краіне і не чакаць, пакуль «недзе штосьці лопне ці трэсне».
Нагадаем, што ў канцы мінулага года ў Жыткавіцкім раёне на мосце цераз Прыпяць з'явіліся расколіны і ён правіс. Спачатку яго закрылі для аўтатранспарту, а затым і для пешаходаў. Неўзабаве для мясцовых жыхароў была ўсталявана пантонная пераправа. Зараз з-за марозу яна працаваць не можа.
Вырашыць малочны рэбус
Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да тэмы спрэчак аб пастаўках беларускага малака ў Расію. «Хачу сказаць, што без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста цярпець гэта не будзем. Таму што мяне спецслужбы інфармуюць, што завезлі з Новай Зеландыі або адкуль-небудзь сухое малако (гэта іх справа), з'явіліся лішкі і яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако, — сказаў Прэзідэнт. — Мы ім аддадзім сваё малако па той цане, якую лічым патрэбнай, а яны няхай расіянам павялічваюць цану, калі там ужо рускія людзі, масквічы або піцерцы, аб'еліся новазеландскім малаком. Таму мяне цікавіць, як вырашаецца гэта пытанне».
Беларускі лідар запытаў, якія праблемы ёсць на гэты момант у сельскай гаспадарцы, як уплываюць умовы надвор'я, бо «зіма правярае нас на трываласць», пацікавіўся, як яе вытрымліваюць жывёлагадоўчыя комплексы, якія пабудавалі па найноўшых тэхналогіях. Таксама Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на сітуацыю ў лясной гаспадарцы. «Бардак поўны, хабарнік на хабарніку сядзіць», — сказаў кіраўнік дзяржавы і даў загад віцэ-прэм'еру навесці ў ёй парадак, «каб мыш не прапаўзла».
Міхаіл Русы, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі:
— Кіраўніку дзяржавы было даложана па тых пытаннях, якія ўзніклі ў нас па малочнай прадукцыі. Намі быў праведзены цэлы шэраг сустрэч на пляцоўках Міністэрства сельскай гаспадаркі і ўрада Расіі па пастаўках малочнай прадукцыі. Падыходы знойдзены. Беларусь летась паставіла ў Расію амаль 4 мільёны тон малака і малочнай прадукцыі. Згодна са статыстыкай, цэны на гэтыя тавары вышэйшыя, чым аналагічныя расійскія або з трэціх краін. Таму папрокі ў дэмпінгу ў дачыненні да Беларусі не абгрунтаваныя.
Мы падрыхтавалі дарожную карту, і цяпер яна разглядаецца на ўзроўні міністэрстваў сельскай гаспадаркі Беларусі і Расіі па вывадзе тых прадпрыемстваў, на якія накладзены абмежаванні. Даручана і падтрымана на ўзроўні ўрада Расіі ў сакавіку зацвердзіць на калегіі абодвух міністэрстваў балансы на сухое малако. Мы гатовы падпісацца пад любой прапановай па цэнах не ніжэйшых, чым у Расійскай Федэрацыі.
Таксама намі абмяркоўвалася тэма кадраў у лясной гаспадарцы. Кіраўнік дзяржавы паставіў сур'ёзныя пытанні і папракнуў, што ёсць шэраг недапрацовак. Таму ў найбліжэйшы час будзе прынята кадравае рашэнне па прызначэнні міністра. Урадам і Адміністрацыяй Прэзідэнта падабраны кандыдатуры — вельмі моцныя. Усе прэтэндэнты — гэта людзі, якія ведаюць лясны комплекс не па чутках і разумеюць, як развіваць гэту сферу з пункту гледжання эканамічнай мэтазгоднасці.
Вераніка ПУСТАВІТ
Што за таемнымі дзвярыма?