Вы тут

У Полацку ўскрылі капсулу з пасланнем


У Полацку, самым старажытным горадзе краіны, напярэдадні 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ўскрылі капсулу з пасланнем — нам, і заклалі восем — нашчадкам — ад імя моладзі.


Ганаровая місія ўскрыць капсулу з завяшчаннем была ўскладзена на кавалера трох ордэнаў Славы Анатоля ДЗЯМ'ЯНАВА (злева) — аднаго з тых, хто прымаў удзел у стварэнні Кургана Бессмяротнасці 50 гадоў таму. Справа — дэпутат Полацкага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Літвіненка.

Гарадская патрыятычная акцыя «Нам працягваць гісторыю горада!» з ускрыццём капсулы, якая была закладзена 8 чэрвеня 1966 года, адбылася ў падножжа Кургана Бессмяротнасці.

Палачане 60-х звярталіся да тых, хто ўскрые ліст у дні 100-гадовага юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі: «Ля падножжа гэтага дзесяціметровага Кургана, насыпанага рукамі жыхароў Полацка, мы кладзём наша завяшчанне патомкам разам з часцінкай свайго сэрца і палымяным заклікам: ніколі не забывайце гераічнага мінулага Савецкага народа. Заўсёды памятайце, якой цаной дасталася шчасце свабоды вашым дзядам, бацькам і братам! Беражыце яе як зрэнку вока!

Дарагія сябры! 50 гадоў аддзяляюць нас ад таго часу, калі вы ўскрыеце гэта завяшчанне. Можа быць, не ўсе з тых, хто прысутнічае пры яго прыняцці, змогуць прачытаць яго разам з вамі, але нябачна мы будзем усе разам і разам з вамі будзем радавацца дасягненням і поспехам нашай Радзімы, нашым перамогам, ганарыцца тымі пераўтварэннямі, якія здзейсняцца за гэтыя гады на зямлі старажытнай Полаччыны, як радуемся і ганарымся мы цяпер, аглядаючы пройдзены нашай краінай і савецкім народам гераічны баявы і працоўны шлях...»

Аўтары паслання нагадалі нам, што ўсяго толькі каля 20 гадоў аддзяляюць іх ад Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Далей канстатуюцца дасягненні савецкага народа:

«А як змянілася за гэты час аблічча нашай Радзімы! Краіна тысяч новабудоўляў, пераможца Космасу (менавіта з вялікай літары напісалі гэта слова. — Аўт.), краіна самай перадавой у свеце сацыялістычнай дзяржавы, краіна людзей-працаўнікоў, людзей-пераможцаў — вось якой паўстане яна перад намі ў пярэдадзень свайго пяцідзесяцігоддзя...».

Пяцьдзясят адзін год таму жыхары Полацка ў сваім звароце будучаму пакаленню падкрэслілі, што за параўнальна нядоўгі час фактычна з руін аднавілі горад. Яны прасілі памятаць тых, хто загінуў пры вызваленні роднай зямлі ад ворага.

Завяршаецца тэкст такімі словамі: «Перад вамі — шырокая дарога. Ідзіце па ёй смела і цвёрда да новых дасягненняў камунізму, як ішлі вашы дзяды і бацькі. Будзьце дастойныя іх даверу!»

Нашы сучаснікі падхапілі эстафету і напісалі новае пасланне, якое накіравалі на 50 гадоў наперад. Аўтары аднаго з лістоў — 9-класніца СШ №3 г. Полацка Валерыя Фіялка і 11-класніца СШ №18 імя Ефрасінні Полацкай Ала Рубан. Напэўна, не варта поўнасцю цытаваць тэкст — няхай інтрыга захаваецца да 2067 года. Але прывяду некалькі характэрных фраз.

«Гэты горад незвычайны. Ён адзін з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі, і разам з тым ён стаў маладзёжнай сталіцай нашай краіны ў 2017 годзе. Ён горад-загадка, які шмат бачыў, шмат ведае, але не спяшаецца выдаваць свае таямніцы. Полацк — адначасова і калыска беларускай духоўнасці, і сучасны цэнтр Еўропы. Полацк невялікі па памерах, але ён велічны сваімі людзьмі і гісторыяй. Адлегласць ад Сафійскага сабора да Кургана Бессмяротнасці вымяраецца не кіламетрамі, а эпохамі...» — без перабольшання геніяльныя радкі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Нашчадкам: з 1960-х і з 2010-х

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.