Вы тут

Прэзідэнт прыняў удзел у святкаванні 100-годдзя органаў дзяржбяспекі


Гісторыя прадвызначыла нашай краіне заўсёды знаходзіцца ў цэнтры падзей еўрапейскага і нават сусветнага маштабу. Як падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас свайго выступлення на юбілейных урачыстасцях, у такіх няпростых умовах станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці было б немагчыма без эфектыўнай работы сілавых структур і, безумоўна, спецыяльных службаў. Сваю ролю яны сыгралі як у савецкія часы, так і ў 90-я гады. Ды і зараз іх работа — барацьба з тэрарызмам, незаконным гандлем зброяй, карупцыяй — асабліва значная.


— Разведка і контрразведка ва ўсе часы былі першаступеннымі дзяржаўнымі задачамі. У авангардзе армій, што змагаюцца, у стане праціўніка сакрэтныя агенты здабывалі найкаштоўнейшыя звесткі, выяўлялі шпіёнаў, дыверсантаў, тэрарыстаў, здраднікаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да супрацоўнікаў службы дзяржаўнай бяспекі.

Яны выканалі сваю функцыю ў асабліва драматычнае XX стагоддзе. Гэта і Грамадзянская вайна, і першыя гады існавання дзяржавы рабочых і сялян, і Другая сусветная вайна, і гады халоднай вайны, і ліквідацыя наступстваў чарнобыльскай катастрофы. З атрыманнем Беларуссю незалежнасці супрацоўнікі службы дзяржаўнай бяспекі адкрылі чарговы раздзел у сваім славутым летапісе.

— Сёння перад нашымі спецслужбамі стаяць новыя задачы. Адна з іх, галоўная, — барацьба з тэрарызмам. Свет нагадвае разварушаны мурашнік. Цераз межы перапраўляюцца натоўпы бежанцаў, а пад іх прыкрыццём — фанатыкі, якія забіваюць мірных грамадзян, сеюць хаос. У транзітным патоку на тэрыторыі нашай рэспублікі рэгулярна затрымліваюцца члены міжнародных тэрарыстычных арганізацый, — канстатаваў кіраўнік краіны.

Ідзе і незаконны гандаль зброяй.

— На жаль, ад гэтага не застрахаваны і мы, — сказаў Прэзідэнт. — Нам неабходна быць максімальна пільнымі і ні ў якім разе не дапусціць, каб гэты арсенал стаў пранікаць цераз нашу мяжу.

Другая важная задача, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, датычыцца эканамічнага сектара. Усе навуковыя сакрэты, навейшыя тэхналагічныя распрацоўкі, стратэгічныя аб'екты, такія як Беларуская атамная электрастанцыя, хімічныя прадпрыемствы, павінны стаць прадметам пільнай увагі органаў дзяржбяспекі.

— Неабходна працягнуць актыўную барацьбу з карупцыяй, рознымі схемамі сыходу гаспадарчых суб'ектаў ад падаткаў, вывадам грашовых сродкаў за мяжу, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Вопыту ў гэтай справе Камітэту не займаць. Напрыклад, падчас адной з нядаўніх аперацый яму ўдалося спыніць атрыманне найбуйнейшай у гісторыі краіны сумы хабару на пяць мільёнаў долараў. Прычым усе гэтыя грошы былі арыштаваныя і вернутыя ў бюджэт.

Прэзідэнт адзначыў, што ў апошнія гады агульнымі намаганнямі кампетэнтных службаў атрымалася ўзяць кантроль над карупцыяй — і гэта прызнаюць усе ў свеце. Тым не менш гэтая праблема, як і ценявая камерцыя, па-ранейшаму актуальная для краіны.

— Найважнейшую ролю ў супрацьстаянні гэтаму злу іграюць органы дзяржбяспекі. Неабходна адзначыць, што многія сучасныя пагрозы могуць быць пераадоленыя толькі разам. КДБ Беларусі развівае практычнае ўзаемадзеянне са службамі дзясяткаў краін, перш за ўсё з Расіяй і нашымі постсавецкімі рэспублікамі. Высокі ўзровень партнёрства дазваляе паспяхова праводзіць сумесныя мерапрыемствы. На падставе інфармацыі нашых работнікаў спынены шэраг спроб здзяйснення тэрактаў у Расіі і некаторых еўрапейскіх дзяржавах, — звярнуў увагу кіраўнік краіны.

Прэзідэнт канстатаваў, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі адбыўся як эфектыўная і самадастатковая спецслужба суверэннай краіны — гэты факт прызнаны і нашымі сябрамі, і нашымі апанентамі. У многім дзякуючы прафесіяналізму спецслужбаў у смутныя гады пасля развалу Савецкага Саюза дзяржаве ўдалося накіраваць сітуацыю ў спакойнае русла і заняцца гаспадарчымі пытаннямі. У выніку Беларусь стала сапраўды незалежнай дзяржавай.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Асаблівая служба

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.