Вы тут

Мар’ян Серватка. Мабільная сувязь з вечнасцю


Мар’ян Серватка (Marián Servátka), славацкі дыпламат, філолаг, паэт і перакладчык. Нарадзіўся 7 лістапада 1951 года. Скончыў філасофскі факультэт, аспірантуру Універсітэта Я. А. Коменскага (Браціслава), дзе потым працаваў на кафедрах славянскіх моў, славістыкі і індаеўрапеістыкі. Выкладаў славацкую мову ў Польшчы — у Ягелонскім (Кракаў) і Сілезскім (Катавіцэ) універсітэтах.

З пачатку 1990-х гадоў на дзяржаўнай службе: у Федэральным Міністэрстве замежных спраў у Празе, Міністэрстве культуры і Міністэрстве замежных спраў Славацкай Рэспублікі. У 1994—2002 гадах Пасол Славакіі ў Польшчы, Літве, Ватыкане і Суверэнным ордэне мальтыйскіх рыцараў. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь (2008—2013). Пры яго падтрымцы быў ажыццёўлены шэраг беларуска-славацкіх навуковых, адукацыйных, культурна-асветніцкіх праектаў.

Паэтычныя творы публікаваліся ў перыядычных выданнях, калектыўных зборніках. На славацкую мову перакладае беларускую класіку. У 2012 годзе перастварэннем верша «А хто там ідзе?» была распачата асабістая Купаліяна М. Серваткі. Вершы паэта ў перакладзе на беларускую мову М. Труса друкаваліся ў часопісе «Роднае слова», размяшчаліся на інтэрнэт-партале «Сугучча. Літаратура і публіцыстыка краін Садружнасці».


Мар’ян Серватка. Мабільная сувязь з вечнасцю

Маці

Часам так выслухваю

забытыя гукі майго маленства,

якія скрушліва тахкаюць у думках,

а на дне іх туліцца сэрца мамы.

Прыціснуся да твару,

той, што ўсё мне даравала,

пацалую далоні —

цвёрдае аблічча нашай зямлі,

заўтра прынясу вады

і скажу, што яшчэ не знайшоў той,

што ёй падабалася.

 

Стары званар

У старой вежы

завешанай кажанамі

павольна дыхае час

 

стары званар

калі адмыкае званы

будзіць іх за вяроўкі

 

засынаюць званы

і званар слухае час

 

Рукі

 

Рукі, якімі можна схапіць сэрца,

узяць яго і чакаць,

пакуль не папросіцца.

Рукі, якія трымаюць на грудзях,

маюць дзіцячы голас,

хочуць малака альбо ласкі.

Рукі, якімі вас гладзіць маці,

ведаюць, дзе баліць.

Рукі на рычагу ўключаюць станок,

збіраюць мазалі.

Рукі на горле,

рукі на спуску,

рукі,

колькі на свеце рук.

У два разы больш

чым людзей.

Рукі, і ўсё робяць

рукі.

Рукі — людзі без розуму,

рукі — нашы партнёры.

Рукі белыя і чорныя,

рукі чыстыя, рукі запэцканыя,

рукі ў крыві, а перад тым:

усе малымі лашчыліся

на грудзях маці!

 

Рукамі можна сціснуць сэрца

калі сэрца баліць — і яно заціхне,

застануцца толькі рукі.

 

Місіянер у тэлефоннай будцы

 

(Да інсталяцыі мастака Мацея Крэна, створанай з тэлефонных даведнікаў)

 

Місіянер у тэлефоннай будцы

набірае нумары нашых продкаў,

якія спачываюць тут

                                 пад намі,

і ў гэтым ёсць сэнс,

і так усё проста.

Майстар, як анёл, вядзе нас

                                        праз лаўку

па-над лабірынтам лічбаў і гаворыць:

проста заходзь і разважай.

Тут мы ўсе, у капліцы,

са сваімі імёнамі і нумарамі.

Большасць яшчэ ў тэлефонных даведніках.

Праз нейкі час адкладзем

                                         слухаўку

і апынемся ўнізе паміж імі.

А пакуль тое будзе, яшчэ пазвані блізкім,

зайшоў у тэлефонную будку,

звані ўсім і бясплатна.

А калі ніхто не адкажа, затэлефануй сабе.

Вазьмі трубку. Слухай. Маўчы.

Не пераставай стэлефаноўвацца з сабой.

А калі хочаш, можаш пазваніць і Яму.

І гэта магчыма.

 

Малітва — гэты найлепшы мабільны.

 

Эсэмэска, адрасаваная яму

 

Дай нам, Пане, няхай так станецца,

каб мы трохі палепшалі,

не моцна, толькі трошкі,

калі ласка.

Ты ж усё можаш.

Дык вазьмі нашу волю.

Дай нам сваю, Пане.

Толькі за гэта кожны дзень молімся.

Бо і ты хочаш, каб мы былі лепшымі.

Не здолеем гэтага без цябе.

Згадзіся, Пане,

што павінен дапамагчы нам.

Нам, грэшнікам.

Цябе просім, не тваё святарства.

 

Звыклі цябе прасіць,

кленчыць.

Ведаю, што не маеш ахвоты.

Але як стаць лепшымі без цябе, Пане?

Адзін твой святар сказаў мне аднойчы,

што не трэба цябе прасіць, толькі дзякаваць,

ты ведаеш, што павінен рабіць.

Тады зрабі, Пане,

што-небудзь з намі.

Будзь з намі.

Не пакінь, калі ласка,

інакш можаш нас страціць.

Назаўсёды.

Так як мы штодзень цябе страчваем.

 

Таму прашу цябе:

забяры нашу волю,

дай нам часцінку сваёй.

Паслухай нас,

бо мы табой створаны,

Пане.

 

Пераклад са славацкай Міколы ТРУСА.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Кіраўнік Гродзенскай вобласці — аб розніцы паміж усходам і захадам, паразуменні фермераў і буйных агракомплексаў, спосабах прыцягнення турыстаў і прыватнай ініцыятыве ў рэстаўрацыі будынкаў.

Грамадства

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Як у нашай краіне вырашаецца праблема з утварэннем і ўтылізацыяй адходаў.

Грамадства

У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка

У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка

Сенсацыя ў свеце беларускай фаўны — у Мінск прыляцела сава-«чырванакніжніца».

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц?