Вы тут

Мэта — аднавіць узровень тавараабароту


На гэтым тыдні з візітам у нашай краіне знаходзіцца міністр замежных спраў Алжыра Абдэлькадэр Месахель. Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са спадаром Месахелем і абмеркаваў, якія сферы могуць дазволіць вывесці эканамічныя адносіны з гэтай паўночнаафрыканскай краінай на новы ўзровень.


«Той узровень адносін, які ў нас існуе з вашай краінай, дружалюбнай нам краінай, нельга прызнаць здавальняючым. Тым больш на фоне зніжэння гандлёва-эканамічных сувязяў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Летась аб'ём двухбаковага тавараабароту склаў $1,96 млн. Асноўныя пазіцыі беларускага экспарту — калійныя ўгнаенні і канцылярскія вырабы, з Алжыра імпартуюцца лекавыя сродкі і садавіна. У значнай ступені такі ўзровень двухбаковых эканамічных адносін абумоўлены тым, што ў гандлі з Еўрапейскім саюзам Алжыр мае льготныя ўмовы ў выглядзе нулявой тарыфнай стаўкі. А аб'ём беларускага экспарту з 2015 года значна ўпаў: алжырскі ўрад прыняў меры па абмежаванні імпарту з-за эканамічнага спаду, выкліканага зніжэннем сусветных цэн на нафту.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што візіт міністра можа даць сур'ёзны імпульс для развіцця адносін і аднаўлення тавараабароту, які калісьці складаў больш за $200 млн.

Беларусь можа прапанаваць гэтай паўночнаафрыканскай краіне шэраг тавараў, у якіх яна зацікаўлена. У тым ліку малочныя прадукты. Прэзідэнт адзначыў, што «з пункта гледжання лагістыкі, Алжыр выглядае вельмі прывабна». Таму кіраўнік дзяржавы запэўніў суразмоўніка, што, калі з алжырскага боку будзе садзейнічанне, мы гатовы працаваць і ў сферы прамысловасці, і ў АПК. «І не проста пастаўляць вам прадукцыю сельскай гаспадаркі, тую ж малочную прадукцыю, але і ствараць адпаведныя магутнасці разам з вамі на тэрыторыі Алжыра», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, перспектыўным можа быць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Што датычыцца машынабудавання, то Алжыр займае сярод краін Афрыкі першае месца па плошчы, таму работа для рознай тэхнікі і будаўнічых кампаній там знойдзецца. «Словам, мы адкрыты і гатовыя да любога супрацоўніцтва», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Абдэлькадэр Месахель пагадзіўся, што ўзровень эканамічных адносін паміж краінамі нашмат ніжэйшы за тыя, якія мы маглі б мець. І адзначыў, што мэта яго візіту — наладзіць сёння эканамічнае ўзаемадзеянне і зрабіць яго больш інтэнсіўным.

***

Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Абдэлькадэр Месахель накіраваўся ў Міністэрства замежных спраў, дзе прайшла сустрэча з кіраўніком беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімірам Макеем. Бакі падпісалі першыя ў гісторыі двухбаковых адносін міжурадавыя пагадненні — аб стварэнні сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве і аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых (афіцыйных) пашпартоў.

Уладзімір Макей адзначыў, што перагаворы былі вельмі канкрэтныя і прадметныя. У выніку бакі дамовіліся, што першае пасяджэнне створанай камісіі пройдзе да канца гэтага года ў Алжыры, а таксама запланавалі зрабіць «дарожную карту» гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.