Вы тут

«Гэта сваё, блізкае і роднае»


Сяргей СТРЭЧАНЬ, галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Нясвіжскага раёна:

— Cа «Звяздой» я пазнаёміўся ў 1970-х гадах, калі яе выпісвалі мае бацькі. А пасля і сам працягнуў гэтую традыцыю. Адбылося гэта ўжо ў сталым узросце, у пачатку 1990-х гадоў, калі шмат увагі пачалі ўдзяляць роднай мове і на тых, хто размаўляў на ёй, глядзелі з вялікай павагай. Прыгадваю гісторыю, якая адбылася са мной у той час. Прыйшоў неяк у натарыяльную кантору, афармлення дакумента там трэба было чакаць некалькі дзён. Выпадкова разгаварыўся з жанчынай, якая займалася ім. І ёй так спадабалася, што я размаўляю па-беларуску, што тую паперку яна зрабіла мне літаральна за гадзіну! Відаць, яна некалі ведала мову, але пасля доўгі час не размаўляла на ёй. Толькі пыталася: «Адкуль вы ведаеце беларускую мову?»

Мне прыемна пагутарыць на ёй з вясковымі жыхарамі, няхай сабе нават на трасянцы. Цябе адразу за свайго ўспрымаюць. У дзяржаўных установах раней, пачуўшы мову, здзіўлена паварочваліся ў твой бок, а апошнім часам глядзяць ужо з павагай. Таму што без мовы няма нацыі, няма ідэнтыфікацыі народа! Калі чую каментатара на тэлебачанні, міністра ці пасла, які добра размаўляе на роднай мове, — прыемна паслухаць. Во, гэта наша дзяржава! Я ганаруся тым, што ў родзе — усе беларусы. У нас багатая гісторыя, якую трэба ведаць. Таму, калі чытаю «Звязду» на роднай мове, даведваюся пра нейкія факты з мінулага або пра жыццё цяперашніх простых людзей, адразу прыгадваю родную вёску, школу — колішні радзівілаўскі маёнтак, словы бацькі: «Тут некалі дзедаў лес быў»... «Звязда» — гэта сваё, блізкае і роднае.

У газеце найперш падабаюцца матэрыялы Святланы Яскевіч, Алены Ляўковіч, вядома ж, «Народ на провадзе» Валянціны Доўнар. Эканамічныя агляды чытаю, цікаўлюся прагнозамі цэн на жыллё, бо сын малады, жыллёвае пытанне ў яго пакуль не вырашана. Калі што спадабалася, ціхенька сваім хатнім падсоўваю пачытаць. На рабоце на станцыю раней па ведамаснай падпісцы прыходзіў адзін экзэмпляр «Звязды», але вось ужо колькі гадоў іх выпісваем два. Супрацоўнікі выданні разбіраюць, але сакратарка добра ведае, што на маім стале павінны абавязкова ляжаць тры газеты: «Звязда», «Сельская газета» і раёнка. І часцей за ўсё менавіта «Звязду» я бяру ў рукі першай...

Запісаў Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.