Вы тут

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэзідэнтам Таджыкістана


Гэты тыдзень выдаўся вельмі насычаным для палітычнага жыцця дзяржавы. Трэці дзень запар сталіца прымае лідараў іншых краін. Пасля перагавораў з Прэзідэнтам Казахстана, саміту АДКБ, у якім прынялі ўдзел лідары ўсіх краін — удзельніц Арганізацыі, кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з лідарам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.


Перспектыў шмат

Гэтая горная краіна з Сярэдняй Азіі, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, гістарычна блізкая Беларусі. Як і наша краіна, сучасны Таджыкістан імкнецца да шматвектарнасці, да падтрымання добразычлівых і ўзаемавыгадных кантактаў як з экс-савецкімі краінамі, так і з дзяржавамі свайго рэгіёна, а таксама з геаграфічна больш аддаленымі партнёрамі.

Калі казаць пра палітыку, дыпламатыю, то, прызнаўся Аляксандр Лукашэнка, яму складана ўзгадаць дзяржаву, з якой мы заўсёды так лёгка дамаўляемся:

— Ваш адзін званок, рэкамендацыя, просьба — мы заўсёды выконваем. Калі я вас папрашу, вы да дробязяў карэктныя і пунктуальныя. Таму дай бог, каб у нас такія адносіны складваліся з усімі.

Кіраўнік нашай краіны падзяліўся сваімі прапановамі, якія датычыліся эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Таджыкістанам і яго суседам — Афганістанам.

— Мы шмат сустракаліся з кіраўніцтвам, бізнес-коламі, палітычнай элітай Афганістана, — адзначыў Прэзідэнт. — Яны просяць, каб мы дапамаглі ім з тэхналогіямі і адкрылі там вытворчасць. Людзі хочуць жыць, вайна рана ці позна скончыцца. Я падумаў, што, калі б мы з вамі пачалі ствараць гэтыя прадпрыемствы — у Таджыкістане, у Афганістане — менавіта з прыцягненнем вашых людзей, мы зрабілі б гэта імгненна.

Таджыкскія партнёры змаглі б стаць лепшымі кансультантамі і праваднікамі. Бо, як адзначыў беларускі лідар, лепш за таджыкаў «сітуацыяй у Афганістане ніхто не валодае».

Яшчэ адна прапанова кіраўніка нашай краіны датычылася стварэння сумесных з нашымі прадпрыемствамі вытворчасцяў на тэрыторыі Таджыкістана.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Таджыкістана добры вопыт па замене вуглевадародаў на мясцовае паліва, на чыстую энергію, што цікава для Беларусі.

Электробусы для Душанбэ

Нягледзячы на няпростыя ўмовы, Таджыкістан развіваецца — і даволі актыўна. Дзяржава ўдзельнічае ў рэалізацыі маштабных праектаў па будаўніцтве ліній электраперадачы, гідраэлектрастанцый, сучасным уладкаванні сваёй сталіцы — Душанбэ.

— Моцная эканоміка служыць гарантам бяспекі краіны, лепшым шчытом ад знешніх пагроз — тэрарызму, экстрэмізму і іншых негатыўных з'яў сучаснасці, — заявіў падчас перагавораў у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка.

Краіны могуць дапамагчы адна адной умацаваць эканомікі. Паказальна, што ў гэтым плане бягучы год — выніковы для дзвюх краін. Сёлета ў горадзе Гісары (непадалёк ад Душанбэ) запрацавала зборачная вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі Мінскага трактарнага завода і акцыянернага таварыства «Бабруйскаграмаш». Развіваецца супрацоўніцтва і ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

У Таджыкістана таксама ёсць шмат такога, што можа зацікавіць Беларусь. Так, у гэтай сярэднеазіяцкай краіне вядзецца вялікая работа ў сферы гідраэнергетыкі, у горназдабывальнай галіне. На завяршальны этап выйшла будаўніцтва Рагунскай ГЭС.

— Спадзяёмся, што нашы суб'екты гаспадарання не застануцца ўбаку і возьмуць самы актыўны ўдзел у праектах, што рэалізуеце, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы гатовы ў поўнай меры забяспечыць патрэбнасці Таджыкістана ў грузавых аўтамабілях, дарожна-будаўнічай, кар'ернай і іншай неабходнай тэхніцы.

