Вы тут

Як з'явілася гульня дартс


Дартс (ад англ. darts — «дроцікі») — сукупнасць гульняў, у якіх гульцы кідаюць дроцікі даўжынёй не больш за 30,5 см і вагой не больш за 50 г у круглую мішэнь 45,1 см у дыяметры. Яна падзелена на 20 секцый, кожнай з якіх прысвоены лік ад 1 да 20.


Лічыцца, што дартс прыдумалі англійскія лучнікі яшчэ ў эпоху Сярэднявечча. Абрэзаўшы звычайныя стрэлы, можна было практыкавацца ў трапнасці, кідаючы дроцікі ў бычыную шкуру, якая вісела на сцяне, або, па іншай версіі, у зрэз дрэва ці вечка ад піўной бочкі. Не трэба было нават выходзіць на двор, у дажджлівае і халоднае надвор'е можна было наладзіць невялікі турнір у пабе, прычым прыняць удзел у спаборніцтвах мог любы, незалежна ад узросту, фізічнай сілы. Паводле другой легенды, дартс быў прыдуманы адным з каралёў Англіі, жонка якога з-за хваробы не змагла прыняць удзел у паляванні. Жадаючы суцешыць каралеву, манарх прапанаваў ёй прабавіць час, кідаючы скарочаныя стрэлы ў шкуру быка, што
вісела на сцяне.

Не дзіўна, што з часам дартс стаў папулярнай забавай у брытанскіх піўных, а для таго каб вызначыць пераможцу, трэба было ўстанавіць адзіныя правілы. У 1896 годзе нейкі цясляр з графства Ланкшыр Браян Гэмлін прапанаваў падзяліць мішэнь на 20 сектараў і налічваць ачкі ў залежнасці ад пападання ў іх. Вось толькі запатэнтаваць сваю распрацоўку Гэмлін не дадумаўся, таму вынаходнікам разметкі мішэні часта называюць больш прадпрымальнага Томаса Уільяма Баклі.

Цікава, што ў самым пачатку дваццатага стагоддзя папулярная гульня апынулася пад забаронай. У той час у Англіі існаваў закон, згодна з якім усе азартныя гульні ў піўных установах строга забараняліся. У лік забароненых забаў трапіў і дартс. Выратаваў яго адзін з уладальнікаў паба ў горадзе Лідс Джым Гэрсайд. Ён вырашыў даказаць мясцовым чыноўнікам, што дартс ніяк нельга аднесці да азартных гульняў, гэта, хутчэй, адзін з відаў спорту. Поспех у гэтай гульні залежыць не ад шанцавання, а ад майстэрства гульца. У якасці галоўнага аргумента Гэрсайд узяў з сабой мясцовага каваля Уільяма Энакіна, самага лепшага ў Лідсе гульца ў дартс. Каваль тройчы кінуў дроцікі ў сектар з нумарам 20. Чыноўнікі паспрабавалі зрабіць нешта падобнае, але, натуральна, нічога ў іх не атрымалася. Ім нічога не заставалася, як прызнаць, што дартс забараняць неразумна. Так, дзякуючы настойлівасці ўладальніка піўной, гульня была выратавана.

Праўда, доўгі час да дартса ставіліся менавіта як да забавы, але ўжо ніяк не лічылі яго відам спорту. Толькі ў 1927 годзе ў Лондане быў праведзены першы турнір, а Нацыянальная асацыяцыя дартса Вялікабрытаніі з'явілася толькі ў 1954 годзе. Забаўка наведвальнікаў піўных устаноў набыла статус спартыўных спаборніцтваў. Дарэчы, самыя лепшыя, класічныя мішэні вырабляюцца са спрэсаваных валокнаў расліны агава (сізалю).

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.