Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра тое, як прайшоў дамашні этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы і якія адзнакі турніру паставілі замежныя госці. Таксама знаёмімся з вынікамі матчаў чэмпіянату краіны па футболе і турніру па боксе, які прыняў Мінск.


1. Айчынныя спартсменкі заваявалі 10 медалёў (2 залатыя, 5 сярэбраных, 3 бронзавыя) на дамашнім этапе Кубка свету BSB Bank «чэлендж» па мастацкай гімнастыцы. Кацярына Галкіна ў кампазіцыі з мячом стала першай, выступаючы з абручом заваявала бронзавую ўзнагароду, таксама трэцяй яна стала ў практыкаванні са стужкай. На другую прыступку п'едэстала ў практыкаваннях з мячом і стужкай падымалася маладая беларуская спартсменка Аліна Гарнасько. Таксама яна заваявала бронзавую ўзнагароду выступаючы з булавамі і сярэбраны медаль у індывідуальным мнагабор'і.

У групавых практыкаваннях у беларускіх спартсменак 3 медалі: два сярэбраныя і адзін залаты.

Нагадаем, мінскі этап Кубка свету стаў падрыхтоўкай да планетарнага першынства ў італьянскім Пезара. Удзел у спаборніцтвах прынялі грацыі з 24 краін. Тое, што Беларусь выдатна справілася з правядзеннем турніру, адзначыў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі Марынары Ватанабэ.

— Нягледзячы на тое, што ў вас было вельмі мала часу для падрыхтоўкі, усё прайшло на высокім узроўні. Для беларусаў няма нічога немагчымага, спаборніцтвы былі арганізаваны проста бліскуча, этапы Кубка свету будуць праводзіцца ў Мінску і ў далейшым, — падкрэсліў кіраўнік міжнароднай федэрацыі.


2. Адбыліся матчы 17-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Гульцы «Мінска» атрымалі перамогу над барысаўскім БАТЭ — 1:0, яшчэ два нядзельныя матчы завяршыліся з аднолькавым вынікам 1:1 — «Нёман» сустракаўся з «Іслаччу», а «Тарпеда-БелАЗ» са «Слуцкам». Раней «Дняпро» саступіў «Віцебску» — 1:2, «Гарадзея» згуляла ўнічыю са «Славіяй» — 0:0, «Дынама» (Брэст) было мацнейшым за «Крумкачоў» — 3:0.

Учора ўвечары лідар першынства салігорскі «Шахцёр» у гасцях сустрэўся з футбалістамі «Гомеля», а мінскае «Дынама» ў Наваполацку — з «Нафтанам».


3. Футбалісты ўкраінскай «Александрыі» будуць сапернікамі барысаўскага БАТЭ ў барацьбе за выхад у групавы раўнд Лігі Еўропы. Такі вынік жараб'ёўкі, якая адбылася ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне. Першы матч раўнда плэй-оф барысаўчане правядуць 17 жніўня на полі «Барысаў-Арэны», паядынак у адказ пройдзе 24 жніўня ў Александрыі.


4. Нашы спартсмены заваявалі 22 узнагароды на міжнародным турніры па боксе, прысвечаным памяці Героя Савецкага Саюза Віктара Лівенцава, які завяршыўся ў мінскім Палацы спорту.

Уладальнікамі залатых медалёў сталі: Яна Бурым (вагавая катэгорыя — 51 кг), Вадзім Панкоў (75 кг) і Сяргей Карнееў (91 кг). У скарбонцы беларускай зборнай таксама шэсць сярэбраных узнагарод і трынаццаць бронзавых.

Удзел у турніры прынялі больш за 100 баксёраў з 15 краін. Спаборніцтвы сталі для спартсменаў важным этапам падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які пройдзе з 25 жніўня па 3 верасня ў Гамбургу.


5. Дзве ўзнагароды заваявалі беларускія плыўцы ў першы дзень этапу Кубка свету ў Берліне. Яўген Цуркін стаў сярэбраным прызёрам на дыстанцыі 50 м батэрфляем, а Ілья Шымановіч падняўся на трэцюю прыступку п'едэстала на дыстанцыі 100 м брасам.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Для беларусаў няма немагчымага»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.