Вы тут

Як дзяўчына-кінолаг трэніруе сабак


Каця і Джэсі зрэдку ходзяць паасобку. Яны разам і днём, а часам і ноччу: удасканальваюць баявую падрыхтоўку, побач падчас прыёмаў ежы, яны ходзяць у грыбы і нават начуюць у адной кватэры! Не кожны з нас можа пахваліцца такімі адданымі сябрамі. Каця — кінолаг, а Джэсі — нямецкая аўчарка.


 

Сабаку падбіраюць па тэмпераменце

Кацярына Макарэвіч у кіналагічным цэнтры зусім нядаўна. Джэсі — яе першынец. Затое ў сабакі дагэтуль былі іншыя гаспадары. Праўда, пра гэта ўжо наўрад ці памятае. Жывёла настолькі прывязалася да Каці, што, калі яе няма на службе, нават есці не хоча.

— Калі я здавала дзяржаўныя экзамены, патэлефанавалі байцы і сказалі, што Джэсі галадае ўжо чатыры дні, — расказвае кінолаг. — Мне нават іспыты на суткі перанеслі! Я прыехала, забрала сабаку дамоў, правяла з ім два дні, і быццам бы праблема вырашылася. Джэсі проста сумавала...

Як кажуць спецыялісты, чатырохногага сябра чалавеку трэба падбіраць па тэмпераменце. Усё, як у людзей: не з кожнай жывёлай можна сысціся характарам. Каця з Джэсі палюбілі адна адну з першага погляду. Абое — халерыкі.

— У першы ж дзень, калі сустрэліся, пайшлі гуляць без павадка, — успамінае Кацярына. — Яна адразу пачала мяне слухаць, выконваць каманды. Такога не было, каб мы прывыкалі адна да адной.

Галоўнае, каб быў гаспадар

Джэсі пайшоў шосты год. Для сабакі — узрост сур'ёзны. Калі перавесці на чалавечыя гады, то ёй крыху за сорак.

На «пенсію» службовых сабак адпраўляюць па дасягненні васьмі гадоў. Але пры ўмове, што яны не здольныя выконваць свае прафесійныя абавязкі. Калі ж чатырохногі сябар па-ранейшаму з лёгкасцю адшукае чалавека, распазнае наркатычнае або выбуховае рэчыва, бездакорна ахоўвае пэўныя аб'екты, то на «адпачынак» яго пакуль адпраўляць рана.

Кацярына даўно для сябе вырашыла: калі Джэсі будзе ўжо ні на што не здольная ў прафесійным плане, то забярэ яе дамоў. Нават у аднапакаёвую кватэру, у якой разам з сям'ёй жыве цяпер.

 

— Сабаку галоўнае, каб гаспадар быў побач, а дзе яму жыць — у кватэры ці ў доме — не мае вялікага значэння, — лічыць Кацярына Макарэвіч. — Джэсі ўжо член нашай сям'і. Мая дачка Насця яе вельмі любіць. Тая будзіць малую ў дзіцячы садок: у Джэсі гэта лепш атрымліваецца. Аўчарка начуе ў нас тры-чатыры разы на тыдзень. Імкнуся, каб яна як мага менш знаходзілася ў вальеры: гэта тое ж самае, калі чалавека ў кватэры замкнуць і нікуды не выпускаць.

Каціна дачка як толькі з Джэсі не гуляе: і вярхом на ёй ездзіць, і робіць імправізаваныя ўколы. Сабаку, можа, гэта і не вельмі падабаецца, але чапаць дзіця ён ніколі не будзе. Апусціць вочкі, і ўсё на гэтым.

— Калі мы ідзём па горадзе, многія здзіўляюцца: чаму без намордніка? — кажа ваеннаслужачая. — Я заўсёды адказваю, што службовы сабака на людзей не кідаецца. Любы чалавек можа да яго падысці і пагладзіць. Джэсі не будзе агрэсіўнай, пакуль ёй не дасі спецыяльную каманду.

«Не жаночых прафесій не бывае»

Родам Кацярына з Карэліч. У яе сям'і вайскоўцаў ніколі не было. Адкуль такая любоў да арміі — і сама не ведае. «Можа, што ўсё дзяцінства з хлопчыкамі гуляла, — разважае яна. — У «вайнушкі», машынкі...»

