Вы тут

Гомельскі тэатр прапануе атмасферныя спектаклі для невідушчых


Які від мастацтва даступны людзям са слабым зрокам або невідушчым? Напэўна, вы адразу падумаеце пра музыку. А як наконт тэатра? Ці можа сляпы чалавек наведаць спектакль і атрымаць задавальненне ад пастаноўкі? Аказваецца, так, можа — у Гомелі.


Вядома, тэатр лічыцца пераважна візуальным відам мастацтва. Але малады гомельскі тэатр Team Theatre нядаўна стварыў праект, які зраўняў магчымасці людзей з любым зрокам, і назваў яго «Атмасферныя спектаклі для невідушчых».

— Пачалося ўсё з таго, што ў мінулым годзе нас звёў лёс з беларускім драматургам Андрэем Курэйчыкам. Ён дазволіў нам скарыстацца яго п'есай «Накцюрн». Мы паставілі па ёй спектакль. І, раз п'еса нам дасталася бясплатна, мы ў сваю чаргу таксама вырашылі ўнесці ў спектакль сацыяльны складнік, — кажа дырэктар, мастацкі кіраўнік тэатра Андрэй БАРДУХАЕЎ-АРОЛ.

На прэм'еры спектакля гледачоў папрасілі завязаць вочы і пагрузіцца ў тое, што адбываецца, з дапамогай усіх іншых органаў пачуццяў. Гэта аказалася зусім нескладана, таму што пастаноўка завязана на музычным суправаджэнні — жывая ігра піяніста плюс рэплікі, словы, дыялогі акцёраў... Калі акцёр ідзе — выразна чуваць яго крокі, калі адкрываецца акно — з'яўляецца свежы вецер... Глядач нават з завязанымі вачыма выдатна можа ўявіць сабе ўсе калізіі пастаноўкі і адчуць яе атмасферу. Гэтаму спрыяе і той факт, што тэатральная пляцоўка невялікая і акцёры размаўляюць і рухаюцца фактычна сярод гледачоў. Можна нават сказаць, што дзеянне спектакля разгортваецца не проста побач — на самай справе гледачы аказваюцца практычна ўнутры падзей.

«Мы атрымалі адабрэнне крытыкі і вырашылі, што можам рухацца далей у гэтым кірунку», — расказвае Андрэй Бардухаеў-Арол.

Тут якраз тэатр атрымаў п'есу ад расійскага драматурга Аляксея Нелаева «Прывіды», і таксама на бязвыплатнай аснове. І яе таксама паставілі ў Team Theatre ў стылі атмасфернага спектакля. Усё атрымалася і на гэты раз. Так канчаткова аформілася ідэя — зраўняць шанцы звычайнага гледача і гледача, у якога праблемы са зрокам, і паставіць усіх у аднолькавыя ўмовы. У Беларусі яшчэ ніхто не рабіў нічога падобнага...

Дарэчы, у дзясятым конкурсе сацыяльных праектаў Socіal Weekend, які нядаўна прайшоў, гомельскі тэатр Team Theatre выйграў грант, дзякуючы якому зможа закупіць новае абсталяванне для сваіх пастановак. Збіраюцца набыць новыя акустычныя сістэмы, мікрафоны, а таксама дым-машыны, якія дазваляюць араматызаваць паветра і інш.

Цяпер работа над пастаноўкамі ў тэатры вядзецца з удзелам кансультантаў — людзей з інваліднасцю па зроку. А ў будучыні паглядзець атмасферныя спектаклі змогуць не толькі гамяльчане — Team Theatre плануе гастролі па ўсёй краіне. Так што да тэатральнага мастацтва змогуць дакрануцца амаль у літаральным сэнсе гэтага слова і іншыя жыхары рэспублікі, у тым ліку і людзі, якія слаба бачаць, і невідушчыя, якіх, дарэчы, на сёння ў Беларусі налічваецца каля 25 тысяч.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Апынуцца ўнутры п'есы...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.