29 верасня, аўторак

Вы тут

За апошнія 10 гадоў захваральнасць на цукровы дыябет вырасла ўдвая


Урачоў-эндакрынолагаў у краіне ўсяго 522, а таму дыспансерным назіраннем, дыягностыкай займаюцца ўрачы-тэрапеўты, участковыя і ўрачы агульнай практыкі.


У краіне з цукровым дыябетам жыве 3,6 працэнта беларусаў. Аднак, як паказала нацыянальнае STEPS-даследаванне, яшчэ 7,4 працэнта насельніцтва мае павышаны ўзровень глюкозы. Гэта яшчэ не само захворванне, аднак велізарная рызыка яго развіцця. Дарэчы, даследаванне ўстанавіла і тое, што 60 працэнтаў нашых людзей маюць лішнюю вагу (25 працэнтаў — атлусценне) — асноўны фактар рызыкі ўзнікнення не толькі цукровага дыябету другога тыпу, але і артэрыяльнай гіпертэнзіі, ды іншых праблем са здароўем. 75 працэнтаў не ўжываюць штодня пяць порцый гародніны і фруктаў, як рэкамендуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя, таксама для прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў. У 13 працэнтаў недастатковая фізічная актыўнасць. Хранічна няправільны лад жыцця і прыводзіць аднойчы да паталогіі, адзначаюць спецыялісты.

Да мінулага года ў краіне праводзіўся скрынінг дарослых на глікемію — усе, каму споўнілася 18, абследаваліся на цукар, а з гэтага года пацыентам пасля 40 гадоў глікемія вызначаецца раз у два гады, да 40 — пры наяўнасці лішняй вагі і атлусцення. Нармальны ўзровень глюкозы капілярнай крыві — 5,5, у вянознай плазме — 6,1. Усе пацыенты, у якіх выяўляецца перавышэнне, падвяргаюцца дадатковаму абследаванню на парушэнне вугляводнага абмену (праводзіцца, напрыклад, аналіз крыві на глікіраваны гемаглабін). У першую чаргу на праблему павінны звярнуць увагу жанчыны, у тым ліку рэпрадуктыўнага ўзросту.

— Велізарная работа праводзіцца сёння з тымі, каму выстаўлены дыягназ. Пацыент не можа знаходзіцца пад пастаянным наглядам урача, а таму важна не толькі забяспечыць яго прэпаратамі, але і навучыць таму, як пазбегнуць цяжкіх ускладненняў, — адзначае намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Мінскага гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера Алена ЮРЭНЯ. — Цукровы дыябет другога тыпу наўпрост звязаны з паводзінамі чалавека — здаровым харчаваннем, фізічнай актыўнасцю. Тое ж самае мае на ўвазе і прафілактыка захворвання. На вялікі жаль, мы забыліся пра ўласную адказнасць за сваё здароўе. Урач і пацыент выступаюць у ролях дарослага і дзіцяці. Строгі ўрач адказвае ў выніку за ўскладненні, якія развіліся, а пацыент-«дзіця» робіць тое, што яму хочацца...


Ці існуе спецыяльная дыета для хворых на цукровы дыябет?

Такой дыеты няма. Пацыент, як і ўсе мы, павінен трымацца прынцыпаў рацыянальнага харчавання. Калі мы не пераядаем і трацім атрыманую з прадуктамі энергію, то наша вага будзе ў норме, а значыць, не будзе і цукровага дыябету. Больш за тое, сам цукровы дыябет можна кантраляваць з дапамогай дыеты і фізічнай нагрузкі без медыкаментознага лячэння. Каля трох працэнтаў хворых, якія пражываюць у Мінску, трымаюць цукар у норме менавіта такім чынам.

Ці не шмат простых вугляводаў мы ўжываем?

Складаных вугляводаў (круп, гародніны, фруктаў) мы не дабіраем, а вось простых (пячэнне, цукеркі ды іншыя прысмакі) перабіраем. Калі мы набіраем вагу, значыць, у першую чаргу варта падумаць аб тым, як замяніць адны вугляводы на іншыя. Даследаванні паказваюць, што самі мы думаем, быццам, ядзім не шмат, у тым ліку солі з цукрам, аднак медыцынскія абследаванні паказваюць, што мы займаемся самападманам. Солі, напрыклад, мы спажываем удвая больш за норму. А між тым калі людзям здаровым можна той жа солі ўсяго пяць грамаў у суткі, то хворым на цукровы дыябет або артэрыяльную гіпертэнзію і таго менш — усяго тры грамы. Здаровая рэкамендацыя: адчувайце натуральны смак прадуктаў. У шэрагу гатовых прадуктаў (сыр, хлеб і інш.) ужо і без таго дастаткова і солі, і цукру.

Ці можна замяніць цукар стэвіяй?

Сапраўды, гэту раслінную сыравіну выкарыстоўваюць ужо многія вытворцы, якія выпускаюць прадукты без цукру. Стэвія не выклікае такога павышэння глюкозы ў крыві, як цукар. А вось іншыя разнастайныя падсалоджвальнікі нічога агульнага са здаровым харчаваннем не маюць. Яны толькі ўводзяць нас у зман, мы губляем кантроль над колькасцю спажытага. Што да прадуктаў, на якіх пазначана «для дыябетычнага харчавання», то калараж там гэткі ж самы, што і ў звычайнага пячэння або шакаладу. Асцярожней трэба быць і з фруктамі. Адмаўляцца ад іх ніяк нельга, але некаторыя людзі думаюць, што карыснае можна ўжываць без межы: калі ягады — дык вядзёркамі! На самай справе бананы, вінаград, хурма, дыня (адпаведна, і вырабленыя з іх сухафрукты) — наогул усе салодкія фрукты, а таксама сокі, газіраваныя напоі даволі моцна павышаюць цукар. Што да бульбы, то гэта прадукт не для штодзённага ўжывання. Можна зрэдку запечаную, а не ў выглядзе пюрэ.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Жыццё не цукар

Выбар рэдакцыі

Культура

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

Пагаварылі з некаторымі з тых людзей, якія спрычыніліся да вялікай працы.