Вы тут

Раўкоў павіншаваў са святамі выхаванцаў Андрэеўскага дзіцячага дома


Учора міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў наведаў дзяржаўную сацыяльна-педагагічную ўстанову «Андрэеўскі дзіцячы дом», дзе павіншаваў выхаванцаў з надыходзячымі Калядамі і Новым годам. Вядома, не абышлося і без падарункаў.


— Мы традыцыйна ў канцы года прыязджаем віншаваць сваіх падапечных з Новым годам і Калядамі, — расказаў Андрэй Раўкоў. — Стараемся падарыць ім радасць, як і любому дзіцяці ў краіне. А гэта — увага, падарункі. Я на працягу года некалькі разоў прыязджаў сюды, каб паглядзець, як ідзе праца, выслухоўваў праблемы, а па выніках мы стараліся іх вырашыць.

Больш за дзесяць гадоў Міністэрства абароны падтрымлівае дзіцячы дом, што знаходзіцца ў Аршанскім раёне. У гэтым годзе была праведзена цеплавая мадэрнізацыя фасада будынка спальнага корпуса на суму каля 180 тысяч рублёў. Акрамя таго, была закуплена маёмасць для абсталявання спальных памяшканняў — 20 камплектаў — на агульную суму больш за 9 тысяч рублёў.

І гэта далёка не ўсё: у перыяд з 2010 года ў рамках аказання шэфскай дапамогі тут былі адрамантаваны, укамплектаваны мэбляй і бытавой тэхнікай пяць кватэр сямейнага тыпу для гэтых дзяцей. У самой установе былі абсталяваны актавая зала і навучальныя класы, закупілі камп'ютары на 12 працоўных месцаў, тэлевізар, музычная апаратура, 11 спартыўных трэнажораў і многае іншае.

Падарункі падрыхтавалі і самі дзеці: сумесна з артыстамі Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл і дзіцячай студыі «Зорачка» яны паказалі маляўнічае навагодняе прадстаўленне з песнямі, тэатральнымі нумарамі і карагодамі. Сам міністр атрымаў падарунак, зроблены рукамі дзяцей.

— Дзеці чакаюць любых гасцей, але ў першую чаргу — з Міністэрства абароны, таму што гэта структура выдзяляе больш за ўсё грашовых сродкаў, возіць у паездкі, на спартыўныя мерапрыемствы, — адзначыў дырэктар Андрэеўскага дзіцячага дома Сяргей Сіраценка. — Што датычыцца падарункаў, то дзеці ўжо апрабавалі свае спальныя месцы — і ўсе вельмі задаволеныя. У нас цёплае супрацоўніцтва. Гэта даказвае той факт, што два нашыя хлопчыкі і адна дзяўчынка хочуць звязаць сваю будучыню з ваеннай сферай.

***

За дзень да гэтага ў рамках акцыі вайскоўцы Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання павіншавалі з надыходзячымі навагоднімі святамі дзяцей Барысаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. На дадзены момант тут знаходзіцца 65 маленькіх пастаяльцаў.

Вайскоўцы не толькі ўручылі дзецям салодкія падарункі, але і для самога цэнтра закупілі мэблю для кабінета псіхалагічнай дапамогі. «Калі мы хоць нешта можам зрабіць для таго, каб дзеці адчувалі сябе лепш, — мы робім гэта з адкрытай душой», — сказаў начальнік аператыўнага кіравання штаба Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання палкоўнік Аляксандр Лілюк.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Казка для кожнага

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.