Вы тут

У ЦВК падвялi папярэднiя вынiкi мясцовых выбараў


У складзе выбраных дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склiкання амаль палова — жанчыны, а больш за ўсё прадстаўнiкоў — ад адукацыi, культуры, навукi, аховы здароўя. Такiя звесткi з'явiлiся на сайце Цэнтральнай камiсii па выбарах i правядзеннi рэспублiканскiх рэферэндумаў (ЦВК).


Сярод абраных дэпутатаў жанчыны складаюць 48,2 %, грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў — 4 %, грамадзяне Расiйскай Федэрацыi — 0,12 %, цi 21 чалавек з 18 110.

Больш за ўсё дэпутатаў занята ў адукацыi, культуры, навуцы, ахове здароўя — 5546 чалавек, або 30,62 % ад усiх выбраных. Прадстаўнiкi сельскай гаспадаркi складаюць 3870 чалавек (21,37 %), дзяржаўных органаў — 2398 (13,24 %), прамысловасцi, транспарту, будаўнiцтва — 1521 (8,4 %). Сярод абраных дэпутатаў — 303 (1,67 %) прадпрымальнiкi, 708 (3,91 %) прадстаўнiкоў гандлю i бытавога абслугоўвання насельнiцтва, 644 (3,56 %) праваахоўных органаў, ваеннай службы, 485 (2,68 %) — пенсiянеры.

Што датычыцца членства ў палiтычных партыях, у склад дэпутатаў мясцовых Саветаў увайшло больш за ўсё прадстаўнiкоў Камунiстычнай партыi Беларусi (305) i Рэспублiканскай партыi працы i справядлiвасцi (127).

Сярод iншых абласцей Гомельская — самая «маладая», бо тут больш за ўсё дэпутатаў да 30 гадоў, i «жаночая» (2066 жанчын з 3583). У Мiнскай вобласцi больш за ўсё прадстаўнiкоў Камунiстычнай партыi Беларусi (100 дэпутатаў). Больш за ўсё пенсiянераў у Вiцебскай вобласцi (136 чалавек), а непрацуючых — у Гомельскай (29 чалавек). Амаль ва ўсiх абласцях па сферах дзейнасцi дэпутатаў лiдзiруюць адукацыя, культура, навука, ахова здароўя, акрамя Гродзенскай вобласцi — там больш дэпутатаў, якiя займаюцца сельскай гаспадаркай. Прытым у сталiцы частка партыйных дэпутатаў досыць значная — амаль 30 %, у той час як па абласцях гэта лiчба не перавышае 5 %. Усе сталiчныя дэпутаты працаўладкаваны, сярод iх няма нi аднаго пенсiянера.

Дэпутаты пачнуць работу праз месяц пасля выбараў, а магчыма, i раней. «Да сярэдзiны сакавiка ўсе мясцовыя Саветы дакладна запрацуюць», — сказала Лiдзiя Ярмошына, старшыня ЦВК. Па яе словах, у цэлым працэс выбараў прайшоў дастаткова спакойна. Скаргаў, канфлiктаў няшмат. «На канфлiкт iдуць толькi мясцовыя назiральнiкi. Што датычыцца ўзаемаадносiн з мiжнароднымi назiральнiкамi, нi аднаго звароту ў ЦВК пра тое, што дзесьцi назiральнiку не аказалi належны прыём, не паступала, i я спадзяюся, што не паступiць», — заявiла днямi журналiстам Лiдзiя Ярмошына.

На яе думку, добра спрацавалi органы ўлады на месцах i лепш, чым звычайна, — самi каманды кандыдатаў у дэпутаты. «Яны праводзiлi значна больш агiтацыйных мерапрыемстваў, паспрабавалi, нарэшце, асвоiць выбарчыя фонды, — адзначыла старшыня ЦВК. — У нас практычна няма скаргаў ад выбаршчыкаў, што яны не атрымалi iнфармацыйны матэрыял. Яны скардзiлiся на аб'ём гэтага матэрыялу — iм хацелася б больш. Але галоўнае, што выбаршчыкi былi праiнфармаваныя», — падкрэслiла яна.

Вынiковае пасяджэнне па вынiках выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў адбудзецца ўжо сёння, 23 лютага.

Веранiка ПУСТАВIТ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Каго мы выбiралi?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.