Па адукацыі Каця — аграном. Але ў сельскай гаспадарцы працавала толькі па размеркаванні. Неяк пасля аднаго спаборніцтва па рукапашным баі, у якім яна ўдзельнічала, дзяўчыне прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў войску. Тая і пагадзілася.

Азы ваеннай навукі спасцігала ў 50-й змешанай авіяцыйнай базе. Спачатку была чарцёжнікам аператыўнага аддзялення штаба, потым ёй даверылі пасаду начальніка склада аўтамабільных запчастак.

— Не жаночых прафесій не бывае, — перакананая Каця. — У 50-й авіябазе служаць жанчыны-лётчыцы, ёсць жанчыны і ў міліцыі, у цяжкай атлетыцы, яны ж выдатныя хірургі. А колькі сярод мужчын кухараў і акушэраў! Кожная прафесія ў аднолькавай меры і мужчынская, і жаночая. Галоўнае, каб чалавеку падабалася тое, чым ён займаецца, і каб ён быў на сваім месцы.

У пошуках... грыбоў

Джэсі — жывёла вышуковая. Можа знайсці чалавека як па следзе, так і па паху. «Мы з ёй нават грыбы збіраем, — расказвае старшы сяржант. — Даю грыб панюхаць — яна шукае. У асноўным, баравікі, чырвонагаловікі. Праўда, бывае, і на неядомыя прывядзе. А нядаўна трапілі на лісічкі: толькі адвараных у выніку тры з паловай кілаграмы атрымалася!»

Сама Джэсі грыбы не ўжывае. Яе любімая страва — курыца. У цэнтры сабаку кормяць двойчы на дзень: сняданак і вячэра — па 325 грам. «Дома Джэсі смачненькім пешчу, — прызнаецца кінолаг. — У цэнтры здаровыя сабакі харчуюцца сухім кормам. Гэта тое ж самае, калі б мы ўвесь час елі адны булачкі. А яе і вадкай ежай кармлю, мясам. Яна ж, як чалавек: усё разумее. Заахвоціш, адпаведна потым і аддача ад сабакі іншая».

— А Джэсі хварэе? — цікаўлюся.

— Пры мне, на шчасце, такога не было, — кажа Каця. — Але, каб вы ведалі, у сабак такія ж хваробы, як і ў людзей: насмарк, атыт, кан'юнктывіт... Калі кусаюць кляшчы, то энцэфаліт. І лечацца яны амаль тымі ж лекамі, што і мы.

— Джэсі — мама?

— Не, — кажа кінолаг. — Для таго, каб яна нарадзіла, трэба на паўгода выключыць яе з работы. Цяжарную ж жанчыну на пошук не адправіш! Так і тут. Прычым пры цяжарнасці патрэбны спецыяльнае харчаванне, адпаведны догляд. А што рабіць, калі вучэнні? У людзей усё значна прасцей...

 

Нельга без любові

Падчас дрэсіроўкі мілая Кацярына ператвараецца ў строгага камандзіра. Гэта яна дома — добрая і мяккая. У арміі ж — дысцыпліна. Акрамя таго, што на службе старшы сяржант Макарэвіч займаецца выхаваннем свайго гадаванца, яна вучыць маладое пакаленне азам кіналогіі.

— Але каб быць кінолагам, трэба любіць сабак. Няўжо любові можна навучыць? — удакладняю.

— Нельга навучыць любіць у прынцыпе, — лічыць Каця. — Але мне здаецца, што няма людзей, якія б увогуле не любілі жывёл. Гэтае пачуццё само прыходзіць. Калі бачыш адданыя вочы жывёліны, без любові проста нельга.

... Падыходзім да вальераў. Джэсі прыкметна засумавала. «Гэтым яна паказвае, што з намі ёй добра і ў свой домік яна ісці не хоча», — тлумачыць кінолаг. Па дарозе да Джэсінага жытла спыняемся: Кацярына знаёміць нас са сваім другім гадаванцам. Партос — яшчэ шчанюк, хоча, каб з ім пагулялі. Джэсі становіцца яшчэ больш сумнай — раўнуе. Сабакі ж, як людзі, усё разумеюць...

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Каця і Джэсі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.