Ён нарадзіўся ва ўкраінскай вёсцы Белая Царква ў сям'і лесніка. У юнацкім узросце вызначаўся выдатнымі антрапаметрычнымі данымі — рост 190 см, вага больш за 90 кг, таму спрабаваў сябе ў розных відах спорту, але сярод валейбола, баскетбола, лёгкай атлетыкі і нават гімнастыкі абраў барацьбу. Яго сур'ёзная спартыўная кар'ера пачалася ў войску, а потым хутка пра Аляксандра Мядзведзя даведаўся і ўвесь свет.
У 1961 годзе ён стаў найлепшым сярод вольных барцоў у цяжкай вазе ў СССР, а праз тры гады выйграў свой першы залаты алімпійскі медаль. Найлепшым Мядзведзь стаў і на наступных Алімпійскіх гульнях у Мехіка, а вось на трэція ў кар'еры Гульні ў Мюнхене Аляксандр Васілевіч адпраўляўся ўжо ў 35-гадовым узросце і напэўна разумеў, што яны стануць для яго апошнімі.
У вырашальным паядынку Мядзведзь сустрэўся з даўнім сваім сапернікам — балгарынам Асманам Дураліевым. Ён таксама хацеў пакінуць спорт пасля гэтай Алімпіяды, пайсці, адабраўшы ў Мядзведзя «золата». Неверагодны па напружанні паядынак скончыўся пераканаўчай перамогай савецкага барца. Мядзведзь пакланіўся ва ўсе бакі гледачам, выйшаў на сярэдзіну дывана, упаў на калені і пацалаваў яго... Увесь спартыўны свет таго часу запомніў гэтую карціну. Зала ўстала і абрынула на трохразовага алімпійскага чэмпіёна гром апладысментаў. Так, непераможным, Мядзведзь развітаўся з вялікім спортам.
Пра трываласць і сілу волі Аляксандра Васілевіча хадзілі легенды, балельшчыкі захапляліся неверагодна ўчэпістымі і спрытнымі рукамі Мядзведзя. Паядынкі з яго ўдзелам любілі не толькі гледачы, але і суддзі, таму што тэхніка савецкага барца была вельмі разнастайнай, публіка з заміраннем сэрца назірала, як ён спраўляецца з барцамі, большымі за сябе па масе і аб'ёме.
Акрамя мноства спартыўных узнагарод, Аляксандр Васілевіч атрымаў прыз «За высакароднасць у спорце», заснаваны ЮНЕСКА. Ён прызнаны найлепшым барцом вольнага стылю ў гісторыі спорту і ўведзены ў залу спартыўнай славы барацьбы.
У Мінску з нагоды юбілею легендарнага барца пройдзе шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку турнір імя Аляксандра Мядзведзя, які даўно стаў традыцыйным і праводзіцца ў сталіцы ўжо 47 гадоў. Сёлета ў спаборніцтвах прымаюць удзел каля 300 спартсменаў з 15 краін. Наймацнейшыя барцоўскія дзяржавы прывезлі ў Мінск самых лепшых сваіх прадстаўнікоў. Турнір праходзіць у сталічным Палацы спорту. Акрамя таго, сёння ў мінскай ратушы пройдзе ўрачыстая цырымонія ўшанавання юбіляра з уручэннем яму медаля Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі «За выдатныя заслугі» і ганаровай узнагароды Міжнароднага алімпійскага камітэта.
Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з 80-годдзем трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя.
«На працягу ўсёй працоўнай дзейнасці Вы былі цесна звязаны са спортам вышэйшых дасягненняў і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё вольнай барацьбы, праславілі нашу Радзіму на міжнароднай арэне, стаўшы трохразовым алімпійскім чэмпіёнам», — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што легендарныя перамогі спартсмена вядомыя ва ўсіх кутках свету. «Сёння Вы дзеліцеся сваімі ведамі і багатым вопытам з падрастаючым пакаленнем атлетаў, актыўна спрыяючы развіццю алімпійскага руху ў Беларусі», — адзначыў Прэзідэнт.
Дасягненні
Аляксандр Мядзведзь — алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе (у 1964-м — у паўцяжкай вазе, у 1968 і 1972 гадах — у цяжкай вазе). Чэмпіён свету 1962—1963, 1966—1967, 1969—1971 гадоў. Чэмпіён Еўропы 1966, 1968, 1972 гадоў. Чэмпіён СССР 1961—1963, 1966—1970 гадоў
Дар'я Лабажэвіч
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?