У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра выступленне баскетбольнай і валейбольнай зборных краіны на буйных міжнародных турнірах. Таксама падводзім вынікі Кубка свету па скачках на батуце ў Мінску.
1. Пяць медалёў заваявалі нашы спартсмены на другім этапе Кубка свету па скачках на батуце.
Сярод мужчын не было роўных алімпійскаму чэмпіёну Рыа-дэ-Жанэйра Уладзіславу Ганчарову. Другое месца заняў брытанец Натан Бэйлі, бронзавым прызёрам стаў яшчэ адзін беларус Алег Рабцаў.
— Наша зборная выступіла на дамашнім этапе годна. Рады і за нашу моладзь, якая атрымала шанц заявіць пра сябе, і скарысталася ім. Што датычыцца сваіх скачкоў, то я не дапусціў сур'ёзных памылак. Вельмі прыемна перамагаць дома, — расказаў Уладзіслаў Ганчароў.
Першае месца сярод жанчын заняла расіянка Яна Паўлава, беларуска Марыя Махарынская паднялася на другую прыступку п'едэстала.
У сінхронных скачках на батуце на рахунку беларускай каманды яшчэ дзве залатыя ўзнагароды. Марыя Махарынская і Ганна Гарчанок сталі найлепшымі сярод жанчын, Мікіта Ільіных і Арцём Жук таксама ўзялі «золата» сярод мужчын.
Цяпер батутысты рыхтуюцца да Кубка Беларусі, затым адправяцца ў Партугалію на трэці этап Кубка свету, а галоўным стартам для каманды стане чэмпіянат свету, які з 5 па 13 лістапада прыме Сафія.
2. Баскетбалісты мужчынскай зборнай Беларусі ўпершыню ў гісторыі выйшлі ў асноўны раўнд кваліфікацыі чэмпіянату свету — 2019.
У заключным паядынку папярэдняй групы D яны саступілі камандзе Партугаліі ў авертайме з мінімальнай розніцай у ліку — 78:79. Але, нягледзячы на паражэнне, каманда Аляксандра Круцікава заняла другое месца і разам з лідарам групы зборнай Балгарыі выйшла ў наступны этап адбору на сусветнае першынство.
У асноўным раўндзе еўрапейскай кваліфікацыі выступяць 32 каманды. Жараб'ёўка груп адбудзецца 24 жніўня ў Мюнхене, а сам турнір пачнецца ў канцы лістапада.
3. Валейбольная зборная працягвае перамагаць на юніёрскім чэмпіянаце свету ў Аргентыне.
Напярэдадні нашы дзяўчаты абыгралі аднагодак з ЗША з лікам 3:1. Раней беларускі былі мацнейшыя за зборную Бразіліі (3:0) і Мексікі (3:0). А завяршылі выступленне ў групавой стадыі нашы спартсменкі сустрэчай з Расіяй.
Нагадаем, чатыры найлепшыя каманды з кожнай групы выйдуць у плэй-оф сусветнага форуму. Юніёрская зборная Беларусі па валейболе сярод дзяўчат другі раз за апошнія 20 гадоў гуляе ў фінальнай стадыі чэмпіянату свету. Гэтага права яны дабіліся, паспяхова выступіўшы на чэмпіянаце Еўропы ў галандскім Арнеме ў красавіку, дзе занялі трэцяе месца.
4. Адбыліся ўсе матчы 19-га тура чэмпіянату краіны па футболе ў вышэйшай лізе.
БАТЭ сенсацыйна саступіла «Крумкачам» — 2:3, «Нафтан» на сваім полі прайграў «Дняпру» — 0:1, а «Гомель» з такім жа лікам — «Іслачы». Нічыёй завяршыўся матч «Гарадзеі» і «Слуцка» — 1:1. «Тарпеда-БелАЗ» перайграў «Віцебск» — 2:0, а «Нёман» саступіў «Дынама-Мінск» — 0:1. Не выяўлены пераможца сустрэчы «Мінска» са «Славіяй» — 2:2, з такімі ж лічбамі на табло завяршылася сустрэча брэсцкага «Дынама» з лідарам турнірнай табліцы «Шахцёрам».
5. Аляксандра Герасіменя выйшла замуж.
Цырымонія шлюбу адбылася 18 жніўня ў парку-музеі інтэрактыўнай гісторыі «Сула», што знаходзіцца за 50 кіламетраў ад Мінска. Мужам Аляксандры стаў чэмпіён Еўропы па плаванні 2014 года Яўген Цуркін. Нагадаем, Герасіменя з'яўляецца неаднаразовым прызёрам чэмпіянатаў свету, Еўропы і Алімпійскіх гульняў па плаванні.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?