Вы тут

Годам малой радзімы абвешчаны 2018 год у Беларусі


Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паведаміў на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод найлепшым работнікам аграрнай галіны.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для ўсіх малая радзіма — гэта нешта сваё: для кагосьці, напрыклад, родная вёска, для іншых — кавалачак некранутай прыроды. «Прыйшоў час кожнаму не толькі ўспомніць аб сваіх каранях, аб месцы, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі. Вельмі хочацца, каб гэта дапамога ішла ад сэрца, стала ўласнай ініцыятывай», — сказаў Прэзідэнт.

На цырымоніі ўзнагароджання сабраліся тыя, хто не па чутках ведае, што лёгкага хлеба не бывае. Мінулы год прайшоў у няпростых кліматычных умовах, але аграрыі забяспечылі краіну хлебам і перавысілі папярэдні вынік. Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці лідарам года па зборы збожжавых. Гэта гаспадаркі Гродзенскай і Мінскай абласцей. «Самая
высокая ўраджайнасць атрымана ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Гастэлаўскае» Мінскага раёна (амаль 100 цэнтнераў з гектара)», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Летась добрых поспехаў дасягнулі і ў жывёлагадоўлі. Упершыню сярэднегадавы ўдой малака дасягнуў пяці тысяч кілаграмаў. «Аднак для многіх гаспадарак гэта даўно пройдзены рубеж. У лідарах — «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна, «Вітэкс» Уздзенскага, «Агракамбінат «Сноў» Нясвіжскага і «Ларынаўка» Аршанскага раёнаў. У кожным вырабляецца звыш 10 тон малака на карову ў год», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Па выніках мінулага года вытворчасць прадуктаў харчавання павялічылася больш чым на 3 %. Харчовая бяспека краіны — аснова паспяховай эканомікі. На думку міжнародных экспертаў Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, наша краіна ўваходзіць у першую групу дзяржаў з высокім узроўнем забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання.

Калі паглядзець на рэйтынгі, Беларусь знаходзіцца на чацвёртым месцы ў свеце па экспарце сыроў, на пятым — па экспарце сухога абястлушчанага малака, уваходзіць у тройку па гандлі маслам. Летась наша прадукцыя жывёлагадоўлі выйшла на рынак Кітая. А туды трапіць даволі складана.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што «паспрабаваў у сваім жыцці вельмі многае. Але самыя выдатныя мае гады — гэта работа на зямлі, на вёсцы. Паверце, гэта самая цяжкая праца, гэта самая складаная і цяжкая прафесія. Таму што, асабліва кіраўніку, фермеру, трэба ведаць усё. Там усё жывое — глеба, расліны, жывёлы, людзі. Там трэба ведаць і ветэрынарыю, і аграномію, быць інжынерам... Гэта самыя шматгранныя людзі — якія займаюцца сельскай гаспадаркай». На цырымоніі Прэзідэнту падарылі сувенір — Грамнічную свечку, якая лічыцца сімвалічным абярэгам беларусаў.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды, Падзякі Прэзідэнта і падарункавыя сертыфікаты найлепшым гаспадаркам і работнікам аграрнай галіны, у тым ліку ордэнам Пашаны ўзнагароджаны міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Год малой радзімы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.