Наш бок у сваю чаргу зацікаўлены ў прамых пастаўках высакаякаснага таджыкскага баваўнянага валакна і гатовы разгледзець іншыя прапановы таджыкскіх вытворцаў. На думку беларускага лідара, неабходна актыўна развіваць цесныя кааперацыйныя сувязі, выпускаць вырабы, што карыстаюцца попытам, і прасоўваць іх на рынкі трэціх краін.

— Дарэчы, мы можам пашырыць наменклатуру прадукцыі, што вырабляецца ў Гісары, за кошт камунальнай, будаўнічай, пажарнай тэхнікі, — сказаў Прэзідэнт. — Трэба стварыць на базе гэтага зборачнага прадпрыемства шматфункцыянальны цэнтр, які забяспечыць комплексны падыход да сумеснага выпуску машын. Тут, акрамя зборкі, павінны вырашацца пытанні гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання, якаснага навучання мясцовых спецыялістаў.

З улікам нашага вопыту мы, як запэўніў Прэзідэнт нашай краіны, гатовы таксама на базе аднаго з прафесійна-тэхнічных ліцэяў Таджыкістана адкрыць рэсурсны цэнтр, які б садзейнічаў павышэнню кваліфікацыі і перападрыхтоўцы людзей па рабочых спецыяльнасцях.

Застаецца нерэалізаваным патэнцыял фармацэўтычнай галіны — гэтае пытанне, дарэчы, узняў сам кіраўнік Таджыкістана. Фармацэўтычная прадукцыя запатрабавана ў Таджыкістане, а наша краіна мае ўласныя прадпрыемствы і вырабляе якасныя лекі па невысокіх цэнах.

— Трэба прапрацаваць пытанне сустрэчных паставак лекавых сродкаў і расліннай сыравіны. Прапаную падумаць пра магчымую фасоўку беларускіх прэпаратаў у Таджыкістане. Гэтая практыка добра зарэкамендавала сябе ў іншых краінах, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Будзе новая «дарожная карта»

У нашага боку ёсць прапановы і на найбліжэйшую перспектыву па рэалізацыі названых праектаў.

— Мы дамовіліся, што ў найбліжэйшы час, можа быць, па вясне, арганізуем у Таджыкістане маштабную выстаўку нашых кампаній. Арганізуем з такім разлікам, каб разам выйсці на афганскі, пакістанскі рынкі. Таму што да нас прыязджаюць кіраўніцтва Афганістана, буйныя бізнесмены і просяць, каб мы арганізавалі пастаўкі тэхнікі, ды і прадуктаў, перш за ўсё туды і дапамаглі адкрыць там зборачныя вытворчасці. Безумоўна, нам вельмі хацелася б, каб да гэтага працэсу вы падключыліся.

Афганістан, з якім мяжуе Таджыкістан, — вялікая краіна з насельніцтвам больш за 30 мільёнаў чалавек. Прэзідэнт Таджыкістана падтрымаў праект па стварэнні вытворчасцяў, якія будуць працаваць на тры краіны.

Лідары таксама дамовіліся выпрацаваць «дарожную карту» адносін Беларусі і Таджыкістана. Гэта — даручэнне Беларуска-Таджыкістанскай міжурадавай камісіі.

Эмамалі Рахмон падтрымаў ініцыятывы кіраўніка нашай дзяржавы і канстатаваў паступальнае развіццё двухбаковых адносін ва ўсіх сферах. Ён расказаў, што ў Таджыкістане традыцыйна вельмі шчыра, адкрыта ставяцца да Беларусі і беларусаў. Што да перспектыў супрацоўніцтва, то, на яго думку, трэба перш за ўсё пашыраць гандлёвыя і міжрэгіянальныя сувязі.


У тэму

Віталь Воўк, міністр прамысловасці Беларусі, нагадаў журналістам, што ў лістападзе ў Таджыкістане адкрылася зборачная вытворчасць тэхнікі МТЗ. Ужо сабраны першыя трактары, абмяркоўваецца далейшае развіццё прадпрыемства:

— Перспектывы вялікія, цікавыя. У галіне прамысловасці і кааперацыі мы прасунемся вельмі сур'ёзна. Далей плануецца стварэнне свабоднай эканамічнай зоны паміж Таджыкістанам і Афганістанам. Тут таксама ёсць пэўныя інтарэсы, у тым ліку для гандлю з Афганістанам. На пасяджэнні міжурадавай камісіі з Афганістанам у будучым годзе гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца, што дазволіць яшчэ больш загрузіць магчымасці нашага сумеснага прадпрыемства і, можа быць, у перспектыве стварыць новае.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Узорныя адносіны і амбіцыйныя перспектывы